Выбрать главу

Яму, Завішнюку, было парой і прыкра ад равеснікаў: ён не быў на фронце, яго не ўзялі. Усю вайну вучыўся...

Цяпер яму было смешна: ён нечым хоча зраўняцца з усімі. Смешна — а можа, яно і праўда было так. Бо што тады цягнула яго ў беларускія мсціжаўскія лясы? Росы, грыбы і ваўкі? Ваўкі, што зімою ноччу, кажуць, падыходзяць да Лонвы пад самыя хаты і выюць на ўсё поле?

А можа, гэта проста так здарылася яму ў жыцці: ступіў крок не па той дарозе — і ідзе, назад не вернецца, позна. Трэба ісці памалу: раніцай уставаць, мыцца, садзіцца ў Грасыльды за стол есці, бегчы ў лес...

Калі разабрацца, то і думаць пра гэта цяпер няма калі. Хаця ягонае ўсё наперадзе. А таксатар не сядзіць ніколі на адным месцы. Сёлета Мсціжаўшчына, налета — нешта новае, незнаёмае.

...Недзе далёка ў лесе, за Цянямі, брахаў сабака. На Каралінскай пасецы былі чуваць глухія выбухі — хімгасаўцы рвалі карчы.

"Вясной яшчэ такога чуваць не было. Уручную мужчыны бралі. Палена пад пень — і — раз, два — узялі..." — падумаў Завішнюк і, зняўшы акуляры, доўга выціраў шкельцы насавой хустачкай. У лесе ад духаты вісела густая сінеча — што дым у лазні, калі яшчэ ў печы галавешкі,— ажно пацела шкло.

Стала горача. Ён расшпіліў пінжак, тады зняў, перакінуў яго цераз руку. За мастком, які ляжаў цераз балотную рачулку-крыніцу, што цякла з імшары з Сырніцы, завярнуў на шырокую, пясчаную, парослую травой мятліцай і сіўцом, пагранзастаўскую дарогу. Некалі да вайны яна вяла на заставу Жоўты бераг. Ад Падбялевіча, дзе ён, Завішнюк, пакінуў Юрку з Акцызнікам, пагранзастаўскай дарогай далей у сорак восьмы квартал, чымся, каб прыйшлося, ісці лініяй. Але на лінію і носа не ўткнеш. На ёй зараснік са старым валежнікам-бураломам. У сорак восьмы лепш ісці дарогай...

Да старога даваеннага капца, калі ён астаўся, яшчэ далёка. На плане да яго ад мастка па лініі два кіламетры трыста метраў.

"Такая адлегласць траплялася мне ў Мсціжах..." — падумаў ён, але дзе было,— успомніць не мог. Многа ўжо пройдзена...

На дарозе — пясок, сыпкі, непрытаптаны, але на ім расце трава. Яна здрапежана коньмі і калясьмі: у Лонве летась стаў леспрамгас са сваім абозам. Далей, за мостам, недзе з-пад Сырніцы, вядзе ўбіты след ад машын. Яго выбілі леспрамгасаўскія прычэпы, іх яшчэ ў Лонве завуць "чугрэі". Але ў вёсцы цяпер аўтакалона не стаіць, знялася і перабралася, відаць, недзе далей, пад Мсціжы. I знялася нядаўна, бо сляды ад машын яшчэ свежыя на зямлі; на абдзёртых соснах ля паваротаў яшчэ не закарэла смала — мокрая, блішчыць здалёку, бы кроплі вады пасля дажджу. Ля балота машыны папсавалі дарогу: навыбівалі ям па калені. Шафёры грузяцца, не шкадуючы ні прычэпаў, ні саміх "чугрэяў". А дарогу б’юць дзень і ноч — у дзве змены. Машын, мусіць, мала, а план недзе вялікі. Лес цяпер патрэбен... А шафёры... Ён, Завішнюк, вясной некаторых шмат разоў бачыў — у Грасыльды шукалі самагонкі. Помніць нават: высокі-высокі, роўны з кабінай, "стары знаёмы" Чаркашын; маленькі, нізенькі Вярбіцкі ў жоўтай цюбецеечцы; плячысты, гарбаносы Калясень. Хаця — яны многа зарабляюць. Няма дзе дзець грошай, дык і цягне на самагонку.

За Каралінскай пасекай — Сырніца, нізіна, уся ў вадзе, куп’і і маленькім саснячку, рэдкім і нізкім, як кроп на градах у Грасыльды. Ад мастка да пагорка на Каралінскай пасецы — самым высокім месцы на Мсціжаўшчыне, дзе павінен быць стары капец,— дарога вядзе ля самага балота. Калі тут ідзеш, здаецца, сосны па балоце ідуць разам з табой, падскокваюць, нібыта пераступаюць з купіны на купіну,— на балоце гразь па пояс недзе будзе чалавеку; калі едзеш, далёкія сосны круцяцца на адным месцы, паварочваюцца, а бліжэйшыя — бягуць і бягуць насустрач, пускаючыся пасля наўцёкі...

За Сырніцай — густы дрымотны старадаўні ельнік, заўсёды сыры і мокры з камля да верху; і зямля пад ім заўсёды мокрая, у расе. За Сырніцай — крумкачы, вужы і дзікі. I грыбоў да гібелі...

За Сырніцай — Ямскае: партызанскія лагеры...

Па гэты бок дарогі, пад Каралінскую пасеку,— сасновы бор. Высокія, гонкія дрэвы з цёмнымі вяршалінамі. з жоўтымі стваламі — як загарэлыя. I месца тут высокае, пясчанае; па зямлі расце сівы, сухі мох, верас; трапляецца каменне, вялікае і малое; шмат валуноў. Многія старыя ў Лонве варожаць, што тут нехта некалі знойдзе золата. Гэта самае высокае месца на Мсціжаўшчыне.

"377,7" — адзначана на карце тое Мсціжаўскае пагор’е. Амаль на паўкіламетра пад узроўнем мора растуць за Лонвай сосны!

Стаіць яшчэ раніца. Яна доўжыцца ў лесе. Ля дарогі ў дробным сасняку на высокім верасе, які пачынае брацца на цвет, вісіць пляйстрамі-латочынамі павуцінне. Здалёку здаецца, што гэта сінія азяркі туману, які з начы апаў на зямлю і доўга яшчэ будзе ляжаць па доле. На павуцінні — жоўтыя сасновыя іголкі...