У ёй паэт, здаецца, упершыню зрабіў спробу расказаць пра тыя страты і ахвяры, якія панёс беларускі народ у мінулую вайну, і пра вышыню яго грамадзянскай мужнасці. «Балада пра спаленую вёску і жывога пеўня», «Рэквіем», «Бой» — гэтыя вершы вядомы вельмі шырока. Усе, хто пісаў пра А. Вярцінскага, не абміналі яго верш «Дынамік», напісаны ў пачатку 60-х гадоў. Гэта сюжэтны верш, у аснове якога будзённы факт. Старая жанчына ідзе ў канец вёскі прасіць радыста, каб той паправіў дынамік у яе хаце. У сям’і радыста радасць — нарадзіўся сын. Старая таксама рада такой падзеі. Але яна не можа не ўспомніць сваіх сыноў, якіх у яе было трое — і ўсіх забрала вайна. Гэта верш пра вялікую чалавечую трагедыю, якая праступае ў абрысах звычайнай паўсядзённасці. І вельмі прыдатнай аказалася тут уласцівая паэту размоўная манера пісьма, унутрана скіраванага на духоўна-псіхалагічнае асвятленне чалавечай душы…
Гэты верш даўно і па справядлівасці ўваходзіць ва ўсе анталогіі сучаснай беларускай паэзіі…
У творчасці паэта паглыбляецца пафас абнаўлення, актывізуецца грамадская думка, узмацняецца працэс страснай барацьбы за чалавечнасць, за высокую маральнасць, якая «служыць для таго, каб чалавечаму грамадству ўзняцца вышэй» (У. І. Ленін).
Пры гэтым ён не абмяжоўваецца адною толькі канстатацыяй пэўных ісцін, а імкнецца перажыць і сцвердзіць іх нанава, у сучасных акалічнасцях жыцця, яго лісця і каранёў.
Ідэі грамадзянскасці і гуманізму знайшлі далейшае развіццё ў новай кнізе — «Чалавечы знак», якая выйшла з друку ў 1968 годзе і пацвердзіла, што ядро грамадзянскасці паэта — «высокае неба ідэалу», неба праўды, а межы — межы яго асобы, яго «я», якое адлюстроўвае ў сабе надзённыя пытанні часу. Пра аўтара загаварылі як пра паэта значнага маштабу. У зборніку знайшлі адбітак важнейшыя праблемы духоўнага жыцця сучасніка, тыя велічныя ідэалы справядлівасці і дабра, да якіх імкнецца наша сацыялістычнае грамадства і якія актыўна сцвярджаў паэт.
Гэтыя радкі паказальныя для кнігі «Чалавечы знак»: аўтар імкнецца да такой паэзіі, дзе асоба праяўляецца свабодна і шматгранна, дзе чалавек зліваецца з чалавецтвам, касмічнае спалучаецца з зямнымі турботамі. Свет паэта ўключае ў сябе «чацвёртае вымярэнне», якое, у яго разуменні, увасабляе гармонію ў чалавечых узаемаадносінах. «Падаюць крыўды і няпраўды… Бачу: сустрэліся, як жывыя, дзве паралельныя прамыя».
Вось што пісаў А. Вярцінскі пра творчасць П. Панчанкі: «Ён верыць. У справядлівасць. У лепшае заўтра. У высокі ідэал чалавечага жыцця. У паэта, я сказаў бы, вельмі развіта пачуццё „трэцяй рэчаіснасці“, г. зн. будучыні, інакш кажучы, пачуццё ідэалу. І для яго будучыня — не ружовая утопія, не манілаўскі лужок і не гучныя словы „языкачосаў безадказных“, аматараў „бадзёра каркаць“. Яна для паэта — зямное жыццё, дзе паспяваюць да чалавека „раней за гора на дзве хвіліны“, дзе ведаюць „сінюю роснасць“, дзе няма „рабства чаркі, паперкі, блату, біркі званняў і крэслаў чынуш“, дзе людзі пазбавіліся „ад шаблонных слоў, ад папугайных паўтарэнняў“, дзе ў пашане „ісціны простыя, як хлеб, і праўдзівыя, як плач дзіцяці“» (Літаратура і мастацтва, 1966, 12 жніўня).
Так звычайна і бывае: адзін мастак шукае ў другога нешта блізкае, роднаснае — падтрымкі сабе. Пошук А. Вярцінскага працягваецца.
У першых кнігах ён, разглядаючы разнастайныя з’явы жыцця, адстойваў простыя нормы маралі: «Адбываюцца ўсе здрады па закону цепластраты…» Цяпер ён ідзе ўглыб, шукае шлях да асобнага чалавека, імкнучыся зразумець яго месца і ролю ў свеце, сэнс яго быцця. «Высокае неба ідэалу» ў яго было сапраўды высокім, нават «падвышаным»: у кнізе сцвярджаецца чалавек, варты свайго прызнання — «быць чалавекам на зямлі». Правобраз такога чалавека ён шукае ў вобразе Уладзіміра Ільіча Леніна, у духоўным багацці яго асобы. Бліскучым укладам у беларускую паэтычную Ленініяну з’яўляецца вядомы верш «Ленінскі смех», прасякнуты глыбокім гістарычным аптымізмам і гуманізмам, верай у перамогу ленінскіх ідэй. На прыкладзе ленінскага вобразу паэт сцвярджае чалавека актыўнага, дзейснага, гарманічнага. Правадыр глыбока верыць у неадольную сілу дабра, якое рухае гістарычны прагрэс.