Выбрать главу

У 1979 годзе яму прысуджана Літаратурная прэмія імя Аркадзя Куляшова. І невыпадкова: сёння ён працуе асабліва інтэнсіўна. Вельмі сучаснымі і сур’ёзнымі кнігамі ўяўляюцца мне зборнікі «Дотык да зямлі» (1975), «Поле» (1978), «Смак яблыка» (1981), якія сведчаць, што паэт трымае руку на пульсе жыцця. Яны нагадваюць нам адно са шматлікіх метафарычных вызначэнняў паэзіі, якое сцвярджае, што паэзія — гэта «адчуванне зямлі босай нагой».

«Дотык да зямлі» — выраз гэты ўзяты паэтам у яго вобразным, шматмерным значэнні, але абапіраецца ён на свой пачатковы, самы непасрэдны сэнс, укладзены ў звычайныя словы:

Ёсць словы, што прасцей, чым двойчы два: Зямля, Вада, Паветра І трава…

Што ж гэта — паэзія простых слоў, простых рэчаў?

Так. Але паэт — як і яго сучаснікі — па-новаму адчуў гэтыя «рэчы», іх каштоўнасць і значнасць у святле вядомай супярэчнасці нашых дзён:

Ракеты і аўтамабілі У нас адлегласць узялі, А мы, здаецца, разлюбілі Хадзіць нагамі па зямлі.

Паэзія гэтых радкоў падказана і нашым днём і памяццю. Нельга не заўважыць, што найбольш удалыя вершы Макаля будуюцца на арганічным сінтэзе сучаснага і мінулага, калі час прадстае як частка яго жыццёвай і духоўнай біяграфіі. «Я з вёскі» — прызнаецца ён у адным з вершаў: «Я выйшаў з вёскі, выйшаў з баразны, — і ворывам мае далоні пахнуць». Вясковая тэма — не новая для беларускіх паэтаў, аднак кожны асэнсоўвае яе па-свойму. Паэты, яны таму і мастакі, што, расказваючы, здавалася б, пра адно і тое ж, ніколі не паўтараюць адзін аднаго, бо кожны гаворыць, так сказаць, пра сябе, пра свае праблемы і турботы, якія вынікаюць з яго разумення, біяграфіі, жыццёвага вопыту, а гэтыя рэчы, як вядома, заўсёды непаўторныя, адзінкавыя. П. Макаль на новым этапе вяртаецца да зямных вытокаў свайго лёсу. Памяць праз гады захавала пах сырадою, што быў хлебам дзіцячых год. Але разважанні паэта не абмяжўваюцца аднымі ўспамінамі. Сёння, калі трава «жылплошчу аддае бетону» і гудок глушыць галасы птушак, калі штучным шляхам, хімічна, сінтэзавана нават малако, ён сцвярджае першапачатковую натуральнасць і свежасць быцця, яго неабходнасць у светаадчуванні сучасніка. У яго паэзію прыходзяць вобразы нівы, баразны, плуга, хлеба, нават вобраз каровы, з якой ён звязвае «млечны шлях» свайго лёсу.

Але гэта толькі адна з граней вялікай тэмы «дотыку да зямлі» ў асэнсаванні паэта. Грань вясковая, звязаная з яго духоўна-«экалагічным» роздумам над «фатальнай» цвёрдасцю бетона, які бярэ ў свой шэры палон планету. Гэта думка мае шмат адценняў, матываў, якія гучаць па-грамадзянску пераканаўча і наступальна. Матыў, так уласцівы сучаснай паэзіі: «У травы забіраюць правы — хіба гэта не бачыце вы?» Некалі У. І. Ленін надта ўхваліў думку Гегеля аб тым, што чалавек у сваіх тэхнічных сродках мае ўладу над знешняй прыродай, а ў сваіх мэтах хутчэй падпарадкаваны ёй. Гэтая думка блізкая П. Макалю. Гаворачы пра першапачатковыя каштоўнасці, бласлаўляючы «зялёны бунт», «зялёны ўзлёт травы», паэт далучае нас да духоўных крыніц эпохі.

Свет «простых слоў» разглядаецца ў самых разнастайных планах, у спалучэнні, так сказаць, матэрыяльнага і духоўнага. Адкрываецца складанасць свету і сцвярджаецца яго гарманічнасць: «Калі б, зямля, ты не дала мне хлеба, ці змог бы дацягнуцца я да неба, аб зорны келіх губы апячы?»

«Дотык да зямлі» — формула грамадзянскага мыслення паэта, формула яго рэалізму, скіраванага супраць «паветраных замкаў», супраць тых, хто «ману з туману лепіць». «Страцім сілу мы, адарваўшыся ад зямлі», — непакоіцца ён.

Думка аб несумяшчальнасці грамадзянскасці і бесканфліктнасці вельмі характэрна для сённяшняга П. Макаля. Ён — майстар канцэптуальнага верша, дзе выяўляецца не проста душэўны жэст паэта, а разуменне жыцця.

Сацыяльна-філасофская аснова яго паэзіі — шырокая. Ён — востра сучасны, праблемны. Дэталі і падрабязнасці вясковага побыту часцей за ўсё патрэбны яму для асэнсавання больш агульназначных дэталей. Паэта хвалюе чалавек, яго быццё і ўзаемаадносіны са светам, накіраванасць яго актыўнасці, будучыня. Як раз менавіта гэтыя матывы складаюць змест напружанага роздуму. Своеасаблівасць яго вершаў у тым, што яны спалучаюць публіцыстыку з філасафічнасцю. Гэта надае ім эстэтычную аб’ёмнасць, глыбіню. Часта звяртаецца ён да духоўнага вопыту народа.

«Шчаслівейшы не той, хто жне, а той, хто сее», — нагадвае ён даўнюю сялянскую мудрасць, хаця і ведае, што адлегласць да жніва іншы раз бывае даўжэй за чалавечы век. Але сеяць трэба. Паэт славіць урадлівасць зямлі, ніву, поле, якія насычаны для яго вялікім духоўным сэнсам.