Сучасны чалавек ва ўспрыняцці В. Зуёнка — фігура маштабная. Гэта — вечны чалавек, вечны і заўсёды малады, «юны араты», якому падабаецца такая «пасада» на зямлі. Разам з тым (хоць у гэтым вершы і дэкларатыўна) ён адчувае сябе звяном у ланцугу чалавечай пераемнасці. Яго стваральная актыўнасць грунтуецца на гуманістычных традыцыях працоўнага чалавецтва. Аднак, як бачыце, гэта была празмерна абагульненая, рамантызаваная постаць героя (тут адчуваўся, відаць, уплыў Э. Межэлайціса) выглядала досыць абстрактна. Яе патрэбна было зазямліць, наблізіць да рэальных праблем і клопатаў.
Вельмі плённым перыядам росту, інтэнсіўных пошукаў і адкрыццяў сталі для В. Зуёнка, як і для іншых паэтаў, 60-я гады, калі паднялася цана на сапраўднасць пачуцця, вызначылася перспектыўная тэндэнцыя: інтэнсіўнае самасцвярджэнне абвастрыла пачуццё формы, стылю, рушыла наперад паэтыку. Да верша вярталася напружанасць духоўнага пошуку. Аказалася, што ўсе — не толькі самыя значныя — падзеі маюць права на ўвагу. Зуёнак засведчыў сваю здольнасць адкрыць паэзію ў звычайным і прывычным для ўсіх. Ніхто, скажам, не пачуў, як «яблык упаў дасвеццем — ля Халопеніч, на Беларусі…», «а шар зямны здрыгануўся…» Тут знаходзім характэрную для таго часу — 60-х гадоў — стылявую прыкмету — масштабнасць успрымання рэчаіснасці і (гэта ўжо больш індывідуальнае, «зуёнкаўскае») скіраванасць да свету вёскі. Ён жыве яе справамі. Аднойчы яму нават давялося стаць «грамавержцам»: быў сухмень, а ў прыезд паэта дадому выпаў — на радасць землякам — дождж! (верш «Добры прыезд»). Маштаб, узбуйненне, гіпербалізацыя ў яго не супярэчаць праўдзе жыцця, у адлюстраванні якога ён заўсёды імкнуўся да шырокіх абагульненняў.
З гэтаю рысаю светаўспрымання паэта звязаны яго інтэлектуалізм і філасафічнасць, якія грунтуюцца не толькі на асабістым вопыце паэта, але і на вопыце цэлых пакаленняў яго землякоў.
Вясковая тэма заўсёды шмат значыла для яго. «Маё сэрца ў жыце б’ецца перапёлачным боем»; «жыву сяўбой, бяру сяўбой»; «Прыходзіць хлеб у хаты. Ён ад зямлі, а з ім ўсё — гасціны, заручыны, вяселлі, парадзілі, і геній, што ў стагоддзях уваскрэсне…» Ён перакананы: «сэнс жыцця — у працы», тут паядналіся для яго практычны і духоўны пачаткі, сялянскае і мастакоўскае. І ў гэтым сэнсе паэт ідзе, калі так можна сказаць, за сваімі продкамі. «Продкі мае, — піша ён у аўтабіяграфіі,— людзі простай сялянскай працы. Яны ўлагоджвалі зямлю-карміцельку, здабывалі хлеб свой. І калі ўзносілі малітву, дык не аб вечным жыцці, а найбольш аб ім — аб хлебе надзённым. Яны спрадвеку былі нашымі аднадумцамі: яны былі матэрыялістамі — няхай сабе стыхійна, неўсвядомлена, без кручкаватага шкалярскага мудраслоўя. Яны гаварылі: паміраць ладзься, а жыта сей. І ў гэтым быў залог бессмяротнасці…» Яшчэ ў першай яго кнізе быў цікава разгорнуты вобраз:
Сэнс гэтых радкоў дастаткова зразумелы — паэт выступае за змястоўнасць, напоўненасць чалавечага жыцця добрымі справамі. І паглядзіце, як ён графічна — «горкай» — пабудаваў радок «стрымай, стрымай, вазнічы», быццам бы і сапраўды па ім з усё нарастаючай хуткасцю коціць парожняя фурманка. Народны вопыт, народная мараль сталі асновай паэтычнай канцэпцыі. Адсюль той «запас трываласці» ў яго вершах, які адзначаў у адным з артыкулаў А. Грачанікаў.
«Крэсіва» — першая кніга вершаў, якія адрэдагаваў на грамадскіх пачатках Р. Барадулін, — не была кнігай пачаткоўца: голас паэта гучаў натуральна і вельмі шчыра.
У 1969 годзе ўбачыла свет другая кніга вершаў В. Зуёнка «Крутаяр», якая развівала думкі, закладзеныя ў першым зборніку. «Асноўны яе матыў,— пісаў А. Вярцінскі,— памяць вясковага дзяцінства, роднай вёскі». Хаця ў цэлым яна, на нашу думку, не стала значным крокам наперад, аднак у многіх творах шырока і пераканаўча праявіўся дэмакратызм паэта, яго павага да жыцця. Больш удалым аказаўся зборнік «Сяліба» (1973) — вершы і паэмы аднайменнай назвы, якія істотна наблізілі аўтара да сучасных жыццёвых пытанняў і турбот.