Ён шмат і ахвотна піша пра лес. Тут паэту добра думаецца, і сам душэўны стан нейкі незвычайны:
А. Пысін праз вобраз лесу выяўляе сваё ўспрыняцце рэчаіснасці, свой унутраны свет, у якім празрыста адбіваецца аблічча нашага часу. Яго вершам уласцівы смелы ахоп рэчаіснасці, уменне за сціплым фактам бачыць патаемныя глыбіні быцця. «Аб чым гаворыць з берагам вада, — мне невядома; у яе свая любоў, і правата, і немата, і мова…» Б. Пастарнак некалі афарыстычна вызначыў: «Паэзія — у траве», гэта значыць у самым будзённым, «празаічным» жыцці. Можна здзівіцца і нават пазайздросціць тонкасці і нейкай, я б сказаў, першапачатковасці адчування прыроды: «Хітры карась затаіўся ў пастцы, мудрыя травы спяць у стагах». Паэту добра відаць, як вясновае адраджэнне прыроды ўплывае на чалавечыя душы: «прырода вучыць нас, яна ўмее заўсёды быць саўдзельнікам вясны». У яго пейзажных вершах мне чуецца той «водгук неспазнаных настальгій», які ўладна цягне на жывое ўлонне — у поле, на луг, у лясныя нетры. «І штосьці ад дрэва ў мяне, і штосьці ад птушкі журботнай», — прызнаецца ён у адным з вершаў. Гэты паэтычны пантэізм — натуральны, непрыдуманы — заўсёды глыбока ўражвае: «Сасна паклікала, як маці, працягла, глуха: „Аляксей“».
У адным з вершаў паэт гаворыць: «Пасля дажджу шумяць яшчэ нябёсы, яшчэ ў паветры пругкі цень вады». «Пругкі цень вады» — мяне літаральна паланіў гэты вобраз сваёй дакладнасцю і прыгажосцю. Вобразы прыроды напрамую звязаны з самасвядомасцю чалавека, яго духоўным светам, які несупынна пашыраўся ў паэзіі А. Пысіна. У якасці аб’екта ў яго ўсё часцей выступае не асобны факт, бытавая дэталь, здарэнне, а сукупнасць фактаў, важныя праблемы часу. Такі аб’ект патрабуе актывізацыі мастацкай думкі, падключэння ўсіх духоўных магчымасцей чалавека. Пысін разумеў, што для сучаснай паэзіі мала аднаго толькі багацця адчуванняў і абаяння непасрэднасці. Мудры вопыт і аналітычнае мысленне становіцца сёння адной з важнейшых, умоў паэтычнага засваення хуткаплыннага жыцця. Гэта ўласціва яму літаральна ўсюды: і там, дзе ён размаўляе з франтавымі сябрамі, і там, дзе вядзе размову з прыродай, з сучаснікам — у кожным душэўным жэсце… Гэта не магло не адбіцца на развіцці мастацкага мыслення — самой паэтыкі. Такія словы-вобразы, як жыта, корань, крыніца, вада, снег, вузел, споведзь, жыццё можна было сустрэць у яго вершах і раней, але цяпер яны напоўніліся больш значным асацыятыўным зместам. Слова паэта аказалася дастаткова ёмістым і гнуткім, каб адлюстраваць эмацыянальную напружанасць і драматызм перажытага. Яно паглыбляе традыцыйны верш. Старое слова, становячыся ў новую сістэму, само абнаўляецца, набывае свежыя фарбы. Адкрываюцца новыя перспектывы выразнасці. Здаровая суб’ектыўнасць знаходзіць выяўленне ў рэзкіх кантрастах (у тым ліку эмацыянальных), нечаканых супастаўленнях, імклівых пераходах, нават у эксцэнтрыцы. Яна значна актывізавала метафарычнае мысленне. Верш пераадольвае хранікальную фатаграфічнасць, эмпірычнасць, а таксама павярхоўную эмацыянальнасць. Факт становіцца грунтам для роздуму, ён стымулюе думку, што рухаецца па лабірынтах асацыяцый.
Звяртаўся Аляксей Пысін і да іншых жанраў, шукаючы сябе не толькі ў лірыцы, але і ў паэме.
У паэме «Белы камень» (1965) моцна адчуваецца лірычны пачатак: яна пабудавана ў форме расказа салдата, які пасля шпіталя адпачываў па пуцёўцы ваенкамата ў татарскім ауле. Герой паэмы ўсхваляваны выключна прыязнымі адносінамі да сябе з боку, здавалася б, чужых людзей, якія шчодра дораць яму сваё цяпло і чалавечнасць.
Паэма «Кавылёк» (1964) адрасавана дзецям. А. Пысін з усмешкай расказвае пра займальныя франтавыя эпізоды з ваеннага жыцця. Аўтар праявіў майстэрства ў пабудове дасціпнага прыгодніцкага сюжэта.
Духоўны, маральны ідэал паэта заставаўся вельмі высокім. Пра гэта сведчыць яго паэма «Жураўліны бераг» (1964), якая малюе мірныя будні нашых людзей — сучасных калгаснікаў, іх барацьбу за высокае прызначэнне чалавека тварыць дабро, змагацца за новы побыт, за камуністычныя адносіны да працы. Магчыма, не ўсе героі выглядаюць пераканаўча, ёсць тут характары і супярэчлівыя, але паэма «Жураўліны бераг» — уся! — прасякнута верай у чалавека, у яго высокае прызначэнне на зямлі.