І пайшла.
— Баец наша Дуся! — пракаменціраваў усё Іван Клімавіч.
Еўдакія Якаўлеўна таксама была з тых, чыё дзяцінства адабрала вайна і хто мужнеў у цяжкія пасляваенныя гады. Пра гэта расказвалі вершы: суровае дзяцінства, трагедыя вайны, цяжкасці пасляваеннай пары…
А вось у іншым інтанацыйным ключы:
У такіх выпадках неяк няёмка гаварыць пра майстэрства, хаця кожнаму відаць, што гэта «праставалосая вайна» напісана выдатным майстрам: у двух словах перададзена ой як шмат! У лірыкі свае спецыфічныя магчымасці паказу жыцця, якое яна адлюстроўвае найбольш праз думкі і перажыванні паэта. Але тут, дарэчы, як у прозе і драматургіі, вельмі важны яго духоўны вопыт, веданне народнага жыцця, глыбіня погляду ў мінулае і ў будучыню. У Еўдакіі Лось гэта якраз было. Яна адчувала сябе дачкою сваёй зямлі. У лепшых творах паэтэсы выразна бачылася сувязь чалавечага лёсу і лёсу народнага. Гэтае зліццё стала асноўным зместам яе лірычнага перажывання, сацыяльнай асновай творчасці.
З першых крокаў ёй спадарожнічала разнастайнасць тэм, матываў, настрояў, якая адпавядала шматстайнасці жыцця, яго шырокім абсягам. «Клічуць дарогі дальнія, клічуць дарогі блізкія, клічуць асфальтам люстраным, прасёлачнаю смугой» — тут была ўнутраная праўда і настрой. Сёння яна ў заводской кузні, заўтра — на сустрэчы з дзецьмі ў школе-інтэрнаце, паслязаўтра сэрца пакліча яе на братаву магілу ў Фэстаў, што пад Кіевам.
Першая кніга называлася «Сакавік» — у месяцы сакавіку паэтэса нарадзілася, нават у гэтай акалічнасці, у гэтым супадзенні адбілася ўнутраная, душэўная ўстаноўка на непрыдуманае, перажытае, сваё. На гэта яе натхніў і Пётр Усцінавіч Броўка, калі ў канцы саракавых гадоў, ці не ў сорак восьмым нават, наведаў Глыбокае, дзе, сустракаючыся з выбаршчыкамі, спаткаў маладую паэтэсу — студэнтку Глыбоцкага педвучылішча Дусю Лось, паслухаў яе вершы, паверыў у яе творчыя сілы і падтрымаў. І Еўдакія Якаўлеўна засталася на ўсё жыццё ўдзячнай яму за гэта, вучылася ў яго зацікаўленаму і добраму погляду на жыццё…
Шчырасць, асабовасць, аўтабіяграфічнасць — тэматычныя і стылёвыя рысы многіх, найбольш удалых вершаў паэтэсы — складалі жыццёвую сілу і моц яе таленту. Нездарма ж ёй асабліва, на маю думку, удаваліся вершы, прысвечаныя сыну, родным — «сынок, сынок, бялюткі бацянок!..» Адна з першых удач Е. Лось — верш «Маці» (зборнік «Сакавік»): «Дзякуй, маці, што мне падарыла ты любоў да зямлі маёй роднай, дзе ўсміхаецца сонца так міла, дзе бягуць хвалі рэк мнагаводных…» Нямала прачулых радкоў прысвечана сёстрам, бацьку, сыну…
Ёй помніцца бацькава пяшчота: «Дуня, ягадка мая!..»
Цудоўныя радкі, поўныя любві і ласкі, прысвяціла яна сёстрам — Мані і Марусі:
Уся інтанацыя, стылістыка, пачуццё такту, сардэчнасці — у духу непаўторнай творчай індывідуальнасці Еўдакіі Лось…
Непаўторнасць… З гэтым паняццем, з гэтай якасцю, з гэтай праблемай мы абавязкова сустракаемся, калі гаворка заходзіць пра сапраўдную паэзію, пра сапраўдны талент. Непаўторнасць — хаця ўсе пішуць быццам бы пра адно і тое ж: адзіная тэма, адзіны прадмет паэзіі (лірычнай у асаблівасці) — чалавек, ягонае ўнутранае жыццё ў яго агульным значэнні для ўсіх. Аднак агульнае, такім чынам, праламляецца праз індывідуальнае. На гэтым і грунтаваўся поспех «Сакавіка» і наступных кніг: паэтэса даверылася свайму ўнутранаму жыццю, пісала аб асабіста пералітым, адчутым. За радком стаяла праўда. Разам з тым яе паэзія не стала вузкім самавыражэннем аўтара. Душэўны свет паэтэсы быў раскрыты для чалавечых радасцей і трывог, для ўсяго, што адбывалася навокал.