Выбрать главу

«Майская просінь» змясціла шэраг аўтабіяграфічных матываў. Як, скажам, было не расказаць паэту пра раку маленства, густыя саснякі Расоншчыны, амаль паўдзённы блакіт яе неба. «Каб не быў чалавекам, я б жаўранкам быў, і спяваў бы нястомней за ўсіх і званчэй, каб рабілася людзям ад песні лягчэй» — такія эмацыянальна-псіхалагічныя, маральныя вытокі і эстэтычныя ўстаноўкі паэтавай песні, якая пачыналася з закаханасці ў жыццё, са здзіўлення перад яго цудам, з незвычайнай душэўнай узрушанасці. Гэтыя рысы і потым застануцца стрыжнявымі асаблівасцямі паэтычнай і чалавечай (у дадзеным выпадку гэта, відаць, адно і тое ж) натуры Генадзя Бураўкіна.

Не сакрэт, што часта першая кніга не дае адказу на пытанне пра аўтара — паэт ён ці не. «Майская просінь» Бураўкіна, нават гэтыя працытаваныя намі радкі, не пакідалі сумненняў, што нарадзіўся малады паэт, які, як тая губка, убіраў свежыя жыццёвыя ўражанні, набываў веды.

Пачэснае месца занялі ў ёй вершы пра асваенне цаліны; аўтар пабыў там яшчэ студэнтам універсітэта. У вершы «Сашка» ён гераізуе працу маладога цалінніка з-пад Полацка, які па сутках не здымаў са штурвала рук: мёрз у дашчаных вагончыках і пісаў вясёлыя пісьмы землякам. Выпадак, што й казаць, жыццёвы: чалавек малапрыкметны, «асцярожны і кволы», як гаворыцца пра яго ў вершы, знаходзіць і сцвярджае сябе ў працы, якая дае яму фізічную і маральную загартоўку.

Сучаснік і яго працоўныя здзяйсненні вабяць паэта. Ён закаханы ў будаўнікоў, якія пад калючым ветрам спяваюць на рыштаваннях, «схаваўшы пад пахі азяблыя пальцы». Можа, гэтаму малюнку і не стае поўнай «аб’ектыўнай» праўдзівасці, але паэт так бачыць, і паводле яго светаўспрымання гэта лагічна. Для маладога героя паэта вельмі важна і дорага адчуваць, «што нешта значыш на працавітай сваёй зямлі».

Савецкі вымпел на Месяцы і кніга Маякоўскага, дарогі студэнцкага лета і сустрэча з каханай, подзвіг партызан — пра ўсё ён пісаў з юнацкім запалам і шчыра.

Слабы бок гэтых вершаў — фактаграфічнасць, адносна неглыбокае пранікненне ў сутнасць з’яў, іх відавочная раздробленасць. Зрэшты, усё гэта з лішкам кампенсавалася тым, паўтараю, юнацкім запалам, няўрымслівасцю, што вызначалі самаадчуванне маладога паэта.

Я іду з усімі                       і смяюся, Я іду з усімі                       і пяю.

Калектывізм, дэмакратычнасць, душэўная адкрытасць перад сябрам, рамантычнасць — відавочныя рысы характару маладога героя паэзіі Генадзя Бураўкіна, які, здавалася, больш за ўсё жадаў быць зразуметым чытачом.

Такая акалічнасць не перашкодзіла зараджэнню і развіццю ў яго творчасці новага пазітыўнага працэсу — узмацненню ў другой палавіне 60-х гадоў асабовага лірычнага патэнцыялу. Яго заўважыў Ю. Свірка (Полымя, 1970, № 6), цытуючы прыведзеныя вышэй радкі («Я іду з усімі і смяюся…»), як доказ таго, што паэт (верш напісаны ў 1957 годзе) успрымаў людскі, чалавечы «натоўп» у яго, так сказаць, агульнасці, не надта пільна прыглядаючыся да кожнага паасобку. «А пройдзе восем гадоў,— пісаў далей Ю. Свірка, — і ён адчувае, што жыццё не прагулка, што людзі пазнаюцца не толькі на вясновай вуліцы. Паэт пільней прыгледзіцца да іх і не пабаіцца назваць сваім імем тупога мешчаніна, п’яніцу, скрытага нягодніка».

Адзін чытае газету І ніяк зразумець не можа, Чаму там усё так правільна, А ў яго на рабоце                                   начальнік Выпісвае тры газеты (Усе, як адна, цэнтральныя) І лаецца горш, чым рамізнік, І зяцю дае кватэру, І маніць штодзень «вярхам».

Ю. Свірка, на маю думку, правільна адзначыў творчае пасталенне свайго калегі, для якога паэзія была не забавай, а спосабам пазнання свету.

З цягам часу мы ўсё глыбей і больш будзем ведаць Г. Бураўкіна як празаіка, журналіста, кінадраматурга, зрэдку — літаратурнага крытыка, але паэзія застаецца яго пастаяннай, сардэчнай — на ўсё жыццё — любоўю і захапленнем.

Песня Г. Бураўкіна пачалася на высокай хвалі паэтычнай актыўнасці, вельмі характэрнай для ўсёй нашай літаратуры канца 50 — пачатку 60-х гадоў. Яго, як і іншых, паклікалі ў дарогу бяскрайнія бальшакі, якім няма ні канца ні краю. З першых кніг Генадзь Бураўкін зарэкамендаваў сябе як паэт шырокага душэўнага жэсту, які ідзе ў яго ад закаханасці ў родную зямлю, яе людзей, у іх гераічную гісторыю і слаўны сённяшні дзень. Гэтай зямной закаханасцю народжаны любоў і нянавісць паэта.

Г. Бураўкін належыць да таго пакалення маладых беларускіх літаратараў, што ўвайшлі ў літаратуру ў канцы 50-х гадоў. Той жа ўзрост, тая ж праблематыка, той жа ідэйны пафас… Яго творчае станаўленне, інтэнсіўнае фарміраванне мастацкай індывідуальнасці прыпадае, як і ў іх, на 60-я гады. Няма нічога дзіўнага ў тым, што сваімі вершамі гэтае пары Г. Бураўкін нярэдка пераклікаецца з іншымі паэтамі свайго пакалення. Але ідэал для яго — Маякоўскі. Зрэшты, ён і сам гэтага не тоіць: