Рысы Леніна-гуманіста паэт знаходзіць у абліччы нашага сучасніка, які сцвярджае дабро і справядлівасць.
Ні адна з кніг А. Вярцінскага, як ужо гаварылася, не паўтарае папярэднюю: «З’яўленне» (1975), «Час першых зорак» (1976), «Ветрана» (1979)… Кожная з іх, развіваючы думкі і вобразы папярэдніх кніг, узбагачае іх новымі фарбамі і адценнямі. Скажам, успаміны аб цяжкай вайне, аб перамозе, якая дасталася такой цаной, усё больш арганічна спалучаюцца з роздумам над сучаснасцю. Стоячы перад брацкай магілай, паэт задае сабе пытанне: «А ці браты мы, калі жывём?» Ён піша выдатны верш пра апошнюю волю, ці запавет тых, хто не вярнуўся з вайны, хто завяшчаў нам, сваім нашчадкам:
Так, памяць вайны арганічна звязана з клопатам пра наш дзень і пра будучыню. Прыгадваюцца яго словы: «Справа, вядома, не толькі ў тым, каб помніць вайну і выказваць свае ўспаміны, свой боль, свой смутак, сваю жалобу. І справа не толькі ў тым, каб услаўляць подзвіг народа… Справа ў тым, каб пераплаўляць у нашых творах боль і смутак у любоў да жывых, у добрыя справы і пачуцці» (Маладосць, 1975, № 5, с. 161). Вось на гэтым і грунтуецца свядомы гістарызм паэта. Цэласнасць чалавечай асобы немагчыма, на яго думку, без цэласнага ўспрыняцця часу — у адзінстве мінулага, сённяшняга і будучыні.
Роздум паэта актыўна звернуты ў наша сёння.
І хіба гэта не цікава, калі выпрабаванне праходзіць грамадзянскае сумленне паэта. Мукі сумлення — гэта характэрна для героя сённяшніх яго кніг. Чалавек у яго вершах пастаянна і паслядоўна звяртаецца да самога сябе з пытаннем: які след, які «знак» застанецца пасля цябе? Праз яго кнігі праходзіць думка аб неабходнасці маральнага ўдасканалення чалавека. Паэт ставіць пытанне каштоўнасці асобы і даводзіць, што яна вызначаецца не тым, што чалавек накапіў, а тым, што ён аддаў, што пакідае пасля сябе.
Абставіны вымушаюць па-грамадзянску пільна ўзірацца ў стракатую панараму навакольнага свету, у якім адбываюцца трывожныя перамены: «кароткае чалавечае жыццё, — паводле слоў С. Залыгіна, — можа цяпер аказацца больш працяглым, чым прырода, якая існуе ў сваёй нязменнасці тысячы год» (Правда, 1980, 10 сакавіка).
У абсягу гэтай тэмы А. Вярцінскім напісаны розныя творы.
У сувязі з крытыкай некаторых выдаткаў навукова-тэхнічнай рэвалюцыі хочацца ўспомніць яго паэму «Начны бераг». Твор гэты прэтэндуе на праблемнасць гучання. Аўтар на прыкладзе ракі Сож хоча паказаць, да чаго прыводзяць занадта «валявыя» адносіны да прыроды, да эксплуатацыі яе багаццяў.
Гэта правільна, але выхад паэта на праблему, як вынікае з паэмы, з’яўляецца ў многім выпадковым. На самай справе, а калі б не адбылося так, што герою паэмы не хапіла месца ў гасцініцы і каб ён не вымушаны быў правесці ноч на беразе Сожа, дык і не заўважыў бы, што «плёнка брудна-тлустая пагойдваецца на вадзе». Не ўпрыгожваюць паэму і такія радкі: «прыйшоў на пушкінскі я круг», следам за якімі цытуюцца словы Пушкіна «Восстань, пророк, и виждь, и внемли». І ёсць усё-такі ў паэме — пры паўторным чытанні ў гэтым пераконваешся — значная доза экалагічнага песімізму, заснаванага на нейкай асабістай крыўдзе:
І ўсё ж такі ў гэтых радках шмат праўды. Некалі Пушкін сказаў: «равнодушная природа». Сёння так пра яе не скажаш, таму што прырода востра адчувае прысутнасць чалавека ў свеце, і гэта ісціна добра вядома беларускім паэтам, якія імкнуцца глыбей асэнсаваць адзінства чалавека і прыроды, іх супольны лёс.