Выбрать главу
Колькі па свеце схадзілі, Ператапталі бяды, Толькі дыханне Радзімы Кліча здалёку заўжды.

Аднак усё ж такі паняцце Радзімы патрабавала большай як сацыяльнай, так і духоўнай напоўненасці і асабістай акрэсленасці. Паступова гэтыя якасці з’яўляліся. Умацоўвалася асабістасць у адносінах да свету.

Цяпер паэтэса пыталася:

Хто я ў лясах тваіх, Радзіма? Радзіма, Хто я ў палях?

Што там, наперадзе — «дарога, бездараж, спакой?..» Узнікае матыў трывогі, прадчуванняў — «прыйшла ў сад, які ўвесь барвовы!..» А думала: «Прыйду ў зялёны сад…»

У «Снежных грамніцах» прысутнічаў «наіў» як адна з граняў паэтычнага. Ён не шкодзіў першым вершам. Дарэчы, паэтэса ўмела абыграць і сам «наіў», надаўшы яму пэўную эстэтычную значнасць. Захапленне жыццём, замілаванасць (праўда, без лішняга пафасу) чыталіся амаль у кожным вершы. Тут з’явіўся матыў няўпэўненасці — «як за падманам, за туманам іду павольна над ракой…». Для маладой, уражлівай душы такія адчуванні, думаецца, натуральныя. Як-ніяк, надыходзіў узрост сталасці…

Першая кніга сведчыла, што паэтэса здольная была заўважаць і некаторыя супярэчнасці навакольнага жыцця, «крыгалом бяды», чалавечы боль, драму і нават трагедыю («У бабулі Паланеі пяць сыноў і пяць магіл», або пра цётку Клаву — «на чатыры пакоі адна»). Але з цягам часу больш глыбокае ўспрыманне свету павінна было ісці поруч з больш глыбокай сацыяльнай насычанасцю вершаў.

Прыхільнікі таленту паэтэсы чакалі ад яе далейшага ўзмацнення цікавасці да таго, што называюць сапраўдным драматызмам эпохі. Адзнакі яго можна было адчуць у вершы «Жанчына мыла і маўчала…». Гаворка ў ім ішла пра ўдаву, муж якой не вярнуўся з вайны:

Жанчына чуйна ўспамінала На схіле жнівеньскага дня… Як вышыванка, расцвітала Над удавою вышыня. А заўтра рана уставаць… А заўтра зноў чаканне пошты… Яна не ведала, навошта Кашулю брала паласкаць.

Драматызм выразна выступае ў вершах-рэквіемах, прысвечаных памяці Змітрака Астапенкі, Міколы Сурначова, Лёні Якубовіча, а таксама ў такіх радках: «Як лёгка ступаць па дарозе, як цяжка праходзіць жыццё!» — гэта гучыць як вывад з перажытага.

Добры верш «Цётка Воля», у якім гаворыцца пра тыповую для нашага часу сітуацыю: павырасталі дзеці і раз’ехаліся па белым свеце, пакінуўшы родную хату, бацькоў. І засталася цётка Воля адна…

Прыкметай жыццястойкасці таленту Янішчыц з’яўляецца яе пастаянны роздум над сваім творчым шляхам: «Вельмі часта адмаўляюць апісанне як „голую эмоцыю“. І выстаўляюць на першы план паэзію думкі. Так, А. Вярцінскага і П. Макаля адносяць да „рацыянальных“, а Р. Барадуліна і В. Вярбу да „эмацыянальных“ паэтаў.

Але, прашу дараваць, усе гэтыя тэрміны дастаткова ўмоўныя. Час бярэ сваё, і нельга ўжо цяпер забывацца нам пра самае галоўнае — пра сінтэтычнасць мастацтва. Бо пачуцці або думка паасобку ніколі не змогуць даць нам цэласнага ўражання».

У «Дні вечаровым» Янішчыц больш задумваецца над сваім прызваннем, месцам у жыцці. З’яўляецца вобраз «чайкі над залівам», з якой яна параўноўвае сябе:

Я і сама паміж вятроў Уся — палёт суровы, Калі шукаю, як сяброў, Загубленыя словы.

Гэта — не поза. Якая б то ні была — поза для Янішчыц выключана. Закон яе — натуральнасць. Паэзія для яе — жыццяпіс. Працытаваныя радкі сведчаць пра шматстайнасць жыцця, сярод якога яна апынулася, пра яго супярэчлівасць, цяжкасці.

«Са мною, песня, разам пакутуй і мудрэй», — гаворыць яна ў другой сваёй кнізе. У ёй — у параўнанні з першай — шырэй тэматыка. «…Гарыць касцёр дзесь у далёкім Чылі, а іскры залятаюць да мяне».

Кола трывог пашыраецца…

Некалі ў адным з артыкулаў (пасля выхаду першай кнігі) Я. Янішчыц пісала, што «развіццё паэзіі цесна звязана з ростам асобы, з яе духоўна-асабістым пачаткам. І паэзія нараджаецца тады, калі ў душы самога творцы адбываецца значны духоўны пераварот…»

Сказана шчыра і правільна.

Дорачы мне некалі першую сваю кнігу «Снежныя грамніцы», Жэня Янішчыц напісала на першай старонцы: «Успомніце калі-небудзь, як палеская Ясельда выходзіць са сваіх берагоў…» Калі гэты вобраз дастасаваць да творчага шляху паэтэсы, то можна сказаць, што Ясельда выйшла з берагоў не ў першай кнізе і не ў другой, а ў трэцяй, якая так і завецца — «Ясельда». Справа, вядома, не ў назве.

«Ясельда» — гэта адчуванне прастору, якое ўвесь час расло ў лірыцы Янішчыц, вяртанне — на новым вітку жыццёвага вопыту — на «кругі свае».