У паэзіі шмат залежыць ад эстэтычнай і маральнай забяспечанасці. Адной выяўленчай дасканаласці мала. Трэба, каб за радком стаяла жыццё, паводзіны, лёс. Лепшыя ягоныя творы ўзнаўляюць яго ўнутраную біяграфію пакалення.
У гэтым вершы аўтар якраз і імкнецца глыбока і шматбакова асэнсаваць свае адносіны да роднай хаты, спасцігнуць іх філасофскі корань.
Думаецца, гэты верш яскрава выяўляе светапогляд паэта. У ім няма нічога ад так званага «почвенніцтва». Ёсць глыбокі роздум над сучаснасцю, любоў да Радзімы.
Паэзія А. Грачанікава ўзбагачаецца новымі рысамі народнага жыцця, духоўнага свету чалавека. Добра сказана ў яго пра партызанскія салюты: «Свінцова-цяжкім коласам тугім вы леглі ў сноп Вялікай Перамогі». Паэта хвалюе быццё народа, яго паэзія, песня: «Народ без бесні — не ўмее, народ без песні — нямее».
Інтанацыі роздуму — у многіх вершах. Аднак часам ён выступае ў празмерна агульных формах, абстрактна і ўяўна глыбакадумна. «Жыццё, жыццё! Ты не праходзіш бокам, але і не ратуеш ад бяды». Банальнасцей трэба пазбягаць. Менавіта да такой — занадта агульнай — высновы прыходзіць паэт у вершы «Народ і песні»:
Думка правільная, але, так сказаць, не на ўзроўні А. Грачанікава. Стыль верша, яго інтанацыя не спалучаліся з асобаю паэта. Думка выступае задужа спакойнай, нейтральнай.
Сённяшняя яго паэзія ўслаўляе мудры вопыт часу. Лірычны герой вяртаецца на высечаную баравую дзялянку, але без сякеры і пілы. Яму часцей, чым раней, хочацца пабыць у адзіноце, сярод прыроды, з якой у яго моцныя душэўныя сувязі, адчуванне яе першароднасці.
Адчуванне прыроды пранізвае яго лірычнае перажыванне свету, з’яўляючыся ў значнай ступені маральным арыенцірам, які дапамагае зразумець сваё месца ў свеце, знайсці ўнутраную раўнавагу. Паляшуку родам, які рос на ўлонні прыроды, яму блізкая і зразумелая «асенняя музыка траў». Прырода праясняе душу, абуджае лепшыя пачуцці, вяртае «ад мітусні да яснасці душы». Паэту не па душы голы практыцызм сучасных мяшчан. Сквапнаму свету мяшчан ён супроцьпастаўляе мудрую філасафічнасць прыроды, вясновы світанак напаўняе яго душу прадчуваннем шчасця і дабра. У яго жыве неабходнасць пакланіцца небу і зямлі — «Прырода падсілкуе і прывеціць і забярэ з сабою назаўжды».
Прырода, лес, цішыня вабяць паэта. Яму ўласціва пантэістычнае напаўненне вобразу, нават калі ён гаворыць пра сённяшнія сацыяльныя праблемы.
Значнае месца ў паэзіі А. Грачанікава займаюць касмічныя матывы, якія сведчаць пра ўзбуйненне яго сацыяльных і інтэлектуальных даляглядаў.
Касмічнае ў яго знітавана з зямным, штодзённым — адно без другога не існуе.
Апошнім часам паэт усё часцей звяртаецца да жанра паэмы. Помніцца яго паэма «Бясконцыя рэйкі» (1976), якая пачынаецца панарамай вакзальнага шматлюддзя: «Краіну, нібы ў разрэзе, заўсёды можна ўбачыць тут». Вакзалы… Ёмістае паняцце, яно пра многае гаворыць чалавеку XX стагоддзя. «Праз вас, як быццам эшалоны, прайшлі суровыя гады».
Тэма гэтая, як вядома, не новая для савецкай паэзіі. Зрэшты, у кожнага — свой вакзал…
На тым вакзале, які асабліва запомніўся паэту, цыганка спявала песню, спявала: «як умела», ад душы. Аўтар пытаецца, як магла зберагчыся, захавацца гэта песня «на скрыжаванні ўсіх эпох», сярод жыццёвай мітусні? Гэта першае пытанне, якое ён ставіць, але не спыняецца на ім, а пераходзіць да другога — «чаго мы ўсе на свеце варты?»
Жыццё, перш за ўсё сваё жыццё, паэт метафарызуе ў паняцці «магістральнай паласы», але глыбока не раскрывае яго, абмяжоўваючыся агульнымі намёкамі: «І я даваў. І мне давалі, ці гаспадар быў я, ці госць…»