Выбрать главу

Дасягненні, якімі была адзначана «Ясельда», замацаваліся ў новым зборніку лірыкі «На беразе пляча» — 1980 год. Ён сведчыць, што цікавасць да чалавечых лёсаў у паэтэсы паглыбілася. Яна ўмее заўважыць і ацаніць унутраную прыгажосць чалавека.

Цяжкія ў Матроны Зрок, галава, Слязу аброніць — Жухне трава. Глухая да песні, Матрона пяе: «Куды ж вас панесла, Сыночкі мае?»

З вершаў Я. Янішчыц паўстае ўнутраны свет сучаснай жанчыны, яе любоў да жыцця, працавітасць, шчасце мацярынства, хараство і дабрыня. Яе паэзія шматструнная, у ёй знаходзім плённае зліццё самых шматстайных імгненняў, з якіх складваецца наша жыццё.

«І дзякуй лёсу, — гаварыла паэтэса ў адным з нядаўніх інтэрв’ю, — што, прыглядаючыся да краю свайго, да людзей, непазбежна ловіш сябе на думцы аб супярэчлівых тайнах быцця».

Станаўленне паэтэсы працягваецца. Ёсць падставы верыць у яе новыя поспехі.

Замест заключэння

Гарыць вогнішча…

Далёка не ўсе постаці тых, хто знаходзіцца вакол яго, адлюстраваліся ў гэтай кнізе. Варта было б расказаць і пра Сцяпана Гаўрусёва, Алега Лойку, Міколу Арочку, Дануту Бічэль-Загнетаву, Рамана Тармолу, Уладзіміра Паўлава, Веру Вярбу, Кастуся Цвірку, Янку Сіпакова і пра многіх іншых. Аднак і тыя, з кім мы тут сустрэліся, сведчаць, што паэзія рухаецца шырокім фронтам творчых пошукаў, што яна надзвычай разнастайная.

Н. Гілевіч вельмі дасціпна пісаў на гэты конт: «Наша беларуская паэзія мне ўяўляецца нашым жа беларускім лесам, дзе вельмі хораша і зусім натуральна суседнічаюць усе пароды дрэў, што растуць адвеку на гэтай зямлі, на берагах Дняпра і Сожа, Немана і Буга, Дзвіны і Віліі, Прыпяці і Пцічы, Бярэзіны і Гайны, Свіслачы і Шчары…» (Літаратура і. мастацтва, 1969, 18 ліпеня).

Сацыялізм мае патрэбу ў такіх развітых мастацкіх індывідуальнасцях. Буржуазныя літаратуразнаўцы нярэдка папракаюць нас тым, што быццам бы савецкая літаратура надта аднастайная, прыземленая, пазбаўленая вялікіх пазнавальных і эстэтычных магчымасцей. Паэзія пераконвае, што гэта не так, што творчыя патэнцыі савецкага мастацкага слова значныя, што ўдзельная вага творчай індывідуальнасці ў літаратуры надзвычай вырасла.

Аснову творчай індывідуальнасці паэта складае яскрава выяўлены лірычны характар, непаўторная чалавечая асоба. Яго ўплыў увесь час узрастае.

Пафас літаратуры — пазнанне чалавека. З гэтым звязаны яе сённяшнія дасягненні.

На пачатку XX ст. Я. Ф. Карскі, характарызуючы тагачасную беларускую паэзію, справядліва зазначыў, што ёй «яшчэ шмат застаецца зрабіць для абмалёўкі асобы з народа: нідзе не выяўлена ўсебакова душа беларуса. Чытач спытае, які ў яго маральны воблік, які пераважна ў яго характар, нават якое ў яго светаўспрыняцце, якімі ідэаламі ён жыве, як ён глядзіць на такую таямніцу назва якой жыццё».

На ўсе гэтыя пытанні наша паэзія паступова адказвае. Быў час, перыяд 20-30-х, нават 40-х гадоў, калі наша паэзія (і не толькі беларуская) несла на сабе некаторы адбітак аскетызму. Героі часта былі безуважлівыя да ўсяго таго, што называюць асабістым жыццём, бо вырашалі праблемы куды больш сур’ёзныя і першачарговыя. Сёння мы пераадолелі тыя гаспадарчыя цяжкасці, якія турбавалі краіну 30–40 гадоў назад, дасягнулі немалых поспехаў у задавальненні народных патрэб. Узняўся жыццёвы ўзровень савецкага чалавека, а разам з ім і запатрабаванні. Развіты сацыялізм паставіў у цэнтр грамадскага жыцця чалавечую асобу ў дыялектыцы яе ўзаемаадносін з грамадствам. Растуць духоўна-маральныя патрэбы чалавека — гэта аб’ектыўны працэс, які выяўляе тую заканамернасць сталага сацыялізма, што знайшла адлюстраванне ў новай Канстытуцыі СССР: «У адпаведнасці з камуністычным ідэалам „Свабоднае развіццё кожнага ёсць умова свабоднага развіцця ўсіх“ дзяржава ставіць сваёй мэтай пашырэнне рэальных магчымасцей для прымянення грамадзянамі сваіх творчых сіл, здольнасцей і дараванняў, для ўсебаковага развіцця асобы».

Для пісьменніка зразумець чалавечую асобу — значыць наблізіцца да разумення грамадства ў цэлым. Асабовы пачатак жывіць творчасць паэтаў.

Сёння, відаць, кожнаму літаратару стала ясна, што росквіт творчай індывідуальнасці немагчымы без страснага маральнага пошуку, спавядальнасці, без свайго — асабістага — адкрыцця агульнай ідэі часу.

У творчасці паэтаў сярэдняга пакалення адбываюцца працэсы насычэння сацыяльнымі матывамі, якія ўсё арганічней становяцца іх асабістымі перажываннямі. Падзейнасць страціла тую ролю, якую яна адыгрывала пятнаццаць — дваццаць год назад: душэўнае жыццё паэта выяўляе сябе больш непасрэдна, адкрыта.