Выбрать главу

Знешне паэтэса хоча паказацца вельмі спакойнай (лірызм яе ніколі не быў задужа тэмпераментны). Але ў зборніку «Ясельда» павялічыліся, на мой погляд, духоўная запоўненасць верша, лірыка-драматычны падтэкст: «Прывяла песня на губах ці не таму, што знала страты?..» Паэтэса глыбей заглядвае ў чалавечую душу, імкнецца ўзняцца над «стратамі», горнецца да людзей.

Унутрана блізкім ёй становіцца стары Салавей (з аднайменнага верша) з яго спакойнай думай:

Што хутка снег пакрые паплавы, Скуе мароз загоны да астатку, І каб на зіму скошанай травы Хапіла ўдосталь маладому статку.

І хай гэтым радкам не стае сацыяльнага тэмпераменту, абвостранасці, яны сведчаць, што ход думак ідзе плённым шляхам.

У паэзію паэтэсы ўваходзяць лёсы аднавяскоўцаў. Яе ўвагу прыцягнула жыццё Усцінні, што адна гадуе дачку і не верыць у здраду мужа. У першай кнізе маладая паэтэса прызнавалася: «Не шукаю гаманлівай славы і вучуся сціпласці ў кабет». Цяпер яна напісала цудоўную «Баладу вернасці», прысвечаную вясковым жанчынам.

Да вас бяжыць знаёмая дарога, Да вас вязу няпэўны свой настрой. А вы адкуль з такою дабрынёй І да мяне, і да майго малога?

Праўдзівыя, нявыдуманыя пачуцці, нязмушаныя, шчырыя рухі душы…

Некалі ў самых першых вершах загучала тэма кахання — вельмі пяшчотная, інтымная. Яна атрымала працяг ў «Дні вечаровыя», «Ясельдзе». Адзін з удзельнікаў нядаўняй дыскусіі «Паэзія і свет», якая вялася на старонках «Литературной газеты», гаворачы пра тэму кахання ў сучаснай лірыцы, заўважыў, што гэта — адна з рэдкіх тэм сённяшняй паэзіі, што цікавасць да яе паслабла. Паэзія Янішчыц даказвае адваротнае. Асабліва ў зборніку «Ясельда».

У «Ясельдзе» сэрца гераіні ахоплена каханнем:

Дай бог з табою мне не сустракацца, Застанься там,                      на беразе,                                     дзе мы Яшчэ не ўмеем нават цалавацца, Не адчуваем холаду зімы.

Сёння лірычнае пачуццё Яўгеніі Янішчыц стала больш складаным і шматгранным, набліжаным да складанасці самога жыцця.

У вершах пра каханне жыве «жаночая памяць сэрца». Сярод іх ёсць прыклады паўнакроўнай лірыкі — хвалюючай і драматычнай:

Няпраўда, ужо не сумую, Але, затуманіўшы зрок, На ўсіх скрыжаваннях раўную Твой голас, твой позірк, твой крок. Блакітам поўняцца яблыкі Славянскіх адкрытых вачэй. Мне сёння любіць безаглядна Высокая выпала чэсць. Да смагі, да хрусту, да болю, Да самай апошняй з мінут Іду і бягу за табою, Зрываючы путы пакут. О божа, няпраўда, што свята У мяне засталося на чвэрць, Я сёння настолькі багата, Што ўжо не баюся збяднець!

Але не ўсе інтымныя вершы такія. У некаторых пачуццё выступае збедненым, адналінейным — гэта асабліва там, дзе гераіня гаворыць пра сваё расчараванне, пра няспраўджаныя надзеі. Трэба быць вышэй.

Крытыка заўсёды называла талент Янішчыц шматабяцальным. Сёння мы можам сказаць: многія абяцанні спраўдзіліся.

І для Яўгеніі Янішчыц наступіла пара падрахункаў і справаздач. Ранейшая яе гераіня, з якой мы пазнаёміліся ў «Снежных грамніцах» — бесклапотнае дзіцё, — знікла беспаваротна. Жыццё пачынаецца нанова. Узмацняецца маральнае, грамадзянскае стаўленне да рэчаіснасці.

Лірызм набывае характар нарысавасці ў лепшым значэнні гэтага паняцця — у значэнні дакладнасці малюнка і істотнасці таго, што паэтэса хоча сказаць. Прывяду верш «Сінін» (Сінін — назва палескай вёскі).

Тут, дзякуй богу, ўсе здаровы: Калі прывык хварэць калгас! …На красавіцкі луг карова Вядзе цялятка ў першы клас. Дзівуецца                зямляк з-за мора На незвычайны ў вёсцы план, Дзе ў кожнай хаце па шасцёра Малых і шустрых сінічай. А вёска з попелу ўваскрэсла — Пад Сініном Сінін крычыць. Ды за бяседнай чаркай песня Яшчэ з-пад кораня гучыць. Нясе учэпіста вядзерца ў малой руцэ даярчын сын. …Не прывядзі разбіць мне сэрца Аб немату тваю, Сінін!

У «Ясельдзе» шмат выдатных вершаў — «Балада вернасці», «Марыля», «Бацькава дарога», «Вёсцы», «Спыню свой крок…», «Апавяданне пра жытнёвы сноп», «Ясельда», «Не дакарала, не журыла…» і іншых — з уласцівай для іх шырокай заглыбленасцю, калі не абмінаюцца супярэчнасці, складанасці, праблемы жыцця, калі сваё арганічна сінтэзуецца з агульным, выпрабоўваецца ім.