Выбрать главу

Адначасова магістраль — гэта і чыгунка, дзе і паэту, і ягонаму герою некалі давялося працаваць, жыць і дружыць з сябрамі-таварышамі. Пагляд у мінулае напомніў яму маленства, гаркату блакадных дзён вайны («На ўсё жыццё ваенны час на мне свае узоры вышыў»). Паэма напоўнена пачуццём удзячнасці ўсім добрым людзям, што трапілі на жыццёвым шляху. Машыністу Яўмену, што вучыў маладых:

— Шануйце, хлопцы, зрок і слых, Больш думайце, менш гаварыце…

Словам, «Бясконцыя рэйкі» — гэта роздум аб жыцці — «мінулае і перспектыва з узростам бачацца ясней». Але твору не заўсёды стае эпічнага дыхання і дзеяння, псіхалагічнай заглыбленасці, грунтоўнасці.

Больш глыбокім творам уяўляецца мне яго паэма «Палескі трохкутнік» (1982). За фантастычнымі прыгодамі яе героя Яўхіма, які падаўся «ў госці» да іншапланецян, бачны рэальны «сюжэт» гэтай рэчы. Гаворка ідзе пра тую палескую зямлю, што месціцца ў «трохкутніку» паміж Гомелем, Лоевам і Рэчыцай. Гэта — радзіма паэта, зямля, багатая на цікавых людзей. А. Грачанікаў расказвае пра гераічную гісторыю роднага краю, пра яго непаўторнае прыроднае аблічча. Па ўсім адчуваецца, што аўтар нераўнадушны да сваіх родных мясцін, што ён ведае іх і моцна любіць. І гэта немалаважная акалічнасць плённа адбілася на стылёвым ладзе паэмы, надаўшы ёй своеасаблівай «рэгіянальнай» непаўторнасці.

Кнігі А. Грачанікава, бясспрэчна, сведчаць пра самабытны талент паэта, яго адметную індывідуальнасць і вялікія магчымасці мастацкага асваення свету. У лепшых творах паэта вабіць глыбіня і прыгажосць мастацкага слова, духоўная насычанасць, напружанасць маральнага пошуку.

Гэта — перспектыўная лінія яго творчасці.

Разгадваючы тайны быцця

(Яўгенія Янішчыц)

Паэты з’яўляюцца нечакана.

Невядомае імя — Жэня Янішчыц — пракінулася на старонках рэспубліканскага друку (а потым і выйшла за яго межы) недзе ў сярэдзіне шасцідзесятых, разам з імёнамі Алеся Разанава, Казіміра Камейшы, Леаніда Дайнекі, Юркі Голуба і іншых на той час зусім яшчэ маладых паэтаў. Толькі што ў літаратуру ўлілася магутная хваля іх папярэднікаў — Р. Барадулін, Е. Лось, Г. Бураўкін, П. Макаль, У. Караткевіч, А. Вярцінскі, Н. Гілевіч, Д. Бічэль, Ю. Свірка, М. Арочка, Я. Сіпакоў…— пакаленне, трывала змацаванае адзінствам жыццёвага вопыту, горкімі перажываннямі ваенных год, глыбінёй уражанняў, пра якія яны таленавіта расказалі ўжо ў сваіх першых кнігах. Новага ўсплёску быццам бы не прадбачылася (літаратурныя хвалі ўзнікаюць як вынік значных сацыяльных падзей і зрухаў), і тут раптам з’яўляецца новае «племя» — маладое, пакуль што незнаёмае. Праўда, на гэты раз маладыя паэты ішлі не такімі шчыльнымі радамі, як іх папярэднікі, але пэўныя спадзяванні, трэба сказаць, спраўдзілі, выбіраючы свае, нязведаныя шляхі ў літаратуры.

Над першай сваёй кніжкай — «Снежныя грамніцы» — Яўгенія Янішчыц (к таму часу яна стала з Жэні Яўгеніяй і вучылася ўжо, помніцца, на апошнім курсе універсітэта) працавала шмат і доўга. Выйшла кніга ў 1970 годзе.

Адна справа — вершы, рассыпаныя па перыёдыцы, калі сустракаеш іх час ад часу, асобна ці нізкаю, другая — калі яны сабраліся пад адну вокладку, у кнігу, тым больш першую. Гэта — істотная. Індывідуальнасць паэта праяўляецца паўней, набывае новыя якасці, правярае сваю сапраўднасць, бярэцца на іспыт. «Снежныя грамніцы» такі іспыт вытрымалі.

Першая кніга запомнілася натуральнасцю, маладосцю, а галоўнае — непрыдуманасцю пачуццяў. У ёй неяк лёгка, прыгожа і тонка адбіўся юнацкі свет паэтэсы — уражанні, хваляванні, мроі:

Ты пакліч мяне. Пазаві. Там заблудзімся ў хмельных травах. Пачынаецца ўсё з любві, Нават самая простая з’ява.

Малады голас гучаў надзвычай шчыра, арганічна:

Хаджу па нівах, па лугах азёрных, Начую летуценна ў будане І думаю, чаму мне так прасторна? І песня прылятае да мяне… Прыносіць мне дары свае дуброва — То верас, то крыніцу, то грыбок. Уліваецца, нібы ручай, у мову Палескі нетаропкі гаварок.

Тут можна было заўважыць нават пэўную сінкрэтычнасць паэтычнага пачуцця — першапачатковую як бы непадзельнасць яго на тэмы, ідэі, вобразы. Маладая паэтэса «выспеўвала» сябе, сваю непасрэднасць, успрыманне свету.

Д. Бугаёў у рэцэнзіі на «Снежныя грамніцы» трапна сказаў: «…гэта маладосць гаворыць так натуральна і свабодна, што часамі нават ствараецца ўражанне, нібы вершы Яўгеніі Янішчыц нараджаюцца як бы самі сабой» (Полымя, 1971, № б, с. 213).