Гэтым паэма скіравана ў будучыню.
У 1982 годзе ўбачыў свет новы зборнік вершаў В. Зуёнка «Світальныя птушкі». Духоўны свет гэтай кнігі фарміруецца ўжо на самых першых яе старонках.
Крыху дыдактычна? Магчыма. Аднак вынашана, узважана, праверана, атрымана ў спадчыну і перададзена як запавет — наступнікам.
У новай кнізе выразна адчуваецца ранейшая сацыяльна-эстэтычная аснова творчасці паэта.
Але «ўток» у многім іншы: у параўнанні з папярэднім і кніга гэта выглядае больш шматстайнай, дынамічнай. Часцей, чым раней, бачым паэта ў дарозе, у руху, у назіраннях, што, безумоўна, павялічвае магчымасці для размовы пра сучасныя з’явы грамадскага жыцця. Адпаведна мяняецца і стылістыка: з’яўляюцца рысы нарысавасці, дзённікавасць, рэпартаж, замалёўкі.
Такая акалічнасць, відаць, не дазволіла аўтару змясціць усё падрад — з’явіліся асобныя раздзелы: «Перарастаю трывогамі», «Адкуль homo sapiens» і інш. Чацвёрты раздзел складае прысвечаная земляку касманаўту Уладзіміру Кавалёнку паэма «Агонь і сонца», якая мае падзагаловак: «Дванаццаць сеансаў касмічнай радыёсувязі з неабходнымі адступленнямі». Паэма цікавая як, калі так можна сказаць, мастацкі каментарый да думак, перажыванняў, выказванняў касманаўта, які толькі што вярнуўся з палёту. Твор кранае, як шчодрае і праўдзівае адлюстраванне ўнутранага свету нашага сучасніка, які знаходзіцца на самых перадавых пазіцыях навукова-тэхнічнага прагрэсу. Народнасць светаадчування тут арганічна паяднана з інтэлектуалізмам і філасафічнасцю. Пераконваючыся ў гэтым, даруеш аўтару і некаторую сумарнасць, уласцівую галоўнаму вобразу, і адценні ілюстрацыйнасці, што пакінулі свой след на асобных старонках.
Што яшчэ ўласціва ўсёй кнізе — гэта нераўнадушнасць, неспакой.
Якая вобразнасць! Які круты, «палявы» замес!
Стыль Зуёнка караніцца ў народнай творчасці, але ён — сучасны! Таму што ўбірае ў сябе стылёвы і светапоглядны вопыт літаратуры XX ст.
Цікавы па сэнсу і духоўных абсягах вобраз агню — агонь выступае як рухавік жыцця: «Натура вечная, а формы — ад агню, жыццё расце на сонечных сугрэвах». Язычніцкія ўяўленні гарманічна спалучаюцца з навуковымі ведамі сучаснага чалавека.
Умоўна-асацыятыўнае асваенне свету не супярэчыць яго шматколернасці і сакавітасці фарбаў, яго пластыцы:
Словам, стыль паэта вельмі ёмісты. У яго — свая «чаканка», вобразнасць найбольш звязана з імкненнем да маштабнасці, глабальнасці светаўспрымання, да шырокіх, духоўна завостраных абагульненняў. Звычайнае, бытавое ён умее ўзняць надзвычай высока. Пра ленінскі плед, які падарыла Уладзіміру Ільічу маці, у Зуёнка сказана:
Паэт даследуе стан свету, даследуе своеасабліва. Ён, паводле слушных назіранняў Г. Далідовіча, «не сканцэнтроўваецца на сабе, але сканцэнтроўвае свет у сабе, асэнсоўвае яго, жыццё, дабро і зло, шукае ідэйна-маральны ідэал, сваю пазіцыю — здабывае чароўны агонь паэзіі» (Літаратура і мастацтва, 1982, 16 ліпеня). Гэта дазваляе яму вастрэй адчуць зменлівасць свету. Паэтычны пошук у Зуёнка звязаны з ростам асобы, узбагачэннем духоўнага свету чалавека стваральнай памяццю. Пафас кнігі — у непрымірымасці да прыстасавальніцтва, прагматызму, да мяшчанскай спажывецкай філасофіі, якая спараджае бездухоўнасць, дэгуманізуе чалавека. І гэта якраз тое, што надае кнізе цэласнасць, канцэптуальнасць, што аб’ядноўвае яе раздзелы ў адно.