Гэтыя радкі толькі знешне, «інтанацыйна», спакойныя, унутрана яны палемічныя, ідэйна завостраныя, ды і прастата іх зусім не ардынарная, таму што яна арганічна вынікае з перажытага, з асабістага вопыту. І справа не ў тым, што быццам бы раней паэт не разумеў гэтага, не, але цяпер ён глыбей пранік у жыццё, больш спасціг яго складанасць і прастату.
Рост кожнага мастака звязаны з рознага роду зменамі ў яго светаадчуванні, мастацкай сістэме, мове і г. д. Але нешта важнае ўсё ж такі застаецца пастаянным, быццам бы недаступным уплывам часу. У Г. Бураўкіна гэтае пастаяннае, нязменнае — яго грамадзянскі тэмперамент, напорыстасць палеміста, зайздросная здольнасць мысліць смела і праблемна.
Страсна публіцыстычны, напрыклад, яго верш «Кампрамісы», у якім ён адстойвае бескампраміснасць жыццёвай пазіцыі свайго сучасніка.
Апошняе дзесяцігоддзе ўзбагаціла голас паэта новым гучаннем, новымі адценнямі. Ён, мне здаецца, становіцца больш медытатыўным, філасофскім. Цяга да вечных маральных каштоўнасцей у сучасным свеце ўсеагульная; яна закранула і паэзію Г. Бураўкіна, адбіўшыся на яе ідэйным і стылёвым ладзе. Душэўная энергія паэта, якая ў першых яго кнігах, здаралася, выступала ў форме дэкларацый (яркіх і па-свойму цікавых), запэўненняў, цяпер усё часцей увасабляецца ў жывую матэрыю вобразаў і роздумаў. Такі верш пра родную «вясковую хаціну». Пра яе, пра родную вёску, лес, раку ён шмат пісаў і ў ранейшых кнігах. Але цяпер голас яго загучаў з новым душэўным уздымам, на новай эмацыянальнай хвалі. Яна выразна адчуваецца ў дэталях, вельмі прадметных па сваёй мастацкай фактуры:
Вясковае пасляваеннае дзяцінства засталося ззаду, але сувязь з вёскай, з зямлёй не абрываецца. У адным з вершаў паэт успамінае бацьку-хлебароба, якога, на шчасце, ніякія хваробы не бяруць (не так, маўляў, як нас, гараджан), бо сілы дае яму «сівая доктарка — Зямля».
Вялікае замілаванне да роднай зямлі засталося назаўсёды. Бываць дома для паэта — маральны абавязак, а памяць аб мінулым — адна з форм духоўнага жыцця.
Ідэал паэта — усебакова развітая чалавечая асоба, чалавек «ва ўвесь рост», гаспадар «зялёнай зямлі», наследнік гераічных традыцый, улюбёны ў прыгажосць сацыялістычнай рэальнасці. Такі чалавек спалучае ў сабе любоў да працы і песню. Яго аблічча бачыцца паэту ў постацях сучаснікаў, у асобе Юрыя Гагарына, у абліччы гераічных камісараў грамадзянскай вайны, да канца адданых справе рэвалюцыі.
Пяру Г. Бураўкіна належыць яркі твор пра Юрыя Гагарына — «Паэма расстання». З самага пачатку аўтар звяртаецца да свайго ўлюбёнага прыёму супрацьстаўлення: вясенняе абуджэнне прыроды («раставаў сакавік, як апошняя снежка») і гібель Юрыя Гагарына. Г. Бураўкін яшчэ раз паказаў сябе як пранікнёны лірык. Адно з лепшых месц паэмы — вобраз сонца ва ўспрыняцці Юрыя, гэтага вялікага жыццялюба:
У паэме, як і ў жыцці, Гагарын паўстае звычайным, рэальным чалавекам і чалавекам легендарным адначасова. Яго гібель асэнсоўваецца як вялікая страта для чалавецтва, як трагедыя. І неадступна б’ецца ў скроні думка: «не збераглі!..» А з другога боку — «А ці захацеў бы ён, ці дазволіў сябе ад будзённых клапот берагчы?»