Выбрать главу

Але калі гаворка ідзе пра канкрэтнага героя, пра «чалавека сярод людзей», то чытачу абавязкова патрэбны падрабязнасці: хто ён? адкуль? чаму так сталася? хто ў гэтым вінаваты? і г. д., словам, патрэбна сацыяльная «біяграфія», з’явы, відаць, вельмі цікавай і актуальнай. Няма патрэбы спяшацца асуджаць, важна, каб абвінаваўчы прысуд «шэранькаму чалавеку» прагучаў абгрунтавана, аб’ектыўна і пераканаўча. Інакш кажучы, патрэбен аналіз усёй сукупнасці абставін, што прывялі да маральнага злачынства.

А ўвогуле кніга «Дыханне» сведчыць, што да паэта прыйшла сталасць — і жыццёвая і паэтычная. Запамінаецца трыпціх «Неба і зямля» з гэтай кнігі, твор асабісты, я б нават сказаў аўтабіяграфічны ў тым сэнсе, што Г. Бураўкін раскрывае аўтабіяграфію свайго пакалення, як ён яе адчуў і перажыў. Кранае сваім публіцыстычным гучаннем верш «Пра сціпласць», дзе расказваецца пра нейкага «бойкага дзядзьку», што «пляваў на мой народ і край». Праўда, і тут сустракаюцца непрадуманыя радкі:

Глынуўшы ком абразы даўкі, Мы дзядзьку «выдалі» з пляча. А побач быў таварыш даўні і… акуратненька маўчаў…

Невядома, хто гэты «даўні таварыш», але наўрад ці правільны такі спосаб вырашэння канфліктаў — «выдаць з пляча» — і ў жыцці і ў паэзіі. Разумееш і падзяляеш непрыняцце паэтам усякага нейтралізму, усякага «мая хата з краю» і сімпатызуеш яго герою, які так страсна жадае сцвердзіць на свеце справядлівасць і дабро. Але такая паспешлівасць, як у вершы «Пра „сціпласць“», усё ж такі мала прыймальная для нас. Да вырашэння падобных канфліктаў варта падыходзіць больш удумліва і больш грунтоўна, улічваць усе «пазіцыі». Зрэшты, гэта «накладныя выдаткі» нялёгкіх пошукаў паэта ў тонкай сферы маральна-этычнага, бо паэт сам добра ведае і раіць іншым (у вершы «Сябру, які заўсёды злосны»): «Не спяшайся людзей аблаяць, пастарайся іх зразумець».

Л. Гінзбург у сваёй кнізе «О лирике» пераканаўча гаворыць, што рэалізм у лірыцы далёка не тое, што рэалізм, скажам, у эпасе, прозе. Рэалістычны метад у лірыцы звязаны з паглыбленнем паэта ў «дыялектыку душы», з адкрыццём і сцвярджэннем пэўнай эстэтычнай самацэннасці працэсу духоўнага жыцця чалавека. У арсенале прыёмаў лірычнага абагульнення няма такога, якім карыстаецца проза, — разгорнутая знешняя характарыстыка. Яна прывяла б (і прыводзіць) лірыку да апісальнасці. Адзіны для паэта шлях да стварэння паўнацэннага лірычнага характару ляжыць праз найбольш глыбокае і поўнае раскрыццё ўнутранага свету чалавека. Ён раскрываўся ў Г. Бураўкіна ў такіх харошых, свежых вершах, напісаных, як гэта ўласціва паэту, на шырокім грамадзянскім дыханні:

Не шукайце красы за морамі,— Узбярэжжаў з крыштальнымі зорамі,— Прыязджайце да нас на Полаччыну, Пахадзіце яе прасторамі.

Або:

У любві да цябе я не раз буду клясціся. Не таму, каб ты помніла клятву маю, Проста, дзе ні пабуду —                           у Смаргоні ці Клясцінах,— Я ўсё болей цябе пазнаю…

Г. Бураўкін заўсёды шмат працаваў. І не толькі як мастак. Вельмі дабратворна, плённа адбілася на творчым росце і грамадскім сталенні паэта яго праца карэспандэнтам «Правды» па Беларусі. Гэта была вялікая школа пазнання жыцця.

Паэзія Г. Бураўкіна стала разнастайнай у жанравых адносінах, у ёй стыкуюцца лірыка і эпас, інтымныя матывы чаргуюцца з адкрытай публіцыстыкай, як у вершы «Ідзе працэс…» Паэт ведае патаемную мову лесу і ракі і горача выкрывае праявы мяшчанства ў нашым грамадстве («Зусім „бязгрэшным“»).

Па праўдзе кажучы, Г. Бураўкін ніколі не імкнуўся ісці па шляху падкрэсленых форматворчых навацый. Не будзем гаварыць, добра гэта ці дрэнна, падкрэслім толькі, што больш за ўсё яго цікавілі і вабілі адкрыцці ў самім жыцці, у яго ідэйна-маральным змесце. З аднаго боку, лірычнае пераадоленне, паэтызацыя будзённай рэальнасці, з другога — заглыбленне ў яе надзённыя праблемы. Праблемнасць мыслення становіцца галоўным фактарам творчасці паэта, яе ўнутраным стымулам.

Наколькі паэт вырас, стаў самастойней і глыбей у ідэйных і мастацкіх адносінах, яскрава пасведчыла кніга «Жніво» (1971). Яна даказала, што мінула для Г. Бураўкіна тая «пераходная пара» вызначэння таленту і асобы, якую прыходзіцца пераадольваць, відаць, кожнаму сапраўднаму паэту, што няспынна расце і мяняецца. Ён стаў больш строгім і патрабавальным да сябе, у нечым, магчыма, традыцыйней і прасцей. Паслухайце, як сам ён пра гэта гаворыць: