Аднак шляхі прагрэсу няпростыя. «Усё гучней — трывога пра зямлю, пра хлеб, і лес, і чыстую крыніцу…»
Паэзія, на думку А. Грачанікава, з’яўляецца ідэйным, маральным забеспячэннем чалавечага прагрэсу («Не сыравіна мы для руху. Хай будзе рух нам для паслуг»). Яе абавязак — мацаваць сувязь чалавека з роднай зямлёй, са стваральнай працай народа, прыродай і гісторыяй. Такая думка прачытваецца ледзьве не ў кожным творы паэта.
Р. Бярозкіна ў зборніку «Начная змена» асабліва ўзрушыў верш «Карло Каладзе». Пра гэты верш знакаміты крытык напісаў спецыяльны артыкул «Калі паэт і паэзія — тэма…» (Літаратура і мастацтва, 1978, 9 чэрвеня). Карло Каладзе, пра якога напісаны верш, — вядомы сучасны грузінскі паэт, з ім А. Грачанікаў не раз вандраваў па Грузіі.
Верш беларускага паэта праўдзіва ўзнаўляе нацыянальны свет духоўнага быцця грузінскага народа.
«Беларускі паэт, — зазначае Р. Бярозкін, — здолеў перадаць увесь уласцівы паэту грузінскаму жыццёвы аб’ём у яго нацыянальна тыповых рысах душы і прыроды, злітых разам».
Добрых, глыбокіх вершаў у А. Грачанікава шмат: «*** Так. Вечнасці вірлівая рака…», «Вам наканавана ісці далей», «*** На нейкім невядомым рубяжы…», «Пара жніва», «*** Вучуся і ў старых, і ў маладых…» Гэты рад можна прадоўжыць лепшымі вершамі са зборніка «Дрэва на выспе» (1977) — «Марозны дзень», «Чэрвеньскі ранак», «Неба і дол», «Дрэва на выспе», «Салаўіны гай», «Шлюбныя ночы», «Ёсць у жыцці…», «На зрэзе дзён маіх…», «Зоркапад…», «Рытмічны грукат электрычкі…», — што ўражваюць эмацыянальным пранікненнем у сацыяльныя калізіі часу, значнай канцэнтрацыяй думкі і ў той жа час натуральнасцю душэўнага такту, нязмушанасцю лірычнай інтанацыі.
Мяне ўзрушыў вось гэты сціплы па сваіх фарбах эцюд:
Пра што ён сведчыць — гэты надзвычай сімпатычны верш? Несумненна пра тое, што паэт арганічна далучаны да свету перажыванняў і радасцей чалавека (асабліва вясковага), што яму блізкая паэзія яго працоўнага быцця. Адчуваючы яе душой, ён умее перадаць гэтую паэзію ў вершы.
Паміж радкоў, у падтэксце, бачыцца іншае — цана чалавечай радасці, свету, якім папярэднічае нялёгкі будзень, відзён шчыры характар працаўніка, адзінства ў ім «утылітарнага» і духоўнага. «Святочны» — адзін з любімых эпітэтаў паэта.
Ёсць такое азначэнне «ціхая» паэзія. Пры ўсёй яго ўмоўнасці, гэта цэлы напрамак у сучаснай паэзіі, які можа пахваліцца такімі імёнамі, як Мікалай Рубцоў, Уладзімір Сакалоў, Анатолій Жыгулін, Станіслаў Куняеў і іншыя, чые творы адпавядаюць грамадскім патрэбам часу, сведчаць пра жыццяздольнасць класічнай паэтыкі. «Ціхасць» — прыкметна фармальна-стылёвая (калі памятаць, што форма змястоўная) рыса паэзіі А. Грачанікава, якому экспрэсІ5і мала або зусім не ўласціва. Ён сузіральна спакойны, быццам ведае нейкую асаблівую тайну жыцця.
Разам з тым ён вельмі пластычны.
Верш «Шлюбныя ночы» сваёй пластыкай і сакавітай выяўленчасцю, усёй унутранай атмасферай —
нагадаў мне выдатнае апавяданне К. Чорнага «Вераснёвыя ночы».
Выяўленчая традыцыя, якую развівае А. Грачанікаў,— псіхалагічна насычаная пластыка, непаспешлівасць апісанняў, увага да дэталяў і падрабязнасцей, сакавітасць стылю — у нацыянальным рэчышчы развіцця беларускай літаратуры.