Выбрать главу

«Я люблю Маякоўскага за яго прамату. Я ведаю, хто ў яго сябры, хто ворагі, я ведаю, дзе ён „волком бы выгрыз“ розную брыду, а дзе ад шчасця „разулыбил“ бы твар. Я ўсюды бачу ясную грамадзянскую пазіцыю паэта» (Маладосць, 1969, № 7, с. 181).

Другая кніга «З любоўю і нянавісцю зямною» (1963) па агульнай танальнасці мала чым адрознівалася ад першай. Пабудаваная на сцвярджальных інтанацыях, у якіх, аднак, часам адчувалася і запытанне, яна сведчыла, як паслядоўна паэт імкнуўся апраўдаць сваю ўрачыстую дэкларацыю, абвешчаную на самым пачатку творчага шляху («Я хачу прайсці па зямлі самым верным, любімым сынам»), не адмаўляючыся ад палкага слова, ад узнёслых пачуццяў, якімі яго, «грамадзяніна дваццатага стагоддзя» (так з гордасцю гаворыць ён пра сябе), шчодра надзяліла жыццё, уласная біяграфія.

Паэта цягне туды, дзе адбываюцца цікавыя і значныя падзеі камуністычнага будаўніцтва — на заводы, фабрыкі, у навукова-даследчыя лабараторыі, на новабудоўлі.

Часопіс «Маладосць» камандзіраваў яго на будаўніцтва нафтагіганта на Дзвіне. Так з’явіўся цікавы лірычны цыкл, ці, дакладней, лірычны рэпартаж «Полацк», старонкі якога запоўнілі вясёлыя няўрымслівыя шафёры і экскаватаршчыкі, верхалазы і цеслі… Як і кожны рэпартаж, ён крыху інфармацыйны, але ў ім шмат хвалюючых мясцін. «Мазольныя рукі» застаюцца адной з галоўных умоў павагі да чалавека. Такая думка вынікае з «лірычнага рэпартажу» пра машыніста Брэсцкага дэпо Фёдара Фадзеева і яго сяброў «Ляці наперад, паравоз!..».

У ліпені — жніўні 1962 года Г. Бураўкіну давялося быць у складзе савецкай дэлегацыі на Міжнародным маладзёжным фестывалі ў Хельсінкі. З фестывальнымі вершамі ў яго паэзію упершыню ўвайшла замежная тэма са сваімі малымі і вялікімі адкрыццямі.

Пазітыўныя ідэалы сацыялістычнага ладу паэт сцвярджае актыўна і разнастайна. І — у тым ліку — праз публіцыстычнае адмаўленне праяў старога, аджыўшага. Я б не сказаў нечага вельмі істотнага пра другую кнігу Г. Бураўкіна, каб не прыгадаў вядомы яго верш «*** Адышлі ў нябыт панегірыкі…». Гэта — адзін з лепшых вершаў, які яшчэ раз пераканаў нас у значным лірыка-публіцыстычным таленце паэта, у адмаўленні ім паэзіі рытарычна-параднай, паэзіі панегірыкаў.

«І філасофія, і публіцыстыка, — гаварыў ён пра адну з кніг паэтэсы Д. Бічэль-Загнетавай, — у яе натуральна і паслядоўна вырастаюць з быту, з тых штодзённых турбот, клопатаў і трывог роднай зямлі, міма якіх не мае права праходзіць родная літаратура» (Полымя, 1968, № 6, с. 185).

Свет не просты — даводзіць і яго паэзія. У другой кнізе сустракаліся даволі нечаканыя радкі:

Я часам сам сябе не пазнаю: Разважлівы,              спакойны і цвярозы, Пра маладосць бясхмарную маю Усё часцей ка мне прыходзіць роздум.

Роздум прыходзіў, гэта правільна, але эстэтычна ён пакуль што рэалізоўваўся мала. А звязаны быў, безумоўна, з далейшым накапленнем у паэта грамадзянскіх якасцей, іх маральнай завостранасцю.

У кнізе «Культура творчасці» А. Адамовіч слушна і справядліва адзначаў: «Пісьменнік становіцца творчай індывідуальнасцю не раней, чым ён адчувае сябе грамадзянінам. Толькі ў тым выпадку, калі ў чалавеку абуджаецца вострае пачуццё асабістай адказнасці за ўсё, што адбываецца навокал, у жыцці, толькі тады проста таленавітая асоба ператвараецца ў сапраўды творчую індывідуальнасць: у мастака паяўляецца свой, змястоўны погляд на свет, узнікаюць свае адносіны да жыцця, а тым самым і свой стыль». Грамадзянскасць, накіраванасць таленту, яго маральнае напаўненне, эстэтычная і сацыяльная пазіцыя і вызначаюць творчую індывідуальнасць паэта.

Па вершах паэта 60-х гадоў бачна ўзмацненне пачуцця адказнасці, асабістай далучанасці да ўсяго, што адбываецца на зямлі.

Я дзякую за ўсё,                        Зямля-карміліца… Не вінавачу ў тым цябе ніколькі, Што наш сусед                        падскоквае на мыліцы, Што бацьку                  дождж прадказваюць                                                  асколкі.

Праблема ставіцца пакуль што квола, няўпэўнена, але яна ўсё ж такі «намацваецца», існуе для паэта, паварочваецца ў яго творчасці рознымі сваімі гранямі. Яна ўзнікла яшчэ ў зборніку «Майская просінь», і з цягам часу гучанне яе ўзмацнялася.