Аўтар выкарыстоўвае элементы замовы (гукавыя і сінтаксічныя паўторы), але фальклорнай зададзенасці тут няма, верш прасякнуты роздумам і запрашае да яго чытача. У гэтым змястоўная асаблівасць яго паэзіі — спалучэнне логікі і інтуіцыі, высокай культуры творчасці з фальклорнай спадчынай, звернутай да «пралагічных» форм свядомасці. Актыўнасць формы неабходна паэту, каб сцвердзіць сваю індывідуальнасць, адзінства маральных адносін да жыцця. С. Гаўрусёў, вядомы трапнасцю сваіх літаратурна-крытычных ацэнак, пісаў пра Вярцінскага: «Спалучэнне абвостранага інтэлекту і напружанай эмацыянальнасці, чуйнасць да навальніц веку трывала і даўно забяспечылі яму адно з найпершых і самастойных месцаў у сённяшняй нашай паэзіі» (Літаратура і мастацтва, 1980, 28 сакавіка).
Аднак на дасягнутым А. Вярцінскі, здаецца, не спыняецца. У адной з кніг ён кажа: «Вершы мае — пісьмы». Гэта можна зразумець так, што пісьмы абавязваюць і запрашаюць да шчырасці, даверу, самавыяўлення. І ў гэтым сэнсе вершы яго падобны на пісьмы. Прынцып самараскрыцця мае важнае значэнне ў паэзіі, пазнанне здзяйсняецца як самапазнанне. Думаецца, што гэта перспектыўна ў адносінах і да яго творчасці.
А. Вярцінскі — у дарозе. Ад кнігі да кнігі (а іх у яго ўжо добры дзесятак) ён натуральна мяняецца, расце. Але галоўнае — сувязь са сваім народам, грамадзянскі неспакой, шчырасць, шчодрасць, спалучаныя з пастаяннай нацэленасцю на эстэтычны пошук, — застаецца.
Споведзь пакалення
(Генадзь Бураўкін)
Гэта запомнілася:
Чаму яны запомніліся — простыя, крыху наіўныя радкі з верша «Я іду…», якімі адкрывалася першая кніга Г. Бураўкіна «Майская просінь», што ўбачыла свет ажно ў 1960-м?
Запомніліся перш за ўсё, думаецца, сваёй непрыдуманасцю, непасрэднасцю, маладой прагай жыцця, незвычайнай паэтычнай узрушанасцю, здзіўленнем, што выліліся з самога сэрца дваццацігадовага хлопца (верш напісаны ў 1956 годзе). Словам, лірычны характар відаць быў адразу.
Тут жа, побач, былі вершы іншага тэматычнага плана, больш, калі можна так сказаць, сур’ёзныя па гучанню, сацыяльна-грамадзянскія па скіраванасці. Але ў той жа час такія ж шчырыя і па-юнацку пранікнёныя. Яны паказалі нам другую грань таго ж самага лірычнага характару.
Так у паэзіі Г. Бураўкіна, у яго самай першай кнізе намецілася ўзаемасувязь, узаемапранікненне гэтых двух пачаткаў — інтымнага і грамадзянскага, лірыкі асабістай і пачуцця грамадскага, прапушчанага праз душэўны вопыт паэта, насычанага страсцю і хваляваннем. Я не знаходжу ў гэтых двух пачатках «антыномію» «я» і «мы», пра якую пісаў А. Вярцінскі, рэцэнзуючы кнігу выбраных вершаў Г. Бураўкіна («Бібліятэка беларускай паэзіі»), выдадзеную ім у 1969 годзе (Літаратура і мастацтва, 16 студзеня 1970 г.). Гэтыя два пачаткі — лірычны і публіцыстычны — існуюць у паэзіі Г. Бураўкіна ў больш складанай дыялектычнай узаемасувязі.