Для В. Зуёнка — сялянскага сына, які нарадзіўся і жыў на ўлонні прыроды, гэта гучала вельмі арганічна. Нездарма адзін са сваіх зборнікаў нарысаў і замалёвак, выдадзены ў 1962 годзе, ён назваў: «Любіць прыроду — любіць Радзіму». Пачуццё «сябра кожнай птушцы» прывілося аўтару «Сялібы» з дзяцінства, аднак, безумоўна, з цягам часу, з гадамі яго «прыродныя» адчуванні нашмат узбагаціліся. Паэт адчуў небяспеку для ўсяго чалавецтва з боку тых, хто атручвае паветра стронцыем, іншымі смяротнымі рэчывамі і рознымі суперсучаснымі відамі ўзбраенняў, накіраванымі на магчымасць змены надвор’я і прыроднага асяроддзя ў ваенных мэтах.
Дождж — дарунак нябёс, заступнік жыцця — ператвараецца ў нешта зусім супрацьлеглае. Свет поўны супярэчнасцей. Неабходнасць абароны прыроды мысліцца паэтам у адзінстве глабальных намаганняў чалавека ў барацьбе за сусветную гармонію. В. Зуёнку не ў меншай ступені, чым іншым пісьменнікам старэйшага пакалення і равеснікам, уласціва задумвацца над сэнсам і тайнамі чалавечага жыцця, гісторыі, над «чалавечымі якасцямі», ад якіх залежыць лёс прыроды, лёс планеты. Яшчэ, помніцца, у першым зборніку быў змешчаны выдатны верш «*** Тры вышыні, тры сілы знаю ў лесе…» Аўтар павёў у ім зацікаўленую размову не толькі пра лёс беларускіх лясоў, але і пра родную культуру. Верш цікавы сваёй канцэптуальнасцю і духоўнай напоўненасцю. Паэт пераконвае ў глыбокай сувязі і ўзаемазалежнасці, якая існуе паміж галінамі і каранямі, паміж мінулым і будучым. «Чаму дух смольны з нашых хат знікае і гніль вянцы бярэ? І гэтак вяла і глуха так чаму пяюць цымбалы?» — вось пра што клопат паэта. В. Зуёнак — адзін з прызнаных майстроў канцэптуальнага, так сказаць, верша, дзе выяўляецца не проста душэўны жэст паэта, а разуменне жыцця. Дэталі і падрабязнасці часцей за ўсё патрэбны ім для асэнсавання больш агульназначных пытанняў. Паэзія ўжо не можа абмежавацца знешне зразуметымі дабратой і гуманнасцю, якія самі па сабе, безумоўна, прыгожыя. Паэты хочуць самастойна даследаваць рэальны змест гэтых катэгорый. Разам з павышэннем грамадскай актыўнасці паэзіі ўзрастала яе імкненне да аналізу.
У сваіх вершах і паэмах ён разглядае чалавека не толькі як частку грамадства, але і як частку прыроды і гісторыі. Ужо ў першай кнізе В. Зуёнка паявіліся матывы, звернутыя ў гістарычнае мінулае.
Паэт нібыта ўзнаўляе нейкі старажытны міф, які ў сваім духоўна-практычным (ці наадварот — практычна-духоўным) значэнні дайшоў да нашых дзён. Яго мастацкі свет па многіх прыкметах блізкі да фальклорнага ўспрымання рэчаіснасці, аднак гэта свет нашага сучасніка, узброенага і ўзбагачанага веданнем многага з таго, што стала даступна ў наш час.
В. Зуёнка некаторыя беларускія крытыкі нездарма называюць сонцапаклоннікам: «Сонца — па рупнасці — брат мой», — камса ён. Старажытныя паэтычныя погляды і вераванні беларусаў застаюцца для яго вобразатворным эстэтычным матэрыялам. Ён майстар своеасаблівага паэтычнага «калажа»: вобраз, узяты з сівых пластоў старажытнай міфалогіі і фальклору, паэт умее наставіць у сучасны кантэкст. Гэта — прынцыповы падыход: паглыбляецца змястоўнасць і паэтычная прывабнасць верша. Для прыкладу прывядзём яго верш «Дуб у чатырох вымярэннях»:
Відаць, ёсць свой «зорны час» у тым знамянальным моманце, калі навеліст сядае за раман, а паэт-лірык бярэцца за паэму. Адразу, на самым пачатку творчага шляху, узяцца за такія палотны не лёгка: яны патрабуюць значнай падрыхтоўкі, вопыту, духоўнага назапашвання, роздуму, каб усё гэта сінтэзаваць у абсягу новых якасна іншых жанраў з іх надзвычай высокімі патрабаваннямі. «Маўчанне травы» В. Зуёнка — не першая ягоная паэма: да гэтага была «Сяліба», увогуле прыхільна сустрэтая чытачом і крытыкай, якая, між іншым, адзначала глыбіню мыслення аўтара, сур’ёзнасць яго задумы, клопат пра агульную «сялібу» людзей — свет, у якім яны жывуць. Паэма «Сяліба» была напісана ў 1970 годзе. Сёння шмат гавораць пра ўплыў НТР на свядомасць чалавека, пра выхаванне яго адносін да навакольнага асяроддзя, пра месца літаратуры, паэзіі ў гэтых складаных працэсах — вось да якіх пытанняў звярнуўся аўтар «Сялібы». Чалавек і навакольнае асяроддзе, прырода, час, сувязь мінулага і будучыні — усё гэта яго вельмі цікавіць. «Саперніцтва з прыродай — непазбежнасць, — гаворыць у ёй паэт, — як непазбежнасць — розум у прыродзе». Аднак, пры ўсім пры тым, «саперніцтва» — «яно не бой крывавы… Хто, як не мы, ёй у бядзе паможа», калі парушаецца гармонія ў прыродзе? Можа дапамагчы толькі чалавек і перш за ўсё, як лічыць В. Зуёнак, камуніст: