Загінуўшыя працягваюць стаяць на варце міру, на варце будучыні. Абавязак перад імі і любоў да жывых мыслілася Аляксеем Пысіным як адно непадзельнае цэлае. Ён быў упэўнены, што тыя, каго сягоння ўжо няма з намі, узмацняюць нашу маральную адказнасць. «Усё прымаю, усё цаню па праву пабрацімства мёртвых і жывых», — гаварыў ён у адным з вершаў. І гэта не проста звонкія словы, а важная грань светаўспрымання паэта, праяўленне яго душэўнай актыўнасці.
У нарысе «Вышыня майго камбата», прысвечаным любімаму камандзіру, капітану М. С. Гальпіну, што здзейсніў подзвіг пры ўзяцці вышыні і загінуў смерцю героя, ён пісаў: «Тры дзесяцігоддзі мінула з часу майго апошняга развітання з камбатам. А ён жыве ў памяці маёй. Бачу капітана Гальпіна, бачу вышыню капітана Гальпіна, якую мы, яго радавыя, можам лічыць і сваёй. Зноў іду да гэтай вышыні.
Вайна тады рушыла далей, за вышыню, і туды ж пайшла наша перамога. Там — дзесьці за вышынёй — усё наступнае наша жыццё, усё, што намі зроблена, створана, праспявана, ды і самі мы, сённяшнія. І ёсць патрэба яшчэ і яшчэ раз узысці на гэтую вышыню; з яе лепей бачыцца наша мінулае і наша будучае» («Маладосць», 1974, № 6, с. 167).
Маральная патрабавальнасць і духоўнае багацце вельмі ўласцівы кнізе Аляксея Пысіна «Да людзей ідучы» (1972).
Чэснасць і сумленнасць ён заўсёды быў гатоў вымяраць меркай ваеннага часу.
Вастрыня маральнага стаўлення да жыцця спараджае і вечную незадаволенасць самім сабою: «крычу, здаецца, а маўчу; спяшаюся, — а ўсё на месцы, раблю не тое, што хачу, і не магу бяду адвесці», «самых блізкіх дакараю, са зласліўцамі міруся». Вайна для Пысіна не толькі і сёння вызначае маральна-этычныя нормы, але і абумоўлівае патрабаванні да паэтычнага слова: «У бой не бралі халастых патронаў. Рознакаляровыя ўспышкі франтавых ракет былі патрэбны для баявых сігналаў…»
Лірычнае «я» не патрабуе ад паэта, каб ён абавязкова абапіраўся на дакументальна-дакладныя, анкетныя падрабязнасці сваёй біяграфіі. Унутранае жыццё паэта ці яго героя нярэдка знаходзіць выяўленне ў фактах па-забіяграфічных, якія, аднак, садзейнічаюць стварэнню цэласнага вобраза. Тут вельмі важная маральная факусіроўка. Справа ў тым, што для паэта-лірыка «расказаць» абавязкова азначае «спазнаць самому», гэта значыць, перажыць. Гэтага правіла цвёрда трымаўся А. Пысін, і на гэтай аснове павялічвалася духоўная ёмістасць яго лірыкі.
«Паэт адной тэмы» — сказала пра яго беларуская крытыка (Ф. Яфімаў). Тут ёсць, вядома, перабольшанне, але, калі тэму разумець як усёабдымную ўнутраную ідэю (а ў Пысіна яна праяўляецца глыбока знутры), то з крытыкай спрачацца не даводзіцца. Пысіну сапраўды падуладны самыя тонкія адценні душэўнага стану і самаадчування асобы.
Рэзкае ўзмацненне ідэйнай і мастацкай ролі аўтарскага «я» прыводзіла да таго, што нярэдка асабісты лёс мастака станавіўся «сюжэтам» твора. І ў фарміраванні сюжэта дзейсны ўдзел бярэ пачуццё, перажыванне.
Тут спалучыліся ў адно і лёс і адказнасць нашага старэйшага сучасніка. Вось тут якраз і можна гаварыць пра наяўнасць у паэта яго ўнутранай тэмы. Нездарма пра паэзію Пысіна гавораць, што яна — на ўзроўні чалавечых паводзін.
Зборніку вершаў «Ёсць на свеце мой алень» (1978) суджана было стаць апошняй прыжыццёвай кнігай паэта. Зборнік «Палёт» выйшаў пасля яго смерці — у 1982-м.
Бываюць вершы празрыстыя, як тая рачулка, у якой адразу бачыш дно і можаш нават палічыць каменьчыкі. Яны мілыя ў сваёй празрыстасці і яснасці і нават вабяць гэтымі сваімі якасцямі. Бываюць вершы другога парадку — глыбейшыя, шматзначныя, насычаныя шматмернаю думкай. І гэта адна з абавязковых, незаменных уласцівасцей сапраўднай паэзіі — яе невычарпальнасць. У добрым вершы не відаць дна, а мастацкі вобраз нельга вычарпаць, ён, так сказаць, не перасыхае, сам асвяжае яго змест.
Пушкін сказаў пра Баратынскага: «Ён у нас арыгінальны, таму што мысліць». Самае галоўнае ўражанне ад апошніх кніг А. Пысіна — актывізацыя яго паэтычнага мыслення, яшчэ большая заглыбленасць у рэчаіснасць. Перажыванне робіцца па-сапраўднаму аналітычным, больш і больш спавядальным, арганічна звязаным з усім тым, што давялося зазнаць на жыццёвых дарогах.