Паэзія Г. Бураўкіна — гэта, калі гаварыць сцісла, гісторыя духоўнага станаўлення яго пакалення, ранняга яго ўзмужнення. Ва ўсякім разе яна дае для гэтага надта цікавы матэрыял, вобразна сведчыць, што на жыццёвы вопыт і светапогляд Г. Бураўкіна, як і яго сяброў-равеснікаў, у вельмі значнай ступені паўплывала вайна. Заканамерна таму, што перажытае ў ваенныя, партызанскія гады і, можа, па-свойму не менш цяжкія і гераічныя пасляваенныя стала неад’емнай часткай мастацкага свету паэта.
Вельмі характэрную для пакалення равеснікаў гісторыю паэт расказаў у вершы «Бязбацькавічы», прысвечаным Р. Барадуліну. Гэта драматычны расказ пра тых аднагодкаў, каго вайна «сурова назвала бязбацькавічамі», даўшы права на максімальную маральную патрабавальнасць.
Важная і ўсё ўзрастаючая якасць другой кнігі Г. Бураўкіна — праблемнасць мастацкага мыслення, цікавасць да пытанняў няпростых. У вершы «*** Вучоныя — разумныя людзі…» ён усхвалявана разважае аб тым, да якіх вынікаў можа прывесці чалавецтва неабмежаваны рост узбраенняў. Да паэта прыйшло ўменне ўважліва і засяроджана ставіцца да жыцця, разгледзець у факце з’яву і завастрыць на ёй гаворку. Значнасцю ідэі, тэмпераментам, пераканальнасцю і навізной формы вылучаліся многія яго рэчы.
У вершы «Дзень нараджэння ў генерала» (пачатак 60-х гадоў) паэт вядзе гаворку аб праблеме выхавання моладзі, паказвае духоўную спустошанасць «грывастых бамбізаў», якіх больш за ўсё вабіць «замежны джазавы гром».
Што ж, аўтар, магчыма, і правільна «намацаў» праблему, аднак вырашае яе празмерна абагульнена. Але гэта толькі пачатак. Тэма варожасці мяшчанства да хараства, прыгажосці, чалавечнасці будзе распрацоўвацца публіцыстычнымі сродкамі ў яго паэзіі.
Публіцыстычнай паэзіі заўсёды было шмат работы. І гэта добра адчувае Г. Бураўкін, для якога публіцыстычнасць, як неспакой і трывога, як любоў і нянавісць, больш чым блізкія. Пра гэта гавораць многія яго вершы.
Ды і сам паэт — у «Аўтабіяграфіі»:
«Я знаю, што два мае зборнікі вершаў („Майская просінь“, 1961, і „З любоўю і нянавісцю зямною“, 1963) не бездакорныя. Але ніколі я не пісаў несумленна і няшчыра — і таму я не саромеюся сваіх вершаў». Гэта шчырае і праўдзівае самапрызнанне мастака.
Адна з галоўных рыс мастацкага мыслення Г. Бураўкіна і яго паэтыкі — кантрастнасць фарбаў, супрацьстаўленне думак, падзей, эмоцый. І гэта бярэ пачатак у душэўнай актыўнасці паэта, яго грамадзянскасці, у той інтэнсіўнасці пазнання свету, якой жыве яго паэзія.
Зборнік «Дыханне» — чарговы, трэці па ліку — паказаў далейшае пашырэнне тэматычных і мастацкіх даляглядаў паэта.
Пра паэзію Г. Бураўкіна больш і глыбей пачала гаварыць крытыка, адзначаючы, што ў яго кнігах выразна адчуваецца пульс часу. І гэта ў многім сапраўды так. У вершах Г. Бураўкіна, адзначаў Дз. Бугаёў, гаворачы пра яго кнігу «Дыханне», «гулка б’ецца сэрца сучасніка, выразна праслухоўваецца напружаны пульс чалавека, заклапочанага ўсімі трывогамі нашага вялікага і грознага стагоддзя з яго практычнасцю, суровай цвярозасцю і складамі вадародных бомб».
Крытык меў рацыю: у кнізе «Дыханне» на новым узроўні спазнавалася супярэчлівая складанасць свету.
Тым не менш творчы шлях Г. Бураўкіна, як і кожнага сапраўднага паэта, нельга ўяўляць як суцэльны шэраг поспехаў і перамог. Не, мелі месца, на маю думку, і промахі. Нехта аднойчы заўважыў, што адчуванні лірычнага героя Бураўкіна часам бывалі занадта катэгарычныя, ім бракавала ўдумлівай засяроджанасці. Гэта можна заўважыць у некаторых вершах кнігі «Дыханне», у паэме «Чужая споведзь», у якіх выявілася аўтарскае непрыняцце споведзі «ціхенькага палахліўца», гэтага «маленькага чалавечка» 60-х гадоў XX стагоддзя. Пафас паэта можна зразумець і, без сумнення, ухваліць, калі ён гаворыць: