* * *
Розныя людзі, розныя лёсы.
Мыюцца ў небе дажджом хмарачосы.
Розныя думкі, розныя мары.
Неба, як рану, завесілі хмары.
Гойсаюць кроплі па дахах-цымбалах,
Як цягнікі, што па рэйках ды шпалах
Мкнуцца вачыма рассекчы туман –
Выкрыць сваіх пасажыраў падман.
Праз маіх думак шырокі бальшак
Пяціцца борзда спалоханы рак.
Гэта мая баязлівасць бяжыць
Іншым уладам аддана служыць.
* * *
І рыфму падабраць лянота,
І зоры назіраць.
Залезу я ў буду янота
І буду шчасцем гандляваць.
Купляйце, рыжыя лісіцы,
Адборнага кахання луст.
Адпійце свежанькай вадзіцы –
Аддам дарма найлепшы густ.
Тут знойдзеце ўсё на свеце
І вы, шаноўны паніч Лось.
Калі штось маеце на мэце
Альбо набыць не супраць штось.
Я прадаю чужыя лёсы,
Каб сродкаў назбіраць на свой.
І валасы аддам пад косы.
І рассакрэчу смерці крой.
* * *
Вершык не складаецца.
З думкамі змагаецца.
Дожджык лье.
Гэта я прадбачыла.
Толькі не ўбачыла –
Сонца п’е.
Спаталіла смагу.
Усмірыла прагу
Свету грэць.
Будзе ў нас халодна.
І душы галодна
Сэрцу пець.
* * *
Я спявачка.
Я спяваю дуэтам.
З дажджом...
* * *
Вусны, мілыя,
вы мяне пакінулі?
На каменне кінулі
ці загінулі?
Зніклі, родныя!
Нікуды не годныя.
Як душа – яскравыя.
Як француз – гугнявыя.
Недарэчныя,
як жыццё –
нявечныя.
Як радзіма – вартыя.
Як ідэя – ўпартыя.
Не пакіньце,
светлыя!
Як каханне –
ветлыя!
Як вада –
патрэбныя.
Як хлусня –
ганебныя…
Паэцішка
Ты не паэт – паэцішка!
Калі скардзішся, што
не пішаш нічога,
бо ўся людская знямога
апісаная ўжо другімі –
шчырасцямі нагімі.
І свой боль ты палегчыць
не можаш ні-ні,
ні на ноль палегчыць!
Не, бясслоўны паэцішка,
у цябе
танка кішка!
* * *
Зоры ў чорным небе —
вочы ночы.
Зерне на ўрадлівай глебе
сонца хоча.
Дзіўны верш
Мае думкі ўцякаюць, як павукі:
Я іх пужаю страхам-дыхлафосам.
Пры кожным да думак дотыку рукі,
Яны ў руку балюча торкаюцца носам.
Мне іх, відаць, не прыручыць ніколі.
Яны як дзікія ласі...
Ім колькі ты не сып драбнюткай солі,
Ім колькі цукру не насі…
Ваюе з імі шчэ зіхоткая надзея,
Што я змагу.
І як у дзень народзінаў завею,
Перамагу…
Неба
Запаленае.
Узрушанае.
Мною квітнець
прымушанае.
З аблокамі
і без.
Нібыта жыве ў ім
бес.
Ссівелае і жоўтае.
Аблокі ў промнях
коўтае.
Ружовае.
Фіялетавае.
Мажорна-мінорна-куплетавае.
І непрабіўны граніт!
І сіняе наўзрыд!
Русалка
Ты пашырыў мае зрэнкі
да памераў сонца.
І сонца мне, як сястры,
Пазалаціла вейкі-кастры,
Пазалаціла валасы –