З гэтым, нам здаецца, і звязана тое новае, чым ён узбагаціў сучасную беларускую паэзію.
Імкненне да дакладнасці пачуцця адбіваецца ў мове. Слова паэта становіцца «плынным» (выраз Л. М. Талстога): «цені неданесеных штыхоў», «густая медзь з галін сцякае», «бярозавае святло» ці, яшчэ больш нечакана, — «сухое святло». У яго з’яўляецца такое, скажам, параўнанне: «Ідуць наўпрост мінуты і секунды, як сотні радавых на маршы дня». У другім выпадку: «Куды спяшаюцца дажджоў калоны, не зведаўшы дарог і перапраў?» Засяроджанасць на былым не азначае ні тэматычнай вузкасці, ні адсутнасці, як мы ўжо казалі, сувязі з сучаснасцю. Наадварот, яго паэзія актыўна фарміруе светапогляд сучасніка:
Асацыятыўны свет паэта шырокі, ён глыбока карэніцца ў роднай зямлі і звязаны з сённяшнім днём. Але мерка ваеннага часу — калі справа ідзе пра чалавечае сумленне — застаецца. Вайна са сваім трагізмам і героікай, драматызмам і самаахвярнасцю фармавала жыццеўспрыняцце паэта і шмат у чым вызначыла яго погляд на рэчы. Яго лірычны характар — характар гераічны, бескампрамісны, гатовы на самаахвяраванне ў імя людзей і ясыцця. А. Пысін быў вельмі патрабавальны да тых, хто піша пра вайну. Вайна, заўважае ён, увайшла ў беларускую паэзію «палатамі мінёраў», «бязбацькавічамі», спляценнем жахлівых, трагічных сітуацый. Пра яе нельга пісаць «з лёгкасцю», як гэта робяць некаторыя. Яго вершы даносяць да нас франтоў «няроўнае дыханне», драматызм і героіку салдацкіх лёсаў, як, напрыклад, у вершы пра лётчыка, які не дацягнуў да сваіх і згарэў у сорак першым «на жалезным кастры самалёта». Згарэў, загінуў, застаўся, можна сказаць, невядомым… І паэт намаганнем душы і памяці ўваскрашае ягоны подзвіг, перадае нашчадкам грамадзянскую самаахвярнасць і боль страты…
А. Пысін, як, мабыць, ніхто з яго калег — сучасных паэтаў, умеў выключна праўдзіва і дакладна маляваць ваенныя будні. Адзін з лепшых на гэту тэму — верш «Асвейскія ручнікі». Пярэдні край, ірвуцца варожыя снарады…
Адкуль тут вышытыя ручнікі? Мо гэта толькі паэтычная метафара? Не, так было ў жыцці:
І далей:
Вайна — супраць прыгажосці, гасціннасці, хлеба і працы. Вайна — трагедыя чалавецтва — і пра гэта нельга забываць.
Паэзія А. Пысіна вызначаецца пільнай увагай да чалавека, да яго боляў, клопатаў, трывог. У адным з вершаў ён прыгадвае, як байцы, вярнуўшыся з вайны, аддавалі маткам бушлаты: «У зялёным, нібыта салдаты, і касілі, і жалі яны». Але не ўсе дачакаліся сваіх бушлатаў:
Нярэдка карыстаючыся бытавым матэрыялам, паэт заўсёды ўзнімаецца над бытам: думка А. Пысіна духоўна ёмістая. Р. Бярозкін цікава пісаў пра яго ў сувязі з творчасцю савецкіх паэтаў ваеннага пакалення, — у прыватнасці, С. Арлова:
«У Сяргея Арлова ёсць шырокавядомы верш пра салдата: „Положен парень в шар земной, как будто в мавзолей…“ Пойдзем за дзёрзкай, неардынарнай вобразнай логікай Пысіна: ён доўга чакаў, каб і гэты салдат, і многія, многія іншыя пакінулі, як яно скрозь бывае ў класічных баладах, свае „маўзалеі“-магілы і ў задымленых шынялях, пры ўсім рыштунку і зброі, нават з паходнай кухняй у „ар’ергардзе“, не раз і не два абагнулі зямлю.
І каб мы, жывыя, змаглі іх непамерную мужнасць, пакуты і мары разгледзець ужо не так, як раней (равы, варонкі, бліндажы) — ва ўсім аб’ёме, у супрацьстаянні і раўнавазе „структурных“ сіл і элементаў свету, як фактар ледзь не касмічны» (у кнізе: Аляксей Пысін. Выбраныя творы ў двух тамах, т. І, с. 7–8).