Выбрать главу

Раптам праз гудзенне рухавіка, шолах шын, музыку і шумную гамонку ў аўтобус прасачыўся яшчэ адзін гук. Спачатку ледзь чутны, ён спакваля мацнеў, узнімаўся ўсё вышэй і прымусіў усіх прыслухацца.

Уладальнік магнітафона выключыў музыку.

— Што за канцэрт і хто спявае?

Шафёр, малады прышчаваты дзяцюк, якога ўсе звалі Пеця, спыніў аўтобус, але фары не выключыў, і ўсе ўбачылі, як на драўляным мастку бліснулі ім насустрач два агеньчыкі — вочы, а ў вушы выразна ўварвалася працяглае, ніколі раней не чутае жудаснае выццё.

— Сабака сядзіць і вые, — сказаў Пеця.

— Чаму, навошта, што здарылася? — пыталіся ззаду дзяўчаты і выцягвалі шыі.

Потым усе сцішыліся, і запанавала маўчанне, у якім існаваў толькі адзін працяглы жудасны гук.

— Калі на дарозе так завылі — не да дабра!

— І праўда, нядобра!

— А тут вяселле — дрэнная ж прыкмета!

Сват устаў са свайго месца.

— Ціха, — сказаў ён, — чым забабоны разводзіць, пайшлі паглядзім, што там.

Пеця адчыніў дзверы, і мужчыны падаліся наперад. Мастак выйшаў разам з усімі. Вылезлі і дзяўчаты, а за імі і жаніх з нявестай.

— Глядзіце ўсе сюды, — сказаў сват. — Сабака зачапіўся ланцугом. А то ўжо прымхі розныя збіраеце!

— Іш, небарака.

Пеця апынуўся бліжэй за ўсіх да жывёлы і пацягнуўся да ланцуга. Ён быў спрытны, і да таго ж свабодная частка ланцуга была з які метр–паўтара, — толькі таму ён паспеў адскочыць, бо Луп моўчкі кінуўся на яго.

— Цьфу ты, чорт!

— Бач, колькі злосці.

— Ну і стварэнне!

— А чаму ён не брэша?

— Шалёны, пэўна.

Пакрысе перад мастком сабралася ўсё вяселле. Да Лупа падыходзіць ніхто, аднак жа, не адважваўся.

— Калі шалёны, то чаму на ланцугу?

— Сарваўся і бегае.

— Прыстрэліць трэба!

— Чым жа яго прыстрэліш?

Мастак падышоў бліжэй і спыніўся разгублены. Але ж бывае, што і бык лятае. Перад ім, несумненна, быў той самы воўк, якога, ён бачыў, раніцой прадавалі на рынку. Тая ж вялікая, лабатая галава, падгалісты жывот, нават ланцуг з аброжкам тыя ж. Мастак меў добрую зрокавую памяць і не мог памыліцца. Але як апынуўся воўк тут і ў гэты час? Збіралі ж грошы на рынку, каб выкупіць жывёлу, і ён таксама даў, але цяжка зразумець, чаму ўсё скончылася тут, на мастку праз канаву. Хаця можна і здагадацца: выпусцілі на дарозе, а ланцуг не знялі — вось і вынік. Эх, каб спытаць жывёлу. Але ж гэта немагчыма. Мастак нават успомніў, што мянушка ваўка — Луп, і хацеў паклікаць яго, але мусіў спыніцца. Невядома, як стане паводзіць сябе вяселле, калі даведаецца праўду.

— І я кажу, шалёны, — пачулася з гурту.

— А як праехаць? Ён жа замінае.

— Што ён — перашкода?

— Мне нешта ніякавата, — сказала нявеста і дадала няўпэўнена: — Па-мойму, гэта воўк. Я ў дзяцінстве бачыла забітага. Бацька прывёз аднойчы.

Жаніх засмяяўся.

— Ці ж ваўкі на ланцугах бегаюць?

Нявеста пацепнула плячыма і сказала:

— Вусцішна нешта. Пайду ў машыну.

— Чаго мы стаім? — спыталі з гурту.

— Паехалі. Нас чакаюць.

— А ён? Мост жа вузкі.

— А ты адчапі паспрабуй!

— Спазняемся, паехалі!

Мастак асцярожна заўважыў:

— Не трэба з пляча сячы — жывое ўсё-такі.

— Ідзі і вызваляй!

— Пакусае, унь які злосны! І маўчыць увесь час, а такія знянацку і кусаюць.

Пеця зачапіў нагой каменьчык і шпульнуў у жывёлу.

— Праз яго не паеду.

— Сітуацыя.

— Не да дабра гэта.

— Каркаеш абы-што!

— Вып’ем пакуль.

— Дай і мне.

Нехта нахіліўся долу, і зноў каменьчык паляцеў у жывёлу. Луп кінуўся, і ланцуг зноў не пусціў яго.

— Эйш, не спадабалася!

— Сарвецца — дык каго-небудзь добра абдзярэ.

— Чаго на яго глядзець, вунь камення колькі!

— Зброя пралетарыяту!

— Ану дай!

Убаку ад мастка сапраўды ўзвышалася куча камення: дробнага і вялікага — усё, што вясной пазбіралі з палеткаў. Да камення пасунуліся некаторыя з хлопцаў.

— Патраплю ці не?

— Г-э-х-х!

— Замятаўся, як Марка па пеклу!

— Бі!

Мастак стаў на масток.

— Досыць, хлопцы! Не ганьбіце сябе!

— Шалёны ж!

— Канчай яго!

— Не трэба, — сказаў няўпэўнена жаніх. — Як-небудзь аб’едзем.

— Праскачу, — падтрымаў яго ўжо і Пеця.

— Будзьце людзьмі, — сказаў Мастак.

— А мы што, не людзі?

Мастак адразу зразумеў, што зрабіў памылку. Пэўна, ва ўсякім зборышчы малазнаёмых людзей трапляюцца істэрычныя і злосныя. І вяселле не абышлося без такіх. Той, хто выкрыкнуў яму пра людзей, быў даволі высокі, але вузкаплечы хлопец гадоў дваццаці. Сальныя пасмы спаўзалі на яго вузкі лоб, вочы ён адводзіў, а рот быў шырокі, як у ментуза.