Так, у паэме «Мінчанка» паэтэса ставіць праблему «каранёў», вытокаў, якія не павінны губляцца альбо забывацца ў наш час. Яе паэзіі ўласціва вострае адчуванне сучаснасці, клопат аб захаванні і памнажэнні нашых душэўных набыткаў, каб перадаць іх наступным пакаленням.
Гледзячы на цяперашняе жытнёвае поле, яна раптам засумавала, што «ўжо не жнуць сярпамі жыта»:
У яе творчасці была глыбокая повязь са светам народнага жыцця.
Прыкметна расло псіхалагічнае майстэрства, майстэрства змястоўнага падтэксту. Адна за другой з’яўляліся кнігі, талент уваходзіў у пару творчай сталасці, прыйшла слава і не абы-якая. Добра помніцца выступленне паэтэсы перад працоўнымі ў Смаргоні, дзе яна чытала вершы, расказвала аб сабе, аб убачаным і перажытым, адказвала на шматлікія пытанні. Гэта была сустрэча сэрцаў. Не забуду, як яна чытала.
Верш узрушваў, браў за жывое, многія жанчыны выціралі хусткамі вочы, зала хвалявалася, грымела воплескамі. Гэта было яднанне паэта са сваім народам.
Думка пра народнасць творчасці Еўдакіі Лось усё больш западала ў маю свядомасць. Пры гэтым яна ніколі не зніжалася да ўзроўню непатрабавальнага чытача, ніколі не прыкрывалася фальклорам і не злоўжывала ім. У Еўдакіі Якаўлены ўсё было сваім, індывідуальным, перажытым, выпакутаваным. І ў той жа час не толькі не гублялася — павялічвалася кроўная сувязь з вялікімі абсягамі народнага жыцця, з агульнымі трывогамі і клопатам. Ліпень — месяц лета, яго зеніт. «Лірыка ліпеня» — так назвала яна сваю кнігу вершаў і паэм, якая ўбачыла свет на пачатку 1977 года.
Гэты мастацкі вобраз — «лірыка ліпеня» — выдатна характарызуе душэўны стан паэтэсы, сутнасць яе светаўспрыняцця, мастацкага бачання, у якім паядналіся лірычная пранікнёнасць і мудрасць пражытых гадоў. Яна таленавіта ўславіла вялікі, паўнакроўны і шматстайны свет быцця савецкага чалавека — свайго сучасніка.
Апошняя кніга Еўдакіі Якаўлеўны «Лірыка ліпеня» разнастайная па зместу, думках і пошуках, але і тут паэтэса засталася вернай памяці сэрца, успамінам пра пару ваеннага ліхалецця, якую немагчыма выкрасліць з памяці — «Гараць гарады, стогне зямля, захлынаюцца рэчкі крывёй… Я развяжуся з вайной, пасля, калі стану сама зямлёй…»
У першай палавіне чэрвеня 1977 года ў Доме літаратара адбыўся яе вечар, якому наканавана было стаць таксама апошнім яе такім вось творчым вечарам — сустрэчай з прыхільнікамі свайго багатага таленту. Мне даручана было выступіць з кароткім словам пра яе жыццёвы і творчы шлях. Я расказаў усё, што ведаў пра паэзію Еўдакіі Якаўлеўны, пра тое, як трэба, на мой погляд, разумець яе вершы, пра іх своеасаблівасць. Яна, здаецца, засталася задаволенай маім выступленнем. Пасля творчай часткі паэтэса запрасіла сваіх сяброў на таварыскую вячэру, дзе давялося выступіць і ў другі раз — з тостам. Я прапанаваў падняць бакалы за яе здароўе, сказаўшы, што ў асобе Еўдакіі Якаўлеўны наша літаратура мае непаўторнага народнага паэта. Мяне падтрымалі астатнія.
— Уладзімір Васільевіч, чаму гэтага вы там не сказалі — у сваім выступленні на вечары? — раптам пачулася — ні то жартам, ні то ўсур’ёз — з другога канца — ад Еўдакіі Якаўлеўны.
Я і сам тады пра гэта пашкадаваў і цяпер шкадую, калі ўжо сказаць так, каб пачула сама паэтэса, няма магчымасці. Паэты — гэта заўважана Карлам Марксам — маюць асаблівую патрэбу ў чалавечай пяшчоце, увазе.