Выбрать главу

Інтэнсіфікацыю лірычнага перажывання, давер да асабістага знаходзім таксама ў інтымнай лірыцы гэтага часу. Яна аказваецца ўнутрана вельмі ёмістай, каб перадаць радасць жыцця і прагу чалавека да маральнай дасканаласці.

Інтэлектуальныя магчымасці сучаснай асобы растуць. Паэзія роздуму якраз і з’яўляецца яркім праяўленнем інтэлектуальнага жыцця савецкага народа.

«Высокае імкненне мысліць у вершах, — зазначае А. Міхайлаў,— становіцца характэрнаю рысай творчага сталення. Што б там ні казалі і ні пісалі наконт інтэлектуалізму яго праціўнікі, але гэта асаблівасць духоўнага жыцця нашага грамадства ў наш час праяўляецца ў любой сферы дзейнасці. Калі ў буржуазным грамадстве інтэлектуалізм носіць элітны характар, а ў дэмакратычных „нізах“ насаджваецца антыінтэлектуалізм, то атмасфера жыцця ў нашым грамадстве ўсяляк садзейнічае інтэлектуальнаму ўзбагачэнню кожнага чалавека. Лірыка філасофскага роздуму — толькі адно з праяўленняў інтэлектуальнага жыцця савецкага грамадства» (Литературная газета, 1970, 24 чэрвеня).

Філасафічнасць у паэзіі не азначае разрыву з эмацыянальнасцю. Жывыя чалавечыя эмоцыі заўсёды ў ёй прысутнічаюць. Адначасова паэзія з’яўляецца адным са сведчанняў светапогляднай шырыні сацыяльна-грамадскіх даляглядаў мастацкага бачання.

Узмацненне маральнага пафасу, імкненне спасцігнуць праўду жыцця дапамагаюць вастрэй ставіць асабовую праблематыку. Паэзія аналізуе чалавека, яго сутнасць. Для яе ўласціва ўсё большае заглыбленне ў псіхалагічны «мікрасвет» чалавека. Паэзія пранікае ўсё глыбей у асобу, а праз яе — у сутнасць часу. Асоба, такім чынам, выступае як своеасаблівы інструмент паэтычнага выяўлення рэчаіснасці. «Нам перадаць імкнецца час усе свае прыкметы, пакуль пад сонцам круціць нас ганчарны круг планеты» (Р. Барадулін).

70-я гады — перыяд ускладнення, драматызацыі лірычнага адчування свету, павелічэння ёмістасці паэтычнага перажывання, якое ўключае ў сябе новыя універсальныя супярэчнасці часу. Чалавек, грамадства, прырода, гісторыя — менавіта ў сферы гэтых, ёмістых з’яў і паняццяў сучасная літаратура шукае сваю праблематыку.

Крыніцы ўзбагачэння мастацкага вопыту чалавека разнастайныя. «Коленая эпоха, — сцвярджаў французскі мастак Маціс, — непазбежна прыносіць з сабой сваё разуменне святла, сваё асаблівае адчуванне прасторы. Наша цывілізацыя нават тым, хто ніколі не рабіў самалётаў, надала новае разуменне неба, адчуванне працягласці прасторы».

А змены сацыяльныя? Хіба яны слаба ўплываюць на мастака? Пра лексіку кажуць, што яна першы паказчык, «лакмусавая папера», ўсялякіх змен, якія адбываюцца ў паэзіі. Ды гэта, відаць, і сапраўды так. Ужо адно параўнанне мовы сучасных беларускіх паэтаў з паэтычным маўленнем пачатку стагоддзя сведчыць пра значнасць пройдзенага шляху. Сімвалам беларускага жыцця-быцця некалі былі (у тым ліку і ў паэзіі) «саха», «каса», «лучына». На змену ім прыйшлі «трактар», «нафта», «транзістар». За два апошнія дзесяцігоддзі ў паэзію ўвайшло шмат новых слоў і паняццяў: касманаўт, кібернетыка, біясфера, генетыка, міжпланетная станцыя, многія навуковыя тэрміны — з хіміі, фізікі, біялогіі і г. д. У 60-я гады ў літаратуру, у вершы, улілася новая лексіка — мова вуліцы, народная стыхія, якая несла з сабой «пах жыцця», яго водар.

У сучаснай паэзіі, і не толькі ў творах, пра якія ідзе размова ў гэтай кнізе, адчуваецца старажытная традыцыя — дух сівых эпох, язычніцтва.

Жывая сувязь яднае гэта пакаленне з традыцыямі Я. Купалы, яго эстэтыкай і паэтыкай.

Перасыпаю сонечны пясок, Вучуся простай шчырасці                                  ў Купалы. На кросенцах,              дзе гукі не ступалі, Сную, не дыхаючы, паясок.
(Д. Бічэль-Загнетава)

Выдатны савецкі літаратуразнаўца Міхаіл Бахцін адзначаў, што «твор мастацтва не можа жыць у будучых стагоддзях, калі ён не ўвабраў у сябе неяк і мінулыя стагоддзі. Калі б ён нарадзіўся ўвесь суцэльна сёння (гэта значыць, у сваёй сучаснасці), не працягваў бы мінулага і не быў бы з ім істотна звязаны, ён не мог бы жыць і ў будучым. Усё, што належыць толькі цяперашняму, памірае разам з ім».

Думка, выказаная М. Бахціным, мае вялікае метадалагічнае значэнне для асэнсавання заканамернасцей развіцця ўсёй літаратуры. У 60-я гады некаторым здавалася, што прагрэсіўны рух паэзіі звязаны з распадам традыцыйнай вершаванай формы і ўсталяваннем свабоднага верша — верлібра. Час паказаў, што ў паэзіі могуць творча суіснаваць, спаборнічаць розныя тыпы верша. Ясна адно: жыць без паэзіі нельга.