Выбрать главу

Слова "бык" нагадала мне, што я ўбачу маленькiх бычкоў у бабулi з дзядулем, i мне стала радасна. Калi мы прыехалi на нашу станцыю, мы ўзялi таксi, каб дабрацца да бабулi з дзядулем.

Яны ўжо стаялi на ганку i махалi нам рукамi. Iхнi сабака Лукас брахаў i скакаў. Усё наваколле пахла летам.

- Калi ласка, мая даражэнькая! - сказала бабуля.

- Некалькi даражэнькiх, - прамармытала мама.

- Заўтра мы зможам пакатацца на Блэкi, - сказаў дзядуля.

- Пойдзем у клець, i я пакажу вам кацянят Муролы, - гаварыла бабуля.

- А цi засталося колькi-небудзь цукерак у тваiм буфеце? - спытала Лота.

- Пойдзем паглядзiм, - адказала бабуля. - Штосьцi там павiнна быць...

I ў гэты момант мы адчулi, што прыехалi да бабулi з дзядулем.

Лота амаль што лаецца

У садзе бабулi з дзядулем сярод галiнак вялiкага дрэва ёсць невялiчкi домiк. У гэтым домiку ёсць стол, лаўкi. Ён агароджаны маленькiм плотам. Узабрацца туды можна па лесвiцы. Бабуля называе яго зялёны павiльён. Мне падабаецца есцi ў гэтым павiльёне больш за ўсё.

Калi мы прачнулiся ранiцай, першае, што Джонас сказаў, было:

- Бабуля, дазволь нам есцi ў зялёным павiльёне!

- А як ты думаеш, цi спадабаецца Клары насiць усю гэтую ежу ўверх па хiсткай лесвiцы тры разы ў дзень?

Клара - гэта служанка бабулi. Яна вельмi добрая, але ёй не падабаецца есцi на дрэвах.

- Вядома не спадабаецца, - адказала Клара.

- Бабулечка, ну дазволь нам, мы самi зможам занесцi ежу ў павiльён.

- А калi ты не дазволiш, мы вельмi раззлуемся, - сказала Лота.

Бабуля, вядома, не хацела, каб Лота злавалася, i таму яна зрабiла вялiкую колькасць аладак, паскладала iх у кошык разам з цукрам i маленькiм гаршчэчкам з джэмам. Яна таксама паскладвала талеркi i вiдэльцы, тры кубачкi i бутэльку малака.

Потым мы паднялiся ў зялёны павiльён. Джонас забраўся першы, я - за iм, а за мной - Лота.

- Во будзе смешна, калi ты ўпусцiш кошык, Джонас, - сказала Лота.

Але Джонас нiчога не ўпусцiў. Мы распакавалi ўсё i селi за стол. Есцi аладкi з цукрам было вельмi смачна. Iх было так многа, што нават Лота не змагла з'есцi ўсе. I вы ведаеце, што яна з iмi ўсiмi зрабiла? Яна павесiла iх на дрэва.

- Няхай яны будуць лiсцiкамi, - сказала яна.

Аладкi гайдалiся ад ветру i сапраўды выглядалi як лiсточкi.

- Калi мама ўбачыць гэта, дык ты атрымаеш, - сказала я.

Але Лота не звярнула ўвагi на мае словы. Яна сядзела i назiрала за сваiмi аладкамi. Яна нават заспявала песню, якую тата часам напявае. Яна пачынаецца так: "Вецер калыша лiсце, тра-ля..."

Неўзабаве Лота прагаладалася зноў i пачала адкусваць ад падвешаных аладак.

- Я быццам тое ягня, якое з'ядае лiсце, - сказала яна.

Побач праляцела птушка, i Лота сказала ёй:

- Паклюй мае аладкi, я табе дазваляю, але толькi не Джонасу i Марыi.

Але птушка не хацела дзяўбцi гэтыя аладкi. Мы ж тым часам захацелi есцi зноў. Я працягнула руку да Лоты i сказала:

- Падай беднаму жабраку што-небудзь паесцi!

Лота дала мне аладку, якую яна абкусвала. Я паклала на яе цукар i джэм, мне было вельмi смачна. На жаль, у мяне была толькi палова аладкi. Джонас таксама атрымаў ад Лоты аладку, калi слова ў слова паўтарыў тое, што сказала я.

Лоце падабаюцца ўсялякiя глупствы. У рэшце рэшт, калi мы з'елi ўсе аладкi, яна сказала:

- Аладкi-лiсточкi скончылiся. Цяпер трэба пачынаць есцi зялёныя лiсточкi.

Яна нарвала поўную жменю лiсця i хацела, каб мы з'елi, але мы з Джонасам былi ўжо сытыя.

- Яны будуць вельмi смачныя, калi вы пакладзеце на iх цукар i джэм, сказала Лота.

Яна гэтак зрабiла i з'ела зялёны лiсточак з цукрам i джэмам.

- Ты лепш паглядзi, каб на iм не было чарвяка, - сказаў Джонас.

- Хай ён сам за сабой сочыць, - адказала Лота.

Бабуля гаворыць, што гэтае дзiця заўсёды мае на ўсё адказ.

Назаўтра, а гэта была нядзеля, бабуля прыгатавала смажаную рыбу i пiражкi таксама з рыбай, i гэта было якраз тое, што Лоце спадабалася менш за ўсё.

Калi надвор'е добрае, бабуля i дзядуля заўсёды ядуць пад самым вялiкiм дрэвам у садзе. У гэты раз бабуля, дзядуля, мама, Джонас i я сядзелi за сталом i ўжо былi гатовы есцi, але Лота гуляла з коцiкам. Яна не збiралася падыходзiць да нас, хаця мама клiкала яе некалькi разоў. Нарэшце, калi яна падышла да стала i ўбачыла, што было на iм, яна сказала:

- Рыба ў нядзелю. Лiха цябе бяры!

Мама вельмi раззлавалася на яе, таму што яна тысячу разоў папярэджвала Лоту, каб яна не гаварыла "лiха цябе бяры", таму што гэта не вельмi добрыя словы.

Больш таго, мама папярэдзiла Лоту, што калi яна вымавiць яшчэ раз гэтыя словы, то адразу ж вернецца ў горад i не зможа застацца тут з бабуляй.