Выбрать главу

Другая кніга — «Вечнасць» (1963) — тэматычна паглыбіла першую, умацавала ў яго паэзіі такую рысу, як біяграфічнасць. Так, у яго лірыцы па-свойму, у сваім «павароце», знайшла адбітак духоўная біяграфія — яго і яго пакалення. Вясковы чалавек, ён рана стаў гараджанінам — і гэта спарадзіла новыя адценні ў светаўспрыманні, якое зафіксавалася ў вершы: «З кожным днём раблюся я чужым кветкам палявым, лугам і росам…» Такія прызнанні мала да чаго абавязвалі, магчыма, толькі абвастралі пачуццё роднага кутка, роднай прыроды, але значнай маральнай нагрузкі яны пакуль што не нясуць.

У другім зборніку знаходзім парасткі ўмоўна-асацыятыўнага мыслення:

Недапетая песня ляжыць ля магілы Акрываўленым жвірам…

Паэт усё часцей звяртаецца да ўмоўнасці. Скажам, у падыходзе да тэмы космасу. Тады чалавек рабіў першыя крокі ў касмічную прастору, пачынаў інакш, чым раней, глядзець на Месяц і зоры. І гэта падзея не магла не адбіцца ў паэзіі: паэты імкнуцца па-новаму ўбачыць свет і асэнсаваць ролю чалавека ў ім. З чым толькі не параўноўваўся Месяц — з шабляю, бубнам, падковай, — Свірка знаходзіць свае словы:

…мне здаецца Месяц Тонкай дужкаю, Якой пабочны выдзяляюць сказ. За гэтай дужкай — Многа тайнаў месціцца, Іх за адно жыццё не разгадаць. І варта жыць, Каб неба ўсё — ад Месяца Да самых дробных зорак — прачытаць.

Пазней «касмізм» у яго набудзе нейкія новыя, вельмі зямныя, звычайныя рысы: «Не, зусім мне гэта не здалося: Саўгануўся ў высі Млечны шлях. Нібы лодка на пясчаным плёсе, мякка захісталася Зямля». Паэт раскажа пра сваю «захопленасць зорамі» і неадступную любоў да зямлі:

Перад ёю пакорна схіляюся. Пазычаю святло у бяроз. Я — атожылак долі сялянскай — Ад яе, як ад маці, адрос…

«Схіляюся — сялянскі» — у асэнсаванні жыцця прымае ўдзел нават рыфма.

Аднак паэт імкнуўся не толькі «апісаць» свет, зарэгістраваць усё новае. Ён усё больш пераконваўся, што аснову індывідуальнасці складаюць сацыяльныя, маральныя рэсурсы, якія ў яго маюцца і якія неабходна выразіць у непаўторна-асабістай форме.

Трэцяя кніга — «Баравіна» (1967) — паказала, што ён хоча разабрацца ў складаных з’явах сучаснага жыцця, паяднаць у сваім разуменні свету сучаснасць і будучыню. Дзеля гэтага ізноў звяртаецца да ўмоўных сітуацый.

Хачу прачнуцца я Праз сотні год, Паслухаць траў і ветру шапаценне. Хачу я толькі на адно імгненне Паслухаць, Як жывеш ты, мой народ… Калі пачую: Ты жывеш народ (Па голасу пазнаю беларусаў), Тады спакойна на пагост вярнуся І зноў засну — На сотні тысяч год.

Я не назваў бы гэты верш удалым: думка выказана наіўна і залішне прамалінейна, хаця і шчыра. Таксама штучна выглядае ўмоўнасць і ў вершы «Вячэрні эскіз»:

У грубцы дровы аж гудуць, гараць. Я вечарам адзін сяджу ля грубкі. Здаецца, Што выходзіць з дроў зара І на мяне глядзіць, як на парубшчыка.

Аднак і першы і другі вершы сведчаць, што ў паэта адбываецца працэс удакладнення, так сказаць, маральных каштоўнасцей.

А вось новая для Ю. Свіркі інтанацыя. Новая і, здаецца, адзіна магчымая ў гэтым вершы:

Я ў дарозе не падбіўся, Заскрыпелі палазкі. І адкуль вы узяліся, Падвязіце, леснікі! Можа, годы мы дагонім, Маладзіцца чалавек! Як жывое дзіва — коні У стальны касмічны век.

У «Баравіне» ўзрушвае маральная вастрыня паэтычнага ўспрымання рачаіснасці, адчуванне адказнасці за сказанае слова, за «пасаду» паэта. Думка аб тым, што верш паэта — яго грамадзянскі ўчынак, не новая, але заўсёды надзённая. Для Ю. Свіркі яна становіцца прынцыповай і знаходзіць выяўленне ў лірыцы. Гаворачы пра сваю пашану да вёскі, ён знаходзіць тут свой «ракурс». Любоў павінна правярацца справай. Скажам, напіша паэт пра «маляўнічасць родных краявідаў», а нехта з землякоў спытае: «Навошта ж ты ад нас, сынок, паехаў, калі ў нас такая прыгажосць?»

Верш, інакш кажучы, абавязаны пераконваць і духоўна, і эстэтычна. Дзеля гэтага, відаць, павінна ўмацоўвацца філасофская, светапоглядная аснова паэзіі, трэба паглыбляць праўду жыцця.

Да «вясковай» тэмы ў нас звяртаюцца многія, аднак нярэдка яна трактуецца без апоры на агульнаграмадскую аснову. Ю. Свірка, знаўца вясковай рэчаіснасці, меў падставы з гэтай нагоды сказаць, што «часта ў творчай практыцы з сапраўднай баявітасцю і натуральнасцю паэзіі мяжуецца „асцярожненькая гульня ў смеласць“. Гэта нараджае вершы-загадкі са шматзначнымі намёкамі…» Разважаючы пра лёс вёскі, ён сцвярджае чалавека цэласнага, вернага бацькоўскім запаветам, вернага сабе. Сустрэўшы ў горадзе маладых сваіх землякоў — учарашніх школьнікаў, паэт не можа не папракнуць іх, хаця б у думках: «У школе ж на „пяцёркі“ сачынялі: „Люблю цябе, бацькоўская зямля“».