Яська не аддае малых на выхаванне ў дзетдом. Ён добра разумее, што пры дзецях ніхто яго не можа замяніць, што бацька ў дзяцей адзін. У гэтым героі адлюстраваліся ўяўленні пісьменніцы пра чалавечнасць, пра хараство чалавека.
Яе душэўнасць, дабрата выразна праявіліся і ў творах для дзяцей…
Так, мастацтва Е. Лось сагрэта актыўнай любоўю да чалавека. Мне добра помніцца яе верш «Косы» — пра жанчын, дзяўчат, што не дачакаліся з вайны сваіх мужоў і каханых:
Подзвіг народа, гераічнае мінулае, Айчынная вайна не пераставалі хваляваць паэтэсу. «На ваенную тэму пачала пісаць куды раней, чым на ўсе іншыя», — гаворыць яна ў артыкуле «На магіле брата». Старэйшы брат Еўдакіі Якаўлеўны, Сяргей, загінуў на фронце пад Кіевам, у Фаставе. «Імкнуся сказаць, — прызнаецца яна, — не толькі пра свайго брата, а і пра ўсіх братоў і бацькоў, што ваявалі на фронце і ў партызанах, цаной сваіх жыццяў здабылі перамогу, абаранілі ўладу Саветаў. Так была напісана брэсцкая рэч — „Гавораць бессмяротныя“, і фастаўскі вянок, і паэма пра Хатынь, і партызанскія рэчы, і маналог пра Сотую дывізію…»
Да вайны ва Ушацкім раёне было 54 тысячы жыхароў, пасля вайны засталося 20 тысяч, — паведамляе яна ў эпіграфе да аднаго з вершаў. Услаўленню народнага подзвігу аддадзена шмат сіл. Хто не памятае яе вершаў «Абеліскі», «На магіле бацькі Міная», «Вёскі, якія не ўсталі», «Беларускія хлопчыкі», «Пісьмо ў Фастаў» або «Дзяўчаты мінулай вайны»… Праўда жыцця, праўда перажытага, што шырокай плынню ўвайшла ў творчасць Е. Лось, рэзка павялічыла магчымасці яе паэтыкі і інтанацыі, якая таксама хвалюе і актыўна працуе на змест. Узросшая на народнай глебе, мастацкая індывідуальнасць паэтэсы паўстае вельмі выразна. Багаты жыццёвы вопыт, пафас чалавечнасці, вастрыня пачуццяў, высокі і непаўторна асабісты ўзровень майстэрства — усё гэта неад’емныя ўласцівасці яе паэтычнай постаці.
Зацікаўленасць жыццём, глыбіня душэўнага позірку — вось што апладняла яе песню, рабіла яе нацыянальна непаўторнай і цікавай далёка за межамі рэспублікі. Голас беларускі чуецца мне ў пяшчотным вершы «Беларускія хлопчыкі»:
Ужо ў самых першых сваіх кнігах Е. Лось спрабуе сілы ў больш маштабным жанры — паэме. «Гавораць бессмяротныя» — гэтая паэма, напісаная ў 1961-62 гадах, прысвечана абаронцам Брэсцкай крэпасці. Аўтар у дыялогах з абаронцамі хоча раскрыць іх мужнасць, ідэйны і маральны змест подзвігу, яго значэнне для нашчадкаў. «Вянок», «Мая Хатынь», «Слова гіра вечныя зоркі», «Мінчанка», «Высакосны год», «Мой свет», «Матчына трывога» — такія яе здабыткі ў галіне паэтычнага эпасу. Паэма — адзін з самых тонкіх і складаных жанраў, які патрабуе не толькі майстэрства. Яе паэмы наскрозь лірычныя, спавядальныя. Сюжэтна-апісальны элемент у іх амаль адсутнічае. Гэта шчырая размова з сучаснікам пра набалелае, мінулае і будучае, пра тыя духоўныя карані, што лучаць чалавека з народам.