І кожная жанчына аддасць за яе і розум, і душу, і нават шчасце. Бо і мужчыны імкнуцца не да разумных ды добрых, а да тых, якія ім смачнейшыя.
Цяпер, па дарозе дамоў, Рыгор думаў пра тое, што калі ў дзяўчыны ў галаве завяліся такія думкі, то справа яго ўвогуле дрэнь. «Бо хто я такі? — раптам успомніў ён. — Калгаснік. Вось дык слова — мянушкай стала!»
І Рыгор проста так, каб пачуць якое спачувальнае слова, хацеў ужо расказаць Карнюшку, як яго набілі і абазвалі калгаснікам, але перадумаў і пачаў расказваць іншае — як у арміі ім прыслалі новага ўзводнага, і той узводны, малады, дуркаваты яшчэ лейтэнанцік, вучыў іх страявой: ну што ты як калгаснік ходзіш, казаў ён, ану падцягніся, так тваю і гэтак… Нехта са старэйшых афіцэраў пачуў і павёў з сабой таго лейтэнанціка. Праз якую гадзіну той вярнуўся і калгаснікамі больш нікога не называў.
Але, зірнуўшы на суседа, расказваць далей Рыгор не стаў, бо Карнюшка раптам пачаў даводзіць сваё. І да Рыгора паступова пачаў даходзіць сэнс яго слоў. Карнюшка выхваляўся:
— От лабідуды! Вучоныя дзятлы! Ты толькі паслухай пра мае прыгоды. Сабралі мне шэсцьдзесят рублёў і кажуць: давай, дзядзька, бяры грошы, а ваўка свайго ў лесе выпусціш! А нам слова дай, што не падманіш. Адзін такі мажны, артыстам назваўся, усё мяне ўшчуваў: навошта жывёлу катуеш? Маўляў, траву трэба есці, мяса нельга. А другі, нягеглы, філосаф быццам, ці хто, яму даводзіць, што хутка ўсім спецыяльных мясных чарвякоў выдаваць будуць, кармі, адсякай па кавалку і еш, а тыя зноў вырастуць. А потым усе да мяне — ваўкі карысныя, іх трэба на волі трымаць. А ты што скажаш, Рыгор? Ён жа перш-наперш на той волі каго-небудзь загрызе, бо яму есці трэба. І не што іншае, а мяса. Вось той зімой, да слова, загналі ваўкі на лёд лася і там яго лёгка ўзялі, бо на лёдзе што лось, што карова — адзін чорт. А лось грошы вялікія каштуе.
— І што ты плявузгаеш, дзядзька. Якія чарвякі, якія ласі?
— Каб цябе перуном! — пакрыўдзіўся Карнюшка. — Я ж табе ўсю праўду кажу!
— Ну й што далей? — вяла спытаў Рыгор.
— Ты, хлопец, нічога, пэўна, не зразумеў. Далі яны мне грошы, быццам купілі майго Лупа, і кажуць: ты яго ў лес адвядзі і выпусці. А то нам нязручна, нас пакусаць можа! Слова ім дай… А слова гэтае — цьфу! А я вось вазьму ды ў райзаг яго здам, сто рублёў яшчэ атрымаю ці шапку пашыю са свайго Лупа. Хе-хе…
Абапал дарогі пацягнуліся рэдкія дрэвы, а потым «зілок» нырнуў у лес. Шлях быў няроўны, там-сям трапляліся ямы, запоўненыя бруднай вадой, але разбітая каляіна вяла ўсё далей, і матор цягнуў добра.
17 гадзін
— Дык, кажаш, талакой сабралі грошы, каб адпусціў? — урэшце зразумеў і здзівіўся Рыгор.
— Я і кажу — ёлупы. Ты не думай, я табе яшчэ траяк дамо, аддзячу. Не дарма ж вязеш.
— Што мне твае траякі, — спахмурнеў Рыгор.
— Траяк да траяка — і паважаюць сваяка!
— Паслухай, Сямён, — пачаў, як з роўным па гадах, Рыгор. — Ты вось неяк лесніком хацеў стаць, у горад ездзіў вучыцца. А лес ты любіш?
— А чаго яго любіць? Ён не баба.
— Яно, можа, і так, але ж, мяркую, якое хараство — лес… Зірні навокал. А спыніцца, паслухаць. Ветрык падзьме, і шолах пойдзе, зашумяць дрэвы. І слухаў бы тое ці ўдзень, ці ноччу ля вогнішча.
— Цх-х-х, — выдыхнуў Карнюшка. — Дзівак ты, Рыгорка.
Рыгор працягваў:
— Я ў арміі, ты ж ведаеш, далёка адсель служыў, усякага пабачыў. Там таго, што ў нас, і блізка няма. Таму і цягнула дамоў, кожнае дрэўца ў думках успаміналася, кожны кусцік, рэчка наша гаротная, невялічкая. Вось аб моры спяваюць, кніжкі пішуць. А лес наш горш за тое мора? Не…
— Дзіўны ты чалавек, — зноў ахалодзіў яго Карнюшка. — А нам, татарам, адзін чорт!
— Дрэнь ты, братка, — памаўчаўшы, сказаў Рыгор.
— Малады яшчэ лаяцца на мяне, — засычэў пакрыўджана Карнюшка. — Пажыві з маё, паспытай ліха.
— Табе людзі паверылі, грошы далі, а ты як таракан, усё б зжор.
— Людзі тыя жыцця не ведаюць нашага. Ім у цацкі гуляць. А жыццё — гэта ведаеш што?
— Ну?
— Натуральны адбор. Нехта гіне, каб другі жыў.
Рыгор здзівіўся:
— Ты, дзядзька, разумнік сваёй гадоўлі.
— Анягож, — згадзіўся Карнюшка.
— А ў сталіншчыну ты што рабіў?
Карнюшка папярхнуўся.
— Што вярзеш, хлопец? У які бок?
— Ведаеш жа, на што намякаю, у які бок хілю.
— Цьфу! — плюнуў Карнюшка. — Я ў тыя гады, калі цябе, да слова, і ў праекце не было, падшыванцам бегаў. Ды што ты можаш аб тым часе ведаць?
— Характар у цябе адпаведны. Неблагія стукачы з такіх выходзілі. У кожнай вёсачцы, у кожным калгасе, а ў горадзе ў кожным двары свой стукачок. Пашчыравалі крывасмокі!