каметы.
Можна
каханага першыя
слёзы
Ці Маргарыты
мімозы.
Ці падарожжа на
субмарыне.
Ці хаця б зашмаргу на
галіне…
Мне для зменаў
Хаця б штуршок –
Пакаштаваць першы раз
арцішок…
Фатограф
Да страху смерці
хачу спакою.
Сама свае пачуцці мыю
і сартырую.
Душэўныя станы малюю
І складаю ў
альбомы.
(Ад стомы?)
Ў маёй галаве
Забабоны-сомы
Паядаюць
ідэі-малькі.
(Матылькі?)
І не бачна з вудай рукі…
* * *
Джону Ленану і Андрэ Брэтону
Я напалову разрэзаная вакном.
Як глухі, успрымаю фразы.
Я пабеленая чорным сукном.
Мне што зоркі, што стразы!
Паштовымі знакамі думак
Тэлеграфую сваёй штодзённасці.
Праз вены гульнёвых лунак
Шукаю шлях да сваёй натхнёнасці.
Абкружаная колам бяспекі,
Як кветка ў старым палісадніку.
Вакол – парэчкі-калекі
Ды зграя агрэстаў-здраднікаў.
* * *
Т.Л.
Я спустошаная,
нібы голеная галава вар’ята.
Трава скошаная.
На ёй – маленькія кураняты.
Шпарка гойсаюць,
імпульсуюць.
Гучна квокаюць,
пратэстуюць.
І пытаннямі душу псуюць.
· · · · · · ·
Я нямоглая.
Я калечаная.
Я нібыта адчалавечаная.
Я з узорчыку выбіваюся.
Кіпцюрамі ў глотку ўпіваюся
· · · · · · · ·
Я змагаюся…
* * *
Навошта
ў шчырасць
гуляць?
Калі яна ёсць –
Яе не адняць.
А спаборнічаць
у гэтым
смешна!
Я б нават
сказала –
грэшна!
Хто згуляе
шчыра
ў слова,
Каб кранула
вуха
мова?
Хто складзе
найлепшы
верш?
Хто аддзячыць
шчыра
найперш?
Не, ну што за
недарэчнасць?
Я амаль-амаль
пераканалася:
Хто шчыруе,
Той, на жаль,
не вечнасць.
Вось і шчырасць
ўжо
няшчырая
Засталася…
* * *
Безасабовая асоба,
Персона нон-грата.
Таварышы, даю
гарант,
Што ён транжыр і мот,
і франт!
Ну, сатрап, я выкрыла
Ўсю чорнасць
тваіх думак!
Я ведаю: хаваеш
кампрамат
Пад выглядам
цывільных клунак –
Цудоўны шчасця апарат!
Ты ведаеш, што я
мацнейшая
І што душа мая
сачнейшая
За твой крывавенькі
сухар!
Ты да таго ж яшчэ
глухар!
І нарцысіст.
Педагагіст
недавучаны!
Прагматызмам
засмучаны.
Каханнем маім
скручаны і …
Перавучаны.