Аўтар звярнуўся да таго, што ведаў па ўласнаму жыццю. Ён узнаўляе героіку партызанскай барацьбы. Пакаленне паэта добра памятае таксама і пасляваенныя гады: людзям даводзілася есці гнілую бульбу, але песні былі бадзёрыя — «пра росквіт палёў». Але паэма «Сто вузлоў памяці» пры ўсім сваім непрыдуманым драматызме, трагічнасці некаторых старонак у цэлым мела жыццесцвярджальны характар, яна ўслаўляла гераізм простага чалавека, паказвала неадольнасць маральнай сілы народа.
У «Бальшаку» зліліся ў адно і канкрэтнасць і абагульненасць і лірычнага вобраза, якая добра выявіла сябе ў аднайменным вершы, які даў назву ўсёй кнізе:
У творчасці Н. Гілевіча знаходзім роздум над шляхамі гісторыі беларускага народа, якія вядуць яго ў будучыню. Падзейнасць саступае месца думцы, скіраванай на самааналіз, на работу розуму, акрыленую эмоцыямі, страсцямі, імкненнямі сэрца. Цікавыя ў гэтым сэнсе аказаліся вершы «*** Я хацеў бы слова даць любові…», «Спадчына», «*** Зямля бацькоў…», адзначаныя паглыбленнем пачуцця гістарызму. Гэтае пачуццё ўзнікла не адразу, але ўзнікшы — ад кнігі да кнігі — пастаянна ўмацоўваецца. Паэт імкнецца асэнсаваць свае сувязі з гістарычным часам, напісаць партрэты выдатных дзеячаў мінулага — Якуба Коласа, Хрыста Боцева, Міхася Чарота, Паўла Постышава… Адсюль — павелічэнне філасофскай ёмістасці лірыкі.
У 1967 годзе з’явілася кніга «Перазовы». Гэта былі вершы, прасякнутыя народным светаўспрыманнем і вопытам, разуменнем дабра і зла.
Па-мойму, гэта, сапраўдная паэзія. У яе вялікія магчымасці, якія не можа замяніць іншы жанр ці род літаратуры. Гётэ ў сваіх лістах пісаў: «Я амаль што пачынаю верыць, што, відаць, толькі адной паэзіі можа ўдацца выразіць да пэўнай ступені такія тайны, якія ў прозе звычайна здаюцца абсурднымі, таму што яны могуць быць выражаны толькі ў супярэчнасцях, якія непрыймальныя для чалавечага розуму».
Фарміруючы асобу эмацыянальна і інтэлектуальна, паэзія Н. Гілевіча ўмее закрануць самыя патаемныя струны чалавечай душы. Яго лірыка стала тонкім інструментам, які вельмі дакладна фіксуе асабістае самаадчуванне і самасвядомасць чалавека ў наш трывожны, навальнічны век, падтрымлівае маральны клімат грамадства.
В. Каваленка, які шмат пісаў пра творчасць Н. Гілевіча, добра падмеціў, што філасофія ў яго вершах «не існуе ў якасці нейкай асобнай вылучанай філасофскай формулы, а сам паэтычны сюжэт утрымлівае, нараджае філасофскую думку» (В. Каваленка. Жывое аблічча дзён. Мн., 1879, с. 180).
Вось пра гэта якраз і сведчыць працытаваны вышэй верш.
Сіла паэзіі — у сіле асобы паэта. Гэта мы адчулі ў вершах «Старыя друкарні», «Мова майго народа», «У старажытным гарадку пад Ганнаю» і іншых, якія сталі новым крокам паэта ў спасціжэнні народнага жыцця і гісторыі. Ён прыгадвае характэрную для XVI — першай палавіны XVII ст. на Беларусі з’яву — бурнае развіццё кнігадрукавання, заснавальнікам якога быў выдатны асветнік-гуманіст Францыск Скарына. Друкарні дзейнічалі ў Нясвіжы, Брэсце, Лоску, Заблудаве, Магілёве, Еўі і многіх іншых месцах. Друкарскае майстэрства стаяла вельмі высока, пра што сведчаць дайшоўшыя да нас старадрукі.