Удалая таксама паэма «Вяртанне ў першы снег» (1971), у якой паэт ізноў прыгадвае маленства, першыя ўражанні дзяцінства, юнацтва і маладосць. Праўда, тут (як, дарэчы, і ў паэмах «Неба тваіх вачэй», «Лінія перамены дат») няма той эпічнай грунтоўнасці, што ўласціва знакамітай «Блакадзе»…
Р. Барадулін адносіцца да паэтаў надзвычай эмацыянальных. Новыя кнігі вершаў — «Рум» (1974), «Абсяг» (1978), «Вечалле» (1980) — пацвярджае гэту прыродную своеасаблівасць яго таленту, яго, калі хочаце, паэтычную канцэпцыю. У яго паэзіі па-ранейшаму шмат непасрэднасці, жыццёвых «ліўняў», матэрыяльнасці быцця, жывых аўтабіяграфічных фактаў. І цяпер асабліва цяплее голас паэта, калі ён дакранаецца сваім талентам да блакіту азёр, зелені бароў і лугоў роднай Ушаччыны, калі любуецца і захапляецца добрымі справамі сваіх землякоў. Так, ён не адмаўляецца ад традыцыйнай сваёй паэтыкі — умення прадметна і шматфарбна ўспрымаць навакольны свет. Аднак сёння ўменне гэтае ўсё часцей падпарадкоўваецца задачам пранікнення ў новыя «абсягі» рэчаіснасці і духоўнага свету чалавека, выхаду на больш маштабны ўзровень мастацкага абагульнення. Сённяшнія творы паэта ў большай ступені пазначаны рысамі ўдумлівасці і развагі.
Зборнік «Рум» разам з перакладам выбранай лірыкі Ф. Гарсія Лоркі «Блакітны звон Гранады» ў 1976 годзе адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Я. Купалы. І гэта знамянальна яшчэ і ў тым сэнсе, што «Рум» — кніга вельмі купалаўская.
У радку паэта прысутнічаюць далягляды купалаўскай думкі пра Радзіму, пра яе гістарычны лёс. Творчы ўплыў Купалы на паэзію Р. Барадуліна можна прасачыць у змесце і ў форме яго паэзіі, у імкненні паэта ахапіць і выразіць — вельмі асабіста, «праз сябе» — усю паўнату народнага быцця, схільнасці да выкарыстання свежага, гутарковага слова, арганічна звязанага з жыццём, побытам, эстэтыкай, з усім аб’ёмам народнай свядомасці.
«Перамогі ідуць праз Беларусь» — вось што сцвярджае ён у сваёй кнізе, выходзячы на шырокую інтэрнацыянальную тэму, прызнаючыся ў каханні ўсім народам — братам ад Брэста да Уладзівастока.
Новыя рысы набывае паэтыка. У кнізе «Абсяг» пейзажы і краявіды будуюцца з адчуваннем унутранай перспектывы, шматпланавасці, з праекцыяй на духоўнае жыццё. Такі, скажам, верш «Пад восеньскім небам», дзе вельмі дакладна перададзены напружаны псіхалагічны стан чалавека.
Паэтычнае перажыванне набывае новы аб’ём і глыбіню. Якраз у гэтым — у пашырэнні асацыятыўнага кола душэўных адценняў — мне бачыцца ўзбагачэнне рэалізму лірыкі Барадуліна. За прадметамі і праявамі жыцця ён хоча ўлавіць другі і трэці іх план, спасцігнуць іх неадназначнасць і філасофскую сутнасць.
«У чым жа існасць існавання?..» — сёння такое пытанне паўстала і ў паэзіі Барадуліна, абумовіўшы новыя аспекты ў яго ўзаемадачыненнях з рэчаіснасцю, жаданне паэта зазірнуць у сутнасць з’яў і рэчаў: «Пакуль жывеш, датуль пытайся. Пытаннем сутнасці жывеш…» З гэтай мэтай ён звяртаецца да даўніх, здавалася б, ужо не раз асэнсаваных ім фактаў, пластоў свайго жыццёвага вопыту, паглыбляе ранейшыя вывады.
Жыццёвы і ідэйны мастацкі вопыт паэта адлюстраваўся ў «Баладзе Брэсцкай крэпасці» (адзначана прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі). Гэта — паэма, якая асэнсоўвае подзвіг абаронцаў Брэсцкай цытадэлі з вышыні сучаснасці.
Паэт ідзе ў гісторыю, яму дапамагае багатае асацыятыўнае мысленне. Здаецца, што яму ўсё падуладна. «Дзён сівое прадзіва ніткаю суроваю на сцяжыну прадзеда памяць выкіроўвае».