Не падумайце, крый божа, што паэт выступае за вяртанне да зрэбнай кашулі. Не. Ён толькі хоча сказаць, што забыўшы мінулае, нельга па-сапраўднаму ўбачыць і ацаніць сучаснае… Гістарызм спалучаецца такім чынам з гуманізмам.
Кнігі Ю. Свіркі — ступені яго творчага росту, голас яго чуцён у калектыве беларускіх паэтаў. Трэба спадзявацца, што ён будзе ўзбагачацца новымі жыццёвымі фарбамі. Гаворачы словамі паэта, жыццё — адказнейшы экзамен, яго здаеш, пакуль жывеш.
Углядацца ў жыццё
(Анатоль Грачанікаў)
Анатоль Грачанікаў не надта шануе верлібр, але сваю вершаваную аўтабіяграфію ён даверыў яму.
«Саракагоддзе — строгая пара…» Прыйшла яна і да яго. Услед за сваімі сябрамі-равеснікамі, якіх мы называем «шасцідзесятнікамі» (творчая сталасць іх прыпадае — у каго раней, у каго пазней — на 60-я гады), А. Грачанікаў таксама выдаў кнігу выбранага — «Калі далёка ты…» (1979). Яна аб’яднала лепшае з пяці папярэдніх яго зборнікаў…
Многія, многія вершы спыняюць нашу ўвагу. Шукаем такія, якія маглі б больш расказаць пра яго індывідуальнасць. Ну вось хоць бы гэты:
Ён, думаецца, вельмі характэрны для А. Грачанікава, бо сведчыць пра талент тонка адчуваць жыццё, «прапускаць» яго праз уласнае сэрца і лёс, рабіць яго і нашым духоўным набыткам. Не шмат паэтаў, якія ўмелі б звычайную, так сказаць, тэму (у дадзеным выпадку агульную для ўсіх тэму патрыятызму) ператварыць у нешта глыбока ўнутранае, інтымнае… С. Гаўрусёў тонка адчуў індывідуальнаць А. Грачанікава: «Чытаючы вершы паэта, празрыстыя і як бы асветленыя праменнямі знутры, можна падумаць, што яны даюцца яму лёгка. Гэта ўяўленне памылковае. Нікому і ніколі прастата не давалася проста. Праблематыка яго твораў пераконвае, што сёння, відаць, немагчыма паспяхова пісаць пра зямлю, не ведаючы таго, што адбываецца ў космасе» (Літаратура і мастацтва, 1979, 19 кастрычніка).
Як паэт ён даўно — магчыма, з самай першай сваёй кнігі «Магістраль» (1964) — прызнаны і грамадскасцю, і крытыкай. Яго зборнікі не паўтараюць адзін аднаго, а паказваюць відавочную лінію росту. Маюць поспех — я сам таму сведка — яго выступленні на літаратурных вечарах, сустрэчах з чытачамі, аматарамі паэзіі. Па ўсім відаць, што радок паэта крануў чалавечыя сэрцы і знайшоў сваё месца ў літаратуры.
Якое ж яно — месца А. Грачанікава ў сучаснай паэзіі?
У першых жа сваіх вершах ён пайшоў, як гэта і павінна быць уласціва паэту-лірыку, ад уласнай біяграфіі чалавека, які запомніў гераізм і мужнасць народа ў вайну («На фронце бацька. Маці — партызанка»), нягоды цяжкай пасляваеннай пары (паэма «Сонечны звон»), армейскія будні, вучобу, працу на чыгунцы, зноў вучобу і зноў працу…
«Няма замены паэтам!» — гаворыць ён у адным з вершаў, прысвечаным Максіму Багдановічу. І гэта праўда: кожны чалавек — непаўторны і незамянімы. іТым больш паэт — яго асоба павінна быць бачна здалёк. Нездарма нават узнікненне лірыкі як роду літаратуры звязваюць з тым момантам, калі чалавек усвядоміў сваю асобу. Лірыка і пачала даследаванне і сцвярджэнне чалавечай індывідуальнасці і непаўторнасці, у якой адлюстравалася грамадскае жыццё. Зрэшты, наколькі помніцца, А. Грачанікаў ніколі асабліва не гнаўся за «індывідуальным» стылем. Проста ён быў праўдзівы, адкрыта і непасрэдна выяўляючы сябе ў вершы. Найбольшыя ўдачы першых кніг (вершы «Вера», «Лашак», «Гарадская ўскраіна», «От каб быў я такі, як цень!..», «Калодзеж капаюць», «Поле», «Над Белай Руссю…», «Той танец» і іншыя) з’явіліся непасрэдным вынікам яго жыццёвага вопыту і вельмі асаблівага ўспрыняцця і асэнсавання рэчаіснасці. Яны былі звязаны са шчырасцю героя, з устаноўкай на справядлівасць. Словам, у цэнтры пераважнай большасці яго твораў аказалася рэальнае чалавечае «я», што і абумовіла цікавасць да іх з боку крытыкі і чытача.