Следам за «Жнівом» з’явілася яшчэ адна кніга Г. Бураўкіна пад назвай «Выток» (1974). Думаю, што маюцца ўсе падставы гаварыць аб новай якасці лірызму ў яго паэзіі. Піша паэт быццам бы па-ранейшаму проста, але гэта, безумоўна, новая якасць прастаты, азоранай высокім маральным ідэалам. Думка ўсё глыбей пранікае яго радок, не змяншаючы аднак ні эмацыянальнага пафасу, ні публіцыстычнай страснасці.
Такая рыса сённяшняй літаратуры, як апалітызм, у апошніх паэтычных зборніках Г. Бураўкіна заявіла аб сабе досыць выразна. Паглыбіўся псіхалагізм ягонай лірыкі, значнае пашырэнне атрымала яе сацыяльна-філасофская аснова, гістарызм паэтычнага мыслення.
Нездарма апошнім часам у паэзіі Бураўкіна пабольшала такіх слоў і паняццяў, як «выснова», «выток». Думаецца, менавіта ў гэтым рэчышчы роздуму паэта нарадзіўся верш «Камісары», у якім сцвярджаецца духоўная, ідэйная роднасць сённяшняга пакалення моладзі з тым, якое прымала актыўны ўдзел у барацьбе з контррэвалюцыяй. Героі грамадзянскай вайны, мужныя бальшавіцкія камісары ўвасабляюць для паэта сумленне цэлай эпохі.
І марай свяшчэннаю самай у сэрцах надзея гарыць, Што нас не ўпікнуць камісары — Суровыя нашы сябры.
Маральны рыгарызм камісараў далёкай грамадзянскай імпануе сённяшняй моладзі, рыцарам абавязку, чэсці, высокай чалавечай годнасці.
«Паэт нашай эпохі,— пісаў Яўген Вінакураў,— гэта мастак, які ўмее дыялектычна бачыць свет, разумець яго складанасць, шматбаковасць з’яў». І далей: «Інфармацыі для паэзіі мала. Ёй павінна быць уласціва такая якасць, якую я назваў бы духаўздымнасцю» (Правда, 5 сакавіка 1974 г.).
Мне заўсёды імпанавала ў таленце Г. Бураўкіна «духаўздымная» страснасць палеміста, вострае маральнае бачанне жыцця, гатоўнасць ісці нават на рызыку, калі ён глыбока перакананы ў сваёй праваце. Перадаліся гэтыя якасці і кнізе «Выток».
Словам, перад намі паэт, якім ён быў і раней: заўсёды гатовы да спрэчкі, да сутыкнення думак, да бою. «Што паробіш, калі ціхманы я ніколі не быў эмалі», — прызнаецца ён у адным з вершаў.
Калі ў сучаснай беларускай паэзіі шукаць сваякоў Г. Бураўкіна па творчаму духу і грамадзянскаму напалу слова, то гэта будзе, безумоўна, Пімен Панчанка з яго нізкім «болевым парогам» і тонкім адчуваннем пульсу часу. Іх родніць смеласць, здольнасць і гатоўнасць кожную хвіліну ісці на бой за свае перакананні. У іх мы знаходзім тую разнастайнасць сацыяльных інтанацый, якія нязменна суадносяцца з жыццём, штодзённай стваральнай дзейнасцю нашага грамадства.
Юрась Свірка некалі правільна заўважаў, што «манера пісьма Г. Бураўкіна адкрытая. Ён свае думкі не хавае за глыбокія падтэксты, не абрывае недагаворкай. Таму яго вершы гучаць напорыста, публіцыстычна, набліжаючыся часам да палемікі» (Полымя, 1970, № б, с. 184). Аднак цяпер, думаецца, мы маем справу з новым узроўнем палемічнага стылю паэта. З аднаго боку, узбагацілася праблематыка паэзіі Г. Бураўкіна, абвастрыўся яе маральны максімалізм. А з другога — больш паслядоўным стаў працэс мастацкага пазнання. Цяпер у гэтым працэсе няма такіх «правалаў», якія трапляліся раней.
У лірыцы паэта значнае месца заняў аналіз самаадчування, роздум над сваім месцам у буднях жыцця.
Лірыка Г. Бураўкіна робіцца своеасаблівым дзённікам паэтавай душы, але гэта не толькі не выключае яго грамадзянскай актыўнасці, а наадварот — абумоўлівае яе.