Пазней некаторыя з крытыкаў, гаворачы пра гэты верш, упікалі аўтара ў «легкадумнай павярхоўнасці», «ружовым падбадзёрванні». Але наўрад ці ў іх былі падставы для такіх папрокаў: лірыка немагчыма без шчырасці, без адкрытасці душы і праўдзівасці. Шырокі эмацыянальны жэст паэта — «Песню бярыце з сабою!» — выклікаў суперажыванне, сугалоссе пачуццяў і настрояў, ён падабаўся равеснікам.
Гэты перыяд — 50-я гады — адзначаны ростам грамадзянскай самасвядомасці савецкага народа, узмацненнем працоўнай актыўнасці, больш поўным увасабленнем прынцыпаў сацыялістычнага гуманізму. Вершы паэта ўвабралі ў сябе ідэалагічную і псіхалагічную атмасферу таго часу. «Мы свой вымяраем узрост не гадамі, а электрастанцыямі, гарадамі…» Асабліва свежа прагучалі тыя вершы, у якіх аўтар гаварыў ад імя свайго пакалення, сам становячыся лірычным героем сваёй паэзіі. Дарэчы, такую акалічнасць крытыка сустрэла ў штыкі. Б. Бур’ян у часопісе «Полымя» пісаў: «Перш за ўсё, нам здаецца, Нілу Гілевічу трэба адыходзіць ад павярхоўнага разумення ўбачанага. Якой бы змястоўнай біяграфія асобнага чалавека ні была, толькі яна не можа быць бясконцай крыніцай для мастака. Мы ўпэўнены, чым хутчэй Н. Гілевіч адмовіцца ад разумення лірычнага героя як свайго двайніка, тым хутчэй ён здолее замацаваць у сваёй творчасці ўсе тыя станоўчыя, самабытныя рысы, аб якіх гаварылася вышэй» (Полымя, 1957, № 5, с. 195). Магчыма, Бур’ян у нечым і меў рацыю. Тады, найперш, калі гаварыў пра неабходнасць узбагачэння жыццёвай біяграфіі літаратара. Аднак ці можна аспрэчваць права апошняга дайсці да самой сутнасці — аналізаваць, узважваць, прымаць рашэнні, адмаўляць і г. д. Паэт, асабліва паэт-лірык, відаць, не можа зразумець навакольны свет, не зразумеўшы самога сябе. А не зразумеўшы сябе, ён будзе ў канфлікце з грамадствам. Але цікавасць да «я» мастака залежыць ад таго, у якой ступені індывідуальны вопыт яго «я» адлюстроўвае жыццё іншых людзей.
Гаворка, такім чынам, ішла пра больш поўнае раскрыццё — у самабытных мастацкіх вобразах — асобы не толькі героя, а і самога паэта, пра ўласцівы для яго творчы пачатак, актыўнае стаўленне да рэчаіснасці, намер па-свойму «мадэліраваць» свет.
Над гэтым даводзілася задумвацца; паэт спрабуе свае сілы ў галіне дзіцячай літаратуры — піша вершы, паэмы, казкі, загадкі, адрасаваныя маленькаму чытачу. Творчасць для дзяцей узбагачала яго.
У 1959 годзе выйшла другая кніга «Прадвесне ідзе па зямлі», а ў 1961 — трэцяя «Неспакой». Яны паглыбілі канцэпцыю жыцця ў творчасці паэта, узмацнілі грамадзянскасць. «Часцей, часцей прыпамінай імёны паўшых смерцю храбрых…» У іх паэт з хваляваннем малюе лірычны вобраз роднага краю — Беларусі: «Без гэтых бароў задуменных, без гэтых азёр, без гэтых палеткаў я шчасця на свеце не знаю». Родным пейзажам, краявідам, прыродзе беларускія паэты прысвяцілі шмат вельмі прачулых радкоў. У гэтым радзе — вершы Н. Гілевіча:
Любоў да роднай зямлі вельмі плённа адбілася на творчасці паэта, абвастрыла яго сацыяльны і маральны зрок, здольнасць у асобным факце разгледзець з’яву («Замок», «Роднае слова», «Сцежкі да родных магіл» і інш.). Развіваецца публіцыстычны струмень: ён умеў быць, так сказаць, нязмушана ўзрушаным, калі заклікаў рыхтаваць сэрцы да палёту, прызнаваўся ў любві да роднага краю, прасіў помніць імёны герояў. Яго творчасць прасякнута пафасам услаўлення чалавека і яго высакародных спраў.
Разам з тым паэт пакідаў месца і для твораў інтымнага характару. Каму не помняцца з тых год вось гэтыя — вельмі непасрэдныя і чыстыя — радкі пра дзяўчыну, што страчаецца са сваёй шаснаццатай вясной:
Вядомы крытык Леанід Навічэнка вельмі трапна сказаў: «У наш час, час фармавання ўсебакова развітай асобы будаўніка камунізма, дзіўным анахранізмам было б лічыць малаважным у паэзіі, скажам, інтымна-псіхалагічныя або пейзажныя матывы, калі яны сцвярджаюць высакародства чалавечых адносін, сапраўдную культуру пачуццяў, высакаразвітую здольнасць успрымаць і тварыць прыгожае» (Литературное обозрение, 1973, № 1, с. 35).