Другая кніга — «Тры цішыні» (1966) — стала падзеяй у беларускай паэзіі. Яна была не падобна на сваю папярэдніцу — «Песню пра хлеб», пра якую Вера Палтаран некалі справядліва пісала, што аўтар яе «ў свеце эмоцый адчувае сябе вальней, чым у свеце думкі» (Полымя, 1962, № 8, с. 169). Аднак ужо гаворачы пра зборнік «Тры цішыні», В. Каваленка адзначаў, «што самая характэрная рыса паэзіі А. Вярцінскага — роздум, які нават не грэбуе блізкім да празаічнага разважання» (Літаратура і мастацтва, 1964, 14 кастрычніка). Ён і сапраўды рабіў упор на думцы, не баючыся пры гэтым ні сухасці, ні празмернай разумовасці. Паэт пастаянна дбае пра выяўленчыя сродкі, эксперыментуе. З аднаго боку, ён «агаляе» паэтыку: каб аблегчыць вершу дарогу да чытача, ён звяртаецца да амаль што бязвобразнай мовы («Мама мыла раму»). З другога боку, часам вынаходзіць надзвычай вытанчаную, скажам, такую карнявую рыфму: фасады — фазаны; пашаны — пажары; верачы — велічы і г. д. Гэта вымагалася ідэйнаякаснымі зрухамі. У зборніку «Тры цішыні» яго лірыка выявіла свой філасофскі змест, які вынікаў з больш глыбокага асэнсавання жыццёвых праблем і супярэчнасцей. Здзіўляючыся і захапляючыся навукова-тэхнічнаму прагрэсу, паэт не мог не бачыць, што ён не заўсёды адпавядае прагрэсу маральна-духоўнаму. Чалавек пераадолеў гукавы бар’ер, светлавы, бар’ер зямных гравітацыі.. А «ці хутка дойдзе чарга да бар’еру глухой адчужанасці людской, неразумення і недаверу?» — такое пытанне пастаўлена і актыўна абмяркоўваецца ў зборніку «Тры цішыні». Гэта кніга вострай, аналітычнай думкі, скіраванай супроць абыякавасці, несправядлівасці, бюракратызму, падазронасці, маніі велічы… Паэт, здавалася, узяў на сябе абавязкі калі не сатырыка, то празаіка — раскрываць, аналізаваць, даследаваць, асэнсоўваць. Але ад гэтага паэзіі ў яго вершах не толькі не паменшылася — павялічылася. Абвастрэнне маральнага ўспрыняцця жыцця не зрабіла з яго голага маралізатара. Яго паэзія ў лепшых сваіх узорах па-сапраўднаму хвалявала. Аўтар меў права і падставы сказаць:
Сацыялістычны гуманізм у разуменні паэта перш за ўсё вызначаецца глыбокай любоўю да жыцця, да сацыялістычнай явы, пачуццём патрыятызму. З любві да жыцця і нараджаецца неабходнасць яго ўдасканаліць, упрыгожыць зямлю. А гэта немагчыма таксама па-за агульначалавечымі маральнымі нормамі, значэнне якіх у адносінах паміж людзьмі падкрэслівалася ў Праграме КПСС: «Простыя нормы маралі і справядлівасці,— гаварылася там, — якія пры панаванні эксплуататараў нявечыліся або бессаромна зневажаліся, камунізм робіць непарушнымі жыццёвымі правіламі». А. Вярцінскі зноў і зноў сцвярджае: «чалавечнасць, яна — ад слова „чалавек“». І хай гэта выглядае наіўна ці нават банальна — паэт не стамляецца яшчэ і яшчэ раз напамінаць чалавеку пра яго маральныя абавязкі.
Вядомы амерыканскі пісьменнік і філосаф XIX ст. Генры Тора пісаў: «Я не лічу праведнасць і дабрату галоўным у чалавеку — гэта толькі яго сцябло і лісце… Мне патрэбен ад чалавека яго цвет і плады: мне трэба адчуваць яго водар, і зносіны з ім не павінны быць частковым і недаўгавечным актам, але бесперапынным, пераліўным цераз край багаццем, якое нічога яму не каштуе і якога ён нават не заўважае» (Г. Д. Тора. Уолден, или жизнь в лесу. М., 1980, с. 92).
Такая вось мара і ў А. Вярцінскага, якую паэт спасцігае сваімі — мастацкімі — сродкамі. У цэнтр яго ўвагі стаў чалавек з багатым светам перажыванняў. Ён блізка браў да сэрца чужую радасць і чужы боль і ўмеў заглянуць у сваю ўласную душу, знайсці там шмат такога, што варта агульнай увагі. Грамадзянскасць, непакой, вастрыня сацыяльнага і маральнага мыслення садзейнічалі таму, што А. Вярцінскі на вачах вырастаў у сур’ёзнага паэта і вельмі патрабавальнага мастака. Пра гэта і сведчыла кніга «Тры цішыні».