Услед за паэтавай думкай і ў нашай душы спее гордасць за свой народ, які ідзе сцежкаю ўсяго чалавецтва, несучы з сабою сваё духоўнае багацце.
У вершы «Адам і Ева» ён дамогся плённага сінтэзу мастацкасці і філасафічнасці. Дарэчы, паэт усё часцей і часцей «пасягае» на філасафічнасць, але дасягае яе не заўсёды. Слова «вечнасць» — часты госць у яго вершах: «Што ў вечнасці, што ў раі рабіць?» — Адчуванне вечнасці ў сённяшнім дні, напоўненым працаю, карыснымі справамі, творчасцю — гэта і была, на нашу думку, прадумова філасафічнасці ў творчасці Р. Барадуліна.
Аднак у новых кнігах яго паэзія не губляла сваёй непасрэднасці: «Лісток цялячай мокрай пыскай з даверам торкнуўся ў руку».
Плённа развіваецца інтымная лірыка, даючы прастор чалавечай пяшчоце, багаццю пачуццяў, асабістасці. Паэт пераканаўча — вобразная сіла мастацтва! — паказвае, што пачуццё кахання дапамагае чалавеку глыбей і паўней адчуваць свет, прыгажосць яго аб’ектыўнай рэальнасці, Інтымная лірыка пашырае сваю «зямную» аснову, эстэтызуе не только высокі духоўны пачатак, але і здаровую рэчыўнасць.
Пашыраецца сацыяльны змест яго творчасці. Хочацца ўспомніць у гэтай сувязі верш «Нянечкі» з кнігі «Лінія перамены дат» (1969), у якім паэт глыбока задумваецца над складанасцю жыцця, над лёсам вясковых дзяўчат, што «за гарадской прапіскаю» ідуць у нянечкі.
Тут, як і ў вершы Н. Гілевіча «Пра дзядоў і зямлю», пра які мы ўжо гаварылі, па-свойму адлюстроўваецца пэўная грань душы нашага сучасніка, боль за чалавечую годнасць.
Асоба, яе ўнутраны свет і свядомасць — вось што кранае паэта. Яго цікавяць духоўныя патэнцыі чалавека, права на індывідуальнасць, самастойнасць выбару і рашэнняў: «Хоць ісціна адна, усё ж сам ёю думку растрывож!»
Верш «Нянечкі» — пераканаўчы адказ паэта тым крытыкам, хто ўпікаў яго ў недахопе канцэптуальнасці, грунтоўнасці абагульненняў.
Прыйшла сталасць.
У яго паэзіі назіраецца не толькі больш адкрытасці, шчырасці (гэтага заўсёды хапала), але і імкненне да паглыблення набытага жыццёвага вопыту. Р. Барадулін прад стае перад чытачом — у кнігах «Лінія перамены дат», «Вяртанне ў першы снег» і іншых — рэальнай, нявыдуманай асобай свайго героя, які перажыў жах фашысцкіх блакад, бачыў і гнеў, і выскароднасць душы народа, гераізм сваіх бацькоў, братоў і сясцёр. «Вайна ўва мне, — гаворыць ён аб сабе, — як перанасычаны раствор, у крыві маёй, у маёй свядомасці, у кожнай тканцы маёй існасці… Запас памяці… прыпадае ў мяне якраз на час вайны» (Маладосць, 1975, № 5, с. 164). Для яго паэзіі вельмі характэрны матыў вечнага чакання тых, хто не вярнуўся з вайны — бацькоў, мужоў, сясцёр і братоў.
Шырокі рэзананс мела паэма «Блакада» (1968), прысвечаная светлай памяці бацькі Івана Рыгоравіча. Напісана ў роднай вёсцы — Ушачах. Паэт успамінае пекла вайны, трагедыю фашысцкіх блакад, з дапамогаю якіх вораг хацеў расправіцца з партызанамі і мірнымі жыхарамі.
Людзі збліжаюцца на хвалях вялікіх усенародных уздымаў, успамінаюць сваю родавую супольнасць, калектывізм. Паэма «Блакада» паглыбіла гістарычную памяць аўтара, яго «родаводную». У ёй эпічна абагульнена многае з перажытага паэтам і яго землякамі ў дні вайны, паказана трагедыя і гераізм партызанскага змагання перыяду апошніх блакад. 16 брыгад вялі бой на тэрыторыі Лепельска-Ушацкай партызанскай зоны, бой крывавы і гераічны, у якім так ці інакш удзельнічала, пакутавала мірнае насельніцтва зоны — дзеці, жанчыны, старыя. Форма паэмы аказалася дастаткова ёмістай для адлюстравання напружанасці, трагедыі і драматызму перажытага. У падзеях удзельнічае прырода і гісторыя, чутны голас продкаў. Але больш за ўсё чутны голас лірычнага героя — голас індывідуальнай памяці самога паэта.