Пра гэтую здольнасць Н. Гілевіча якраз і сведчыла яго паэзія.
Недзе ў 60-я гады, а можа і раней, у яго нечакана выявіўся талент сатырыка і гумарыста. З таго часу выйшла ўжо некалькі кніг яго сатырычных твораў. Аўтар пераконаны, што «смех ёсць пажыццёвы спадарожнік усякага здаровага духам чалавека». Гумар — адна з адзнак народнасці яго паэзіі. Сатыра, гумар пранікаюць і ў лірыку, узнімаючы яе грамадзянскі ўзровень («Мяне вучылі асцярожнасці», «Ананімшчыкі і безыменныя пісьмы» і інш.).
Што яшчэ хацелася б адзначыць у паэзіі Н. Гілевіча — дык гэта яго пастаянную цікавасць да вуснай народнай творчасці. У яго ёсць нямала ўзораў удалага яе выкарыстання. І ў іншых паэтаў сувязь з фальклорам яму заўсёды імпанавала.
«Адна з добрых асаблівасцей паэзіі С. Дзяргай, — пісаў ён у свой час, — блізкасць яе да нацыянальнага фальклору. Паэт умела карыстаецца гэтай невычэрпнай крыніцай паэтычных скарбаў, ён нястомна вучыцца майстэрству ў народа. Матывы, вобразы, прыёмы вуснай народнай творчасці можна ўбачыць у многіх вершах паэта. Нават такі ўстарэлы, адмёршы від вуснай народнай паэзіі, як загавор, паэт ажыўляе і прымушае загучаць па-новаму». Тут Н. Гілевіч прыводзіць у якасці прыкладу вядомы верш С. Дзяргай «Паўзіце, словы, ад мяне…» (Полымя, 1959, № 4, с. 174).
Але ж нешта падобнае можна назіраць і ў самога Н. Гілевіча.
Фальклорная паэтыка ў дадзеным выпадку дапамагае выявіць унутраны свет лірычнага героя, рух яго настрою, нараджэнне новага душэўнага стану. Аднак бывалі выпадкі, калі паэт залішне «прычэсваў» свае вобразы пад фальклор, што вяло да гладкапісу, павярхоўна зразуметай народнасці. У некаторых выпадках мела рацыю і крытыка, выказваючы ў дачыненні да яго пажаданне большай канкрэтнасці перажывання.
У гэтым сэнсе этапным для Н. Гілевіча стаў, на нашу думку, зборнік «Бальшак» (1965), які пачынаўся знамянальнымі радкамі:
і гэта былі не проста словы: за імі стаялі новыя веды, новы вопыт. Паэту давялося шмат паездзіць па рэспубліцы і па краіне, пабываць за мяжой. Убачанае, пачутае будзіла думку.
Усё гэта, безумоўна, дабратворна адбілася на пашырэнні кругагляду паэта, на яго агульным творчым пасталенні. Яго талент і грамадзянская смеласць праявіліся ў тым, што ён рашуча шукаў і ставіў пытанні нялёгкія, вострыя, якія патрабавалі сур’ёзнага падыходу і асэнсавання.
У 1970 годзе, паводле перапісу, гарадское насельніцтва ў рэспубліцы складала З мільёны 907 тысяч чалавек (43 працэнты). У 1979-м яно павялічылася да 5 мільёнаў 263 тысячы чалавек (55 працэнтаў). Колькасць сельскага насельніцтва зменшылася за гэты час на 797 тысяч чалавек (Звязда, 1980, 10 студзеня).
Паэзія Н. Гілевіча па-свойму рэагуе на гэта. У кнізе «Бальшак» сустракаем цікавы верш «Пра дзядоў і зямлю», які нібыта вяртаў нас да забытых каштоўнасцей народнага жыцця. Прывядзём яго поўнасцю.
У вершы «Пра дзядоў і зямлю» аўтар задумваецца над лёсам вёскі, над тымі дэмаграфічнымі працэсамі, якія адбываюцца. Ён упэўнены, што трэба захаваць усё тое добрае, маральна-перспектыўнае, што выпрацаваў народ на працягу вякоў і што спатрэбіцца нам у будучыні.
Лёс вёскі — блізкі беларускай літаратуры. Большасць пісьменнікаў выйшла адтуль. Можа, таму і Н. Гілевіч з такім шкадаваннем успрымае аддаленне чалавека ад зямлі, у яго вершы гучыць родзум пра сэнс жыцця і месца ў ім чалавека. Ён любіць вёску не толькі ў памяці, але і сённяшнюю, якая яна ёсць, з яе душэўнымі, высакароднымі людзьмі.
У яго творчасці паступова пашыраюцца ўяўленні аб часе, аб яго супярэчнасцях, аб людзях і іх узаемаадносінах з часам. Шмат чаго расказала нам пра паэта, яго жыццёвы вопыт змешчаная ў «Бальшаку» паэма «Сто вузлоў памяці», у якой адлюстраваліся даваенныя і пасляваенныя падзеі на Лагойшчыне, у адной з вёсак. Гэты «кавалак гісторыі» паказаны аўтарам псіхалагічна праўдзіва. Вось, скажам, урывак з раздзела «Перамога», у якім перададзены перажыванні тых, каму пашчасціла адолець цяжкую дарогу праз вайну.