Адчуваецца, што аўтара вельмі хвалюе пытанне пра маральна-эстэтычныя адносіны да рэчаіснасці. Ён зноў і зноў асэнсоўвае сваё мастацкае крэда, разуменне місіі паэта. «Я не кумір — я чорны раб» — так пачынаецца яго верш пра свой паэтычны абавязак. Як разумець гэты выраз — «чорны раб»? Пачытаем далей:
Мне пры гэтым успамінаецца пушкінскі «Прарок».
Пушкін у сваім вершы стварыў вобраз паэта — барацьбіта за праўду і непадкупнасць, якому наканавана пранікаць у глыбінную сутнасць з’яў. Разважанні В. Зуёнка аб долі і прызванні паэта — у рэчышчы пушкінскай традыцыі: аўтар «Світальных птушак» бачыць абавязак паэта ў пазнанні шматстайнасці жыцця ва ўсім яго аб’ёме («Нутро эпохай прарасло»), у чалавечнасці («Багоў заўжды на свеце многа, бо чалавекам быць — цяжэй»). Ён не абыходзіць эмпірычную стракатасць быцця, паэтызуе «стыхію і розум дарог», якія вяртаюць чалавека да адчування жыццёвай праўды.
З гэтым, мне здаецца, звязаны і моўныя пошукі В. Зуёнка.
Ён любіць, ведае смак слова гутарковага: наўслед, зблот, зляканы, вычварае, рукацца…
У В. Зуёнка, як некалі трапна сказаў І. Шклярэўскі,— «свой слоўнікавы фонд». «Вагар! Слоў ліхвяр — знай — яшчэ не змагар», — хто яшчэ з беларускіх паэтаў можа гэтак сказаць? Ён ведае, як на новы лад пераасэнсаваць старое слова ці выраз, надаць яму новае адценне: Архімед меў намер «рычагом падасверыць свет». Здараецца, што часам прыдумае новае слова: шыльдуйся.
С. Ясенін некалі любіў казаць: «Я адчуваю сябе гаспадаром у рускай паэзіі і таму ўцягваю ў паэтычную мову словы ўсіх адценняў, нячыстых слоў няма».
Для В. Зуёнка за словам звычайна стаіць з’ява, таму ён і ўважлівы да яго сацыяльнага гучання.
В. Зуёнак — гэты філосаф — можа, як ніхто, уважлівы і цярпімы да чалавечых недахопаў, але ён востра крытыкуе адыход ад высокіх маральных норм: «Развучыліся гаварыць — пераходзім на ананімкі». Паэт выступае супраць прагматызму і утылітарнасці — у гэтым, паўтараем, пафас яго паэзіі. «Каму эпохі — каму панчохі». Гэта яму вядома. Але як узняцца на новы абсяг быцця? Што дзеля гэтага трэба зрабіць? В. Зуёнак хоча шырока зірнуць на чалавека. Можа, таму яго герой шмат пытаецца: «Пытаннем на свет чалавек зірнуў». Гэта павялічвае жыццёвую напоўненасць верша, яго эстэтычную ёмістасць. Яго хвалююць фундаментальныя пытанні чалавечага быцця, сучасную нашу рэчаіснасць ён уключае ў кантэкст агульначалавечай філасофскай праблематыкі. «На скрыжаваннях сусвету хто мы і колькі нас?» Паэзія павінна канцэнтраваць у сабе і нацыянальную і агульначалавечую свядомасць. «Мой люд, сябе не збудзься, мой лёс, не стань бяскрылым». Пашырэнне сацыяльна-гістарычных, духоўных даляглядаў — вось што ў значнай ступені ўласціва паэтычным пошукам В. Зуёнка. Ён хоча стварыць пэўную маральную атмасферу, фарміруе духоўнае аблічча чалавека, сістэму яго каштоўнасных арыенціраў.
Якія гэта арыенціры?
Першы з іх, магчыма, — памяць. Чалавечая памяць асэнсоўваецца В. Зуёнкам як вялікая духоўная каштоўнасць. «Дай, памяць, сілу мне, апору дай і цвердзь».
Буйным планам убачана постаць салдата Вялікай Айчыннай вайны:
Гэты салдат — увасабленне нашага сумлення, маральнасці. Паэт справядліва трывожыцца за нашы маральныя, духоўныя вышыні, якія, здараецца, «і сёння здаюць».