Такім шляхам рухаецца і аўтар «Бальшака».
Г. Бураўкін, які добра ведае і любіць паэзію Н. Гілевіча, адзначаў, што «адна з самых характэрных рыс яго паэзіі — спакойная засяроджанасць і абсалютны давер да народнага вопыту» (Полымя, 1969, № 10, с. 191).
Аналізуючы ўзаемадзеянне асобы і грамадства, паэт хоча дазнацца, як, у чым змяніўся сам чалавек, што каштоўнае ён набыў, што страціў і наколькі захаваў генетычную сувязь з часамі былымі, з народнымі вытокамі. У паэтычным характары Н. Гілевіча нам вельмі дарагі маштабны народны характар, абумоўлены рознымі бакамі грамадскага жыцця і працы, чалавек, якога не пакідае пачуццё адказнасці. Такі чалавек відаць у паэмах «Недзяленя» і «Крынічанка» (1970). Вельмі розныя паводле сваіх сюжэтаў і зместу, абедзве яны ўслаўляюць духоўны вопыт народа, пранесены ім праз вякі. Духоўны воблік лірычнага героя вызначаецца высокім узроўнем грамадзянскай свядомасці і творчай актыўнасці, вострым пачуццём адказнасці за тое, што адбываецца ў жыцці, любоўю да народных эстэтычных уяўленняў і мастацкіх каштоўнасцей. І гэта знайшло адбітак у індывідуальным стылі паэта з уласцівай для яго блізкасцю да народна-фальклорных сродкаў выяўлення, класічнай гарманізаванасцю верша, рэалістычнай яснасцю і празрыстасцю творчай манеры.
Мы спыніліся на паэзіі Н. Гілевіча, але ён вядомы не толькі як слынны паэт. Ён мае адносіны да ўсяго, імкнецца актыўней умешвацца ў жыццё — і не толькі радком. Фронт яго дзейнасці шырокі. Ён выступае як крытык і публіцыст, даследчык гісторыі роднай літаратуры. Дзейнасць яго па-сапраўднаму шматгранная. Н. Гілевічу належаць працы па літаратуразнаўству і фалькларыстыцы: «Акрыленая рэвалюцыяй (паэзія „Маладняка“)» (1962), «Наша родная песня» (1968), «З клопатам пра песні народа» (1970), «Паэтыка беларускай народнай лірыкі» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976), «Верная вялікім запаветам. Сучасная балгарская паэзія. 1956–1976» (1977), «Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян» (1978, даклад на VIII Міжнародны з’езд славістаў), зборнік літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў «У гэта веру» (1978). Укладальнік і навуковы рэдактар фальклорных зборнікаў «Песні сямі вёсак» (1973), «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979).
Нельга не адзначыць перакладчыцкай працы Н. Гілевіча, які ўжо даўно вядзе шматстайную работу па ўмацаванню сувязей з літаратурамі краін сацыялістычнай садружнасці. У 1965 годзе ўбачыў свет зборнік вершаў балгарскіх паэтаў «Ад стром балканскіх» у яго перакладах. У перакладчыцкай дзейнасці асноўнае месца займаюць пераклады з балгарскай: аповесць П. Вежынава «Сляды застаюцца» (1959), раман С. Даскалава «Свая зямля» (1961) і яго ж зборнік апавяданняў «Любча — безбілетнік» (1958), зборнік «Балгарскія народныя песні» (1961), анталагічны зборнік апавяданняў «Скарб» (1967, разам з В. Нікіфаровічам), кніга вершаў для дзяцей «Чарадзейны ліхтарык» (1968), анталогія класічнай балгарскай паэзіі «Хай зорыць дзень!» (1973, сумесна з А. Разанавым), анталогія аднаго верша «Сто гадоў. Сто паэтаў. Сто песень» (1978).
У 1966 г. за пераклад і прапаганду балгарскай літаратуры ў Беларусі ўрад Народнай рэспублікі Балгарыі ўзнагародзіў паэта ордэнам Кірыла і Мяфодзія І ступені.
Н. Гілевіч паспяхова перакладае таксама з польскай, серба-харвацкай, лужыцкай і іншых славянскіх моў. У 1978 г. у яго перакладзе выйшла кніга вершаў славенскай паэзіі XIX–XX стст. «Маці мая, Славенія».
Зборнік лірыкі, сатыры і гумару Гілевіча «У добрай згодзе» (1979) разам з перакладчыцкай дзейнасцю адзначаны Дзяржаўнай прэміяй за 1980 год.
Кнігі беларускага паэта выходзілі на рускай, украінскай, балгарскай і іншых мовах.
Па-ранейшаму шмат ён піша для дзяцей.
Без Ніла Гілевіча сёння цяжка ўявіць сучасную беларускую літаратуру. Яго ўклад у яе развіццё адчувальны. У яго паэтычным набытку адгукнулася гераічная гісторыя народа, маладосць і сталасць нашага сацыялістычнага ладу. Паэт паслядоўна сцвярджае сваю крэўную роднасць з бацькоўскім краем, з народам і яго культурай.
Ён пісаў: «Сапраўдная культура чалавека, чалавека-творцы, чалавека-будаўніка новага свету, ёсць перш за ўсё глыбокае ўсведамленне свайго месца ў бесперапынным ланцугу пакаленняў, у іх вялікай стваральнай працы на карысць радзімы і месца свайго народа ў гістарычным руху чалавецтва па шляху прагрэсу. Быць прыналежным да такой культуры, ігнаруючы духоўную спадчыну мільёнаў людзей працы, немагчыма» (Правда, 1975, 13 верасня).