Нездарма многія пералічаныя вершы і шмат якія неназваныя па праву ўвайшлі ў сучасныя анталогіі беларускай паэзіі на розных мовах. Дарэчы, сёння іх выдаюць усё больш і больш.
Некалі Іван Мележ, якому, дарэчы, вельмі падабалася паэзія яго земляка (Грачанікаў таксама нарадзіўся на Палессі), адкрыў для сябе «простую», як ён казаў, ісціну: «калі „стыль — гэта чалавек“, то каб стыль мастака праявіўся больш выразна, своеасабліва, трэба, каб выразна праявілася асоба чалавека, яго светаадчуванне, яго погляды, яго матэрыяльны і духоўны вопыт. Чалавек не толькі не павінен хаваць сябе, а, наадварот, адкрывацца ва ўсёй шырыні, глыбіні і шчырасці. Не трэба здавацца ні горшым, ні лепшым, чым ты ёсць, трэба быць самім сабою. Усякая штучнасць будзе ў шкоду. Ніякі фальш не пройдзе без следу».
Так вось, прыкладна, і зрабіў А. Грачанікаў. Нават у самай першай кнізе ён здолеў застацца сам сабою.
Некаторыя паэты робяць упор на яркую, пукатую вобразнасць. У А. Грачанікава яна выглядала досыць сціпла, «неэфектна», нават крыху заземлена, але затое рэалістычна, праўдзіва. З яго вершаў паўставаў цудоўны край — Палессе са сваімі людзьмі (сімпатычныя вясковыя дзядзькі і цёткі), прыродай, звычаямі. Ён давярае жыццю, людзям, зямлі…
«Успамін машыніста», «На перагоне», «Завадскі аркестр» — А. Грачанікаў мог «выкрасаць» паэзію з фактаў даволі звычайных, будзённых, знаходзячы ў іх незвычайнае, па-чалавечы вельмі прывабнае. Індывідуальнасць яго апладнялася сацыяльна значнымі, грамадзянскімі адчуваннямі паэта, і гэта кампенсавала запаволенасць, некаторы недахоп тэмпераменту.
Літаратура, як вядома, толькі тады ставіцца жывой справай, калі імкнецца асэнсаваць жыццё грамадства, усвядоміць сваё месца ў кантэксце з ім. Мастак — можна сказаць — чалавек з сацыяльным сумленнем, ён павінен быць у творчасці на ўзроўні грамадскага дзеяча.
Што складае аснову творчай індывідуальнасці? На мой погляд, наяўнасць таленту і выразнае пачуццё асобы, шырыня грамадзянскіх даляглядаў. Уласна кажучы, асоба — гэта і ёсць сукупнасць сацыяльных грамадскіх адносін.
Наступныя кнігі («Круглая плошча» — 1971, «Грыбная пара» — 1973) узмацнілі адчуванне сучаснасці. Зрэшты, у кожнага паэта адчуванне сучаснасці — сваё. У Грачанікава яно звязана з глыбінёй светапогляду, ён не ўспрымае сучаснага без мінулага, без яго героікі і ахвяр, якія выхоўваюць пачуццё адказнасці, фарміруюць маральны свет паэта.
Зборнік «Круглая плошча» адкрываўся вершам «На Палессі…»
Гэта падаюць свой голас продкі: «Добры дзень вам, нашчадкі! Добры дзень вам, зямляне!»
Паглыбляецца і ўзбагачаецца пачуццё патрыятызму, абвастраючы праніклівы лірызм, шчырасць і непасрэднасць паэтычнага выяўлення.
Сінтэз сучаснага і мінулага ў яго паэзіі абумовіў асаблівасці светаўспрымання, буйны план.
У вершы «Адведкі» паэт стварае велічны вобраз жанчыны-маці, якая пакідае родны падворак, каб «убачыць магілы пяці партызанаў-сыноў».
З мастацкага боку верш «Адведкі» вабіць здзіўляючай арганічнасцю нязмушанай сувязі, узаемаспалучанасці ўзнёслага і бытавога. На досвітку, па-святочнаму ўрачыста збіраецца маці ў свой шлях.