Праз тыдзень ён, ужо на падпітку, выхваляўся перад суседзямі дармовымі грашыма і запрашаў усіх паглядзець ваўчаня.
Спачатку былі салодкія хвіліны. Аб тым, што ў яго гадуецца воўк, напісала ў раённай газеце карэспандэнтка — маладая, гаваркая і, на яго думку, вялікага розуму жанчына. У старонцы аховы прыроды з’явіўся артыкул, у якім расказвалася пра калгасніка Карнюшку (ён працаваў у калгасе паляводам) і яго сябра — Лупа. Менавіта яна ўзнагародзіла ваўка мянушкай, якая і прыліпла, хаця Карнюшка прапанаваў сваю. Неяк праз год ён зноў сустрэў на дарозе знаёмы «ўазік», і там сядзела тая самая жанчына-карэспандэнт — праўда, састарэлая і заклапочаная, хаця Карнюшку пазнала, і ён тады не ўтрымаўся, спытаў: чаму менавіта Луп? Жанчына ўсміхнулася і растлумачыла, што гэта ад лацінскага лупус — воўк. І Карнюшка адразу згадзіўся: а як жа, вельмі трапная мянушка.
З несамавітага чалавека ён адразу стаў вядомым. Яго з ваўком сфатаграфавалі ў газету, і Карнюшка ўзняўся на новы прыступак пакрысе затухаючай славы.
Але далей справы пайшлі горш. Луп рос і станавіўся ўсё болей неспакойнай істотай. Карнюшку давялі, што ваўчыцу яшчэ можна прыручыць, а вось самца — наўрад. «Усё роўна ўцячэ, — гаварылі яму, — як ваўка ні кармі, ён у лес глядзіць». «А ланцуг нашто?» — адказваў на тое Карнюшка.
Кармілі Лупа збольшага. «Лепш яшчэ аднаго кабанчыка трымалі б», — не раз даводзіла жонка, але Карнюшка злаваў і гнуў сваё. А Луп рос, і таму тонкі і не вельмі моцны ланцуг замяніўся на даўжэйшы, з тоўстымі звеннямі. Пасля неаднаразовых дарэмных спроб перагрызці яго Луп пакінуў свае намаганні. А на трэцім годзе жыцця ён упершыню падаў голас.
У клубе праходзіў справаздачны сход, а пасля выступалі мясцовыя музыкі і спевакі. Карнюшка збіраўся дадому, калі пачуў раптам дзіўныя гукі. У зале таксама пачулі і пачалі перашэптвацца.
Пакуль іграў самадзейны аркестрык, Луп моўчкі ўслухоўваўся ў ледзь чутную мелодыю, а калі музыкі зрабілі перапынак і нехта расцягнуў гармонік, не вытрымаў. Ён нібы кідаў выклік, распавядаў сваю самоту маўкліваму небу ў россыпе зорак, далёкаму лесу і поўні, якая раптоўна выбегла з-за пуні і вісела ў цёмнай халоднай пустэчы.
— Г-у-у-оў-у-у-у-у!
Раптам узнялося над вёскай, над асмужанымі паплавамі і рэчкай выццё, адгукнулася рэхам у далёкім лесе.
Адразу сціхлі, перасталі гаманіць людзі ў клубе, чамусьці ўсім стала вусцішна. Музыкі, а следам і гледачы пацягнуліся да выхаду. У хатах старыя перажагналіся, а немаўляты прачнуліся і пачалі енчыць і плакаць.
— Што здарылася?
— Карнюшкаў воўк вые.
— А я ваўкоў і не чуў ніколі!
— Малады, таму і не чуў. І не дай бог чуць.
— О-у-у-у-у-у-у-у-у-у!
Луп цягнуў спачатку хрыпла і няўпэўнена, але потым адолеў адну даўгую і чыстую ноту, і голас яго ўзнімаўся ў вышыню і, здаецца, рассякаў халоднае восеньскае паветра.
Карнюшка ўспомніў, як ён прыбег раззлаваны дадому, і не стрываў — хвастануў ваўка палкай, але Луп таргануў пашчэнкамі, і палка з храбусценнем пераламалася. Яму стала ніякавата, нават страшна, і ён задумаўся: а што рабіць з ваўком далей? Забіць і здаць шкуру ў райзаг? Але там, пэўна, таксама чыталі газеты і бачылі здымак. Што яны скажуць? Бадай, і грошай не выплацяць, — меркаваў ён. — Знойдуць прычыну, ім жа абы не заплаціць. Пачнуць круціць: маўляў, воўк, нібы сабака, сядзіць на ланцугу, ручны, дык, пэўна, ужо і не воўк. Ім закон — сваяк, а мне — чужынец. Злупіць шкуру на шапку таксама няёмка, бо суседзі пачнуць кпіць. Пачнецца такая плявузгота…
Ноччу Луп зноў выў, але Карнюшка ўжо не стаў паднімацца з ложка — чорт з імі з усімі. Ён слухаў, як злосна мармытала нешта жонка, глядзеў, як хмары ў акне то засланялі месяц, то ён зноў вісеў у небе, як цені ад дрэва варушыліся па сцяне, і ўсё гэта пад ваўчынае выццё, ад якога беглі па скуры мурашкі і хацелася стаць зусім малым і непрыкметным і закапацца ў якую нару.
З раніцы вёска падзялілася на два лагеры. Людзі сталага ўзросту патрабавалі ад Карнюшкі зрабіць што хоча, але каб больш выцця па начах не было. Другі, меншы, лагер аб’яднаў маладых дзяўчат і хлопцаў на чале з мясцовым настаўнікам Тамковічам. Яны пачалі абараняць Лупа — дзе яшчэ пачуеш такое дзіва? Толькі ў іхняй вёсцы. Настаўнік Тамковіч, які выкладаў у школе біялогію і якога ў вёсцы лічылі злёгку прыдуркаватым, гаварыў, на думку старых, зусім недарэчнае. Быццам мы ўсе страцілі пачуццё супольнасці з Прыродай, а ваўчынае выццё нібы зноў вяртае нас да тых далёкіх часоў, калі чалавек быў сам-насам з вечнасцю. Свае думкі ён абгрунтоўваў тым, што, маўляў, у Канадзе, а там жыў яго сваяк, які зрэдку слаў яму пісьмы, турысты прапануюць добрыя грошы, каб іх звазілі ў тундру, дзе яны ноччу слухаюць ваўкоў, якія блукаюць непадалёку ад іх вогнішчаў, і што за мяжой нават выдаецца часопіс, які так і называецца — «Выццё».