Выбрать главу

Салдат, што ўявіўся паэту неспакойным прывідам — увасабленнем маральнай чысціні, павінен дапамагчы вярнуць гэтыя «вышыні і гарады».

І ў сэрцах заснуў салдат, якому ўсё браць назад.

«Найпершае назначэнне мастацтва — праз прызму мінулага і існага праектаваць будучае» — так разумее задачы мастака аўтар «Світальных птушак». Яму ў нечым вельмі блізкая думка вядомага савецкага паэта Мікалая Ушакова, які сцвярджаў, што «жыццё чалавека становіцца цікавым толькі ў судакрананні з гісторыяй і часам».

«Жывеш, пакуль жывыя, хто нарадзіў цябе, хто на кругі зямныя праводзіў у журбе» — у гэтым таксама праяўляецца актыўнасць беларускага паэта ў адносінах да часу.

Другі «арыенцір» — «вочы прыроды». За гэтым вобразам і тэмай у творчасці В. Зуёнка стаіць — як і ва ўсёй сучаснай літаратуры — адчуванне той небяспекі, якая тоіцца ў супердынамізме сучаснага жыцця, у недахопе часу, павярхоўнасці і хуткаплыннасці ўражанняў. Усё гэта можа абярнуцца нецікавасцю да навакольнага свету, імітацыяй духоўнага жыцця. «Вочы прыроды» ў Зуёнка таксама надзелены маральнай актыўнасцю.

Прыходзіць жа аднойчы Такая вышыня: Глядзяць прыроды вочы Штоночы і штодня. Глядзяць табе насустрач, Глядзяць табе наўслед. І ты ўжо — невідушчы — Бачыш цэлы свет…

Паэзія В. Зуёнка, як бачым, вельмі паказальная для духоўных пошукаў сучаснай беларускай літаратуры.

Атожылак долі сялянскай

(Юрась Свірка)

Даўно прачытаў, але і сёння гучаць у душы радкі Юрася Свіркі:

Заглядаю я ў вёску, як ў слоўнік, Каб упэўніцца, што правільна пішу.

Не аднаго мяне паланілі яны — і не толькі лаканічна-выразным майстэрствам, але і сваёй маральнай скіраванасцю, глыбокай павагай да сваіх знакамітых землякоў-аднавяскоўцаў, да іх пачэснай хлебаробскай працы…

Гэта — не «русаізм» (заклік быць бліжэй да прыроды), а трывалая повязь з роднай зямлёй.

Радзіма Ю. Свіркі — Бягомльшчына. Тая гераічная партызанка-Бягомльшчына, якая столькі нацярпелася за час вайны. Адно слова «Палік» — і перад вачыма паўстаюць падзеі народнага гераізму, трагедыя, вышыня духу і самаахвярнасць.

Бягомль — значны асяродак партызанскага руху ў Вялікую Айчынную вайну. У снежні 1942-га брыгада «Жалязняк» знішчыла там нямецка-фашысцкі гарнізон. З таго часу да прыходу Савецкай Арміі на Бягомльшчыне дзейнічалі органы Савецкай улады. Гэта, безумоўна, важныя акалічнасці фармавання духоўнай біяграфіі паэта, аднак у першых вершах тэма перажытага за вайну амаль адсутнічае.

Я заўтра на золку Паеду дадому — У ціхі Бягомль, партызанскі раён, Туды, Дзе мне кожная хата вядома, Дзе далеч гудзе ад пчаліных раёў.

Першая кніжка з ласкавай назвай «Шэпчуцца ліўні» з’явілася ў 1959 годзе, калі — як грыбы пасля цёплага дажджу — выходзілі зборнікі Е. Лось, У. Караткевіча, Я. Непачаловіча, Р. Барадуліна, І. Калесніка, С. Гаўрусёва і іншых. У вершах Ю. Свіркі нас абступае мілы свет вясковых уражанняў паэта (сасновая хата, бярозавыя прысады, шолах сенажацяў, шум задумлівых бароў), тое, што помнілася, сагравала сэрца пасля таго, як давялося пакінуць вёску, паехаўшы на вучобу ў сталічны універсітэт.

З’яўленне першай кнігі — справа адказная. Аднак гэта не азначае, што ў кнізе павінны быць толькі добрыя вершы. У сапраўднага паэта, калі ён творчая асоба, а не рамеснік, цікавыя нават слабыя вершы, паколькі ў іх таксама ў пэўнай меры адлюстравана нейкая грань яго душы, пошук сваіх вобразаў.

Паэтыка Ю. Свіркі грунтавалася на някідкай канкрэтна-пачуццёвай вобразнасці, якая на першых парах не перашкаджала яму расказваць пра ўбачанае, адчутае. Голас яго быў шчыры, ціхі, даверлівы.

Зорак, як зерня, на небе высокім насыпана ў жніўні. Дзесьці за лесам далёка-далёка шэпчуцца ліўні. Чутна, як спаць укладаюцца ветры Там, за гарамі. З бору дыхнула цёплым паветрам. Пахне грыбамі. А ў поўнач, здаецца, усё анямела, Ціха ў прасторы. І толькі раз-пораз яблыкам спелым Падаюць зоры…

Хораша — ці не праўда?

Тут пакуль што няма яшчэ той унутранай духоўнай напружанасці, уласцівай для яго вершаў пазнейшай пары, але праўда пачуццяў, уменне ўбачыць прыгажосць свету былі. «Трэба паважаць натуральныя межы таленту», — сказаў ён у рэцэнзіі на адну з кніг своеасаблівага магілёўскага паэта В. Матэвушава (Полымя, 1973, № 9), але яе гэта натуральнасць бачыцца і ў самога Ю. Свіркі.