Яна жыла, як кажуць, страсцямі, захаплялася — кнігамі, людзьмі, працай, жыццём, паездкамі, жыла з поўнай аддачай, шчыра. Такой яна і засталася і ў сваіх творах, і ў маёй памяці.
Ды ці толькі ў маёй?
Літаратар з Палесся Уладзімір Верамейчык, успамінаючы «паэтку» (яго выраз), прызнаецца: «Еўдакія Лось усё жыццё была для мяне каталізатарам, нейкім эталонам, па якім я правяраў сваю літаратурную работу, паскараў яе, зрушваў з мёртвай кропкі. Відаць, не ў кожнага, хто піша, быў такі строгі і бязлітасны суддзя. Цяпер, з далечы пражытых гадоў, я разумею, што такая строгасць і патрабавальнасць лепш, чым бяздумнае, бязладнае захвальванне».
Мы мала любім сваіх паэтаў пры жыцці, мала ганарымся імі. А яны больш, чым хто, маюць патрэбу ў чалавечай пяшчоце і ласцы.
Паэзіі Е. Лось суджана доўгае жыццё, бо яна былга пераканана: праўда і чалавечнасць вышэй за ўсё.
Грамадзянскасць — якасць паэтычная
(Ніл Гілевіч)
Прачытаўшы Гілевічавы радкі:
я падумаў, што вось тут, у іх, заключаны ўвесь пафас яго дзейнасці, крэда, ідэя патрыятызму. Пакуль родная зямля будзе нараджаць паэтаў — яна будзе мець сваё імя, сваё адметнае аблічча. Сам Ніл Сымонавіч, трэба сказаць, многае робіць дзеля гэтага. «Патрыятычнае выхаванне — наша важнейшая задача», — падкрэсліў ён у сваёй прамове на V з’ездзе пісьменнікаў Беларусі ў 1976 годзе.
Не так даўно ён справіў свой «залаты юбілей» — пяцідзесяцігоддзе, з нагоды якога Рыгор Барадулін пісаў, што «наш Ніл Гілевіч сваё пяцідзесяцігоддзе сустракае незвычайна — не ўкладваецца яго паўвекавая дата ў традыцыйныя рамкі і прывычныя паняцці. Здаецца, наадварот — па крайняй меры на два дзесяткі год спазнілася першая круглая дата: надта вялікі аб’ём работы, работы, зробленай грунтоўна, па-майстэрску. Гэта, відаць, таму, што не было ў паэта таптання на месцы, прымервання, прыкідай…» (Книжное обозрение, 1981, 25 верасня). Зроблена сапраўды шмат — тут з Р. Барадуліным нельга не згадзіцца. Але ж, думаецца, было і прымерванне, былі і прыкідкі. А як жа без іх? Іншая справа, што ў юбілейным артыкуле гаварыць пра іх не заўсёды выпадае.
Першыя, юнацкія радкі з’явіліся на свет з-пад яго пяра. недзе адразу пасля вайны. У многім яны былі пераймальныя: успаміналіся знаёмыя з дзяцінства Пушкін, Колас, Купала…
Гэта былі простыя, але шчырыя вершы пра родны край і мову, пра радасці мірнага жыцця і працы, пра хлапцоў — равеснікаў, першае каханне…
Апісальнасць нярэдка падмацоўвалася пранікнёным лірызмам:
Уважліва ўглядаецца юнак у аблічча роднай зямлі, у твары землякоў. Гэтаму, здаецца, садзейнічала таксама і работа, якую ён выконваў. Яна была ў яго таксама паэтычная — калгасны паштальён! Калі на веласіпедзе, калі пешшу — разносіў ён людзям пісьмы, газеты, кнігі… Уражанні і жыццёвыя назіранні дабратворна адбіваліся на складанні вершаў, але да першай кнігі заставалася яшчэ далёка. З’явілася яна — зборнік «Песня ў дарогу» — у 1957 годзе. К гэтаму часу аўтар паспеў скончыць Мінскае педвучылішча імя Н. К. Крупскай, папрацаваў год настаўнікам, паступіў на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта імя У. І. Леніна, а затым пасля яго заканчэння, — у аспірантуру пры гэтым жа універсітэце.
У першай кнізе, якую ў асноўным станоўча сустрэлі і чытачы, і крытыка, адчувалася імкненне аўтара асэнсаваць свой эмацыянальны вопыт, набыты ў цялекія для ўсёй краіны ваенныя і пасляваенныя гады. У ёй у пэўнай меры выявілася асоба аўтара. Гілевіч ішоў у літаратуру з усім тым, што было яму блізкім і дарагім, шчыра вітаючы новае ў жыцці пасляваеннай беларускай вёскі. Вершы расказвалі, чым жылі людзі у той час, як успрымалі жыццё. Прывабліваў аптымізм паэта, непасрэднасць пачуццяў, вера ў жыццё, у будучыню. Гэта знайшло яскравае адлюстраванне ў вершы «Песню бярыце з сабою», які з’яўляецца, на маю думку, лепшым у яго першай кнізе. Ён адзначаны пячаццю ўлюбёнасці, юнацкага бязвоблачнага настрою, яго герой гатовы аддаць усе творчыя сілы на карысць радзімы.