Тая ж тэма вайны па-ранейшаму гучыць і ў яго вершах, але не так, як раней!
«Мае гады — як электрычкі» — прызнаецца ён у адным з вершаў. Але нам куды больш гавораць другія радкі — пра свае гады — з большым асацыятыўным напаўненнем:
Яны адкрываюць нам нешта надзвычай істотнае, важнае ў маральным абліччы самога паэта і яго пакалення. Духоўныя крытэрыі суровага ваеннага і пасляваеннага часу для яго жывыя і актуальныя і сёння, нездарма ён патрабуе «так адзін аднаго паважаць, як пасля вайны паважалі!» З гэтым, думаецца, пэўным чынам звязаны паказальны для сённяшняга Р. Барадулін^ матыў самааналізу і пераацэнкі каштоўнасцей: «Куды ж так імчаўся на злом галавы, каго я гукаў і шукаў?»
Гады прад’яўляюць рахунак: «Падумай, што пакінеш на зямлі» — да паэта падступае векавечнае. Яго ўсё больш займае тэма ўзросту, часу, чалавечай адказнасці за пражыты век.
Дарэчы, зборнік «Абсяг» і пачынаецца цудоўным вершам «З гары» — пра той узрост, калі чалавек адолеў перавал і ідзе ўжо з гары, калі «заняўся веташок на макаўцы віхрастай, забудзь стажок і муражок і ў сад чужы не шастай!». Паэт знаходзіць дакладныя вобразы, каб перадаць адчуванні чалавека ў гэтым «пераходным» узросце, калі насустрач усё часцей трапляюцца вёскі з невясёлымі назвамі, калі даводзіцца гадзіць сваім гадам — «яны — як тыя госці». Словам, «узмах вясла, узмах крыла. Чакае ўзмах рыдлёўкі…» Трэба сказаць, што паэт дастойна выходзіць з гэтай супярэчнасці:
Рыгор Барадулін адчувае імкненне сучаснага верша да значных сінтэзаваных абагульненняў. Цікавы ў гэтым плане верш «Хлапчуку з ляшчынінаю ў руцэ», у якім паэт думае над будучым лёсам свайго маладога героя. Ён далёкі ад таго, каб маляваць гэты лёс аднымі ружовымі фарбамі. Не, кажа ён, будзе ўсяго:
Трэба, сцвярджае паэт, аптымістычна глядзець у будучыню, і яго паэзія здольна на гэта.
Паэт спалучае ў сабе прастору і час, ён сочыць, ён занепакоены, каб не рваўся «трос, што ад зор да рос». Па-сучаснаму гучаць яго трывожныя думкі: «Адрываемся ад зямлі самалётамі і ракетамі…» або «зоры наўрад ці возьмуць нас да сябе на пастой…» Час перадае яго паэзіі свае прыкметы, трывогі, «суравеі», як кажа сам Р. Барадулін: «Няўжо на дзьмухавец падобны выбух зямлю здзьмухне, як вецер — дзьмухавец?»
Актыўнасць думкі ў яго паэзіі падтрымліваецца нястрымным мастацкім пошукам. Яго пазіцыя — гэта пазіцыя адкрывальніка новых земляў і новых слоў.
Р. Бярозкін — крытык, які шмат спрыяў творчаму станаўленню Р. Барадуліна, — у свой час адзначаў, што яго паэзія пачынаецца з мовы.
Словатворчасць — асобная тэма ў дачыненні да яго паэзіі. Я. Сіпакоў пісаў: «У Р. Барадуліна свой моўны неруш. У яго раса „халадае“, слова „крылле“, раніца „залачае“, а коннік „скача наўскапыта“ — цохкаюць лёгка падковы», сонца «было на ўскоце»…
Нават наватворы гучаць у Барадуліна зусім па-народнаму і добра ажыўляюць мову: «у Белавежы — лосьна, язьна ў Шчары», «з далёкага цяплыньскага павета» (Маладосць, 1967, № 7, с. 160).
Сучасная беларуская літаратурная мова дынамічна развіваецца, чэрпае з жывой гаворкі, успамінае старыя словы, пераасэнсоўвае іх, стварае новыя. Словатворчасць для Р. Барадуліна вельмі характэрна: лацно, погарбы, харашба, галута, парух, прысмеркі, імасць, чалавек-земляня — гэтыя і іншыя словы ўзяты паэтам з дыялектнай мовы або створаны ім самім. А дзеясловы і прыметнікі: славяніцца, галініцца, антэніцца, ратоўчы, стахлая… Любіць ён карыстацца прыслоўямі, іх у яго безліч (сваіх!), і ўсе крамяныя, свежыя: калодна, вульна, прадоння, прыплодна, ліхвярка, борна, азёрна і г. д. Думаецца, што намаганні паэта ў галіне моватворчасці плённыя, яны супадаюць з агульным рэчышчам духоўнай дзейнасці народа як моватворцы.