У творах сапраўднага мастака не можа не адлюстравацца яго час, лёс пакалення, гісторыя, усё, чым жыве народ. У гэтым дыялектыка творчасці. І тое, што паэтэса адразу вырашыла — як яна сама дакляравала — быць сама сабой і што гэта ёй шмат у чым удалося, — добра. Грамадзянская шчырасць без натугі і прымусу паядноўвалася з асабістым, прыватным, чужое са сваім, агульнае з інтымным. Гэта стала добрым грунтам развіцця, разгортвання таленту.
Яна з самага пачатку праявіла значную грамадскую, творчую, эстэтычную актыўнасць. Гэта былі гады казахстанскай цаліны, шматлікіх новабудоўляў, асваення космасу, творчасці, росту народнай ініцыятывы, дынамічнага духоўнага жыцця. Е. Лось стала адной з выказніц свайго пакалення.
У далейшым паэтэса яшчэ не раз будзе звяртацца — у вершах, паэмах — да тэмы лёсу свайго пакалення, аналізаваць яго ўклад у грамадскае жыццё, яго шматгранную стваральную дзейнасць. Літаратура 60-х гадоў жыла вялікім творчым неспакоем. Е. Лось трымала руку на пульсе жыцця. Яна ўсюды хацела пабываць, усюды паспець, да ўсяго дакрануцца.
Вось так — мужна, адкрыта і шчыра звярталася яна да жыцця. Адкрыццё хараства чалавека і навакольнай рэчаіснасці ў адзінстве маральнага і эстэтычнага, праўды і прыгажосці стала яе галоўнай творчай патрэбай. Яна ўмела за асобным фактам, падзеяй, справай разгледзець веліч рэчаіснасці, стваральны характар народнага быцця.
Здаралася, не ўтоім, часам і так, што паэтэса абмяжоўвалася адлюстраваннем знешніх прыкмет жыцця сваіх герояў (асабліва ў некаторых так званых партрэтных вершах), не заўсёды выходзіла на значную думку, абагульненні. Вярнуўшыся з дарогі, паэтэса гаворыць:
Пасля гэтага думаеш: ці варта было ехаць? Так, думка выдавалася часам драбнаватай — і не толькі ў яе адной. Але побач з гэтым нельга было не заўважыць другога: крытыка ў артыкулах пра Е. Лось адзначала, што «яе лепшыя творы… народжаны сапраўдным натхненнем і кранаюць сэрца арганічным спалучэннем маляўнічасці, шчырасці і музычнасці» (С. Гаўрусёў). Сапраўды, яе паэзія ўсё больш насычалася сацыяльнымі, маральна-этычнымі праблемамі, грамадзянскай страсцю, што бачна і ў «Палачанцы» (1962), і ў такіх кнігах, як «Людзі добрыя» (1963), «Хараство» (1965), «Перавал» (1971), «Галінка з яблыкам» (1979) і іншых, у тым ліку самай апошняй — «Лірыка ліпеня», адзначанай тым лірычным пачуццём, якое праўду жыцця ўзнімае да ўзроўню сэрца.
Паэтэса ўмела пісаць буйнымі мазкамі, эмацыянальна:
Купалаўскае, да болю шчымлівае пачуццё радзімы напаўняла гэту паэзію, у якой, мне здаецца, адлюстраваўся працэс паглыблення адчування сваёй роднасці, каранёў, зямлі.
Тэма Радзімы — скразная ў яе творчасці. Трывалая повязь злучала яе з роднай зямлёй, продкамі, народным бытам і культурай. Яе паэзія прасякнута пачуццём гістарызму — стыхійнага і глыбока ўсвядомленага. Часта ў вершах згадвала яна сівую даўніну і працавітых продкаў. І не дзеля таго, каб «уміліцца» іх самабытным укладам жыцця. У сваіх продках — крывічах («Продкі») яна цэніць і захапляецца іх майстэрствам, уменнем рабіць «Зрубы залатыя, нарогі, гонкія чаўны і сцены белыя Сафіі над плынню быстрае Дзвіны». Дыханне гісторыі чутно ў яе маштабных лірычных абагульненнях: