Выбрать главу

– Хто ж гэта? – пытаецца пан Ігнацы, і твар яго моцна чырванее.

– Ці ты ўжо забыў мяне, стары?.. – ціха і павольна адказвае госць.

Пан Ігнацы бянтэжыцца яшчэ болей. Ён уладкоўвае на нос пенснэ, якое адразу спадае, потым выцягвае з-пад ложка падобны да труны футарал, спехам хавае туды гітару і кладзе на свой ложак.

Тым часам госць ужо зняў сваё доўгае футра і авечую шапку, а аднавокі Ір, абнюхаўшы яго, пачынае махаць хвастом, лашчыцца і з радасным скавытаннем церціся яму аб ногі.

Пан Ігнацы падыходзіць да госця ўзрушаны і згорблены больш, чым калі.

– Здаецца мне... – кажа ён, паціраючы рукі, – здаецца мне, што маю прыемнасць…

Потым вядзе госця да вакна, прыглядаецца міргаючы…

– Стась… Божа мілы!..

Б’е яго ў шырокія грудзі, паціскае яму і правую, і левую руку, і, нарэшце, паклаўшы на яго стрыжаную галаву далонь, ён выконвае такі рух, нібы хацеў бы ўцерці яму мазь у цемя.

– Ха-ха-ха! – смяецца пан Ігнацы. – Стась уласнаю персонаю… Стась з вайны!.. Што ж гэта, толькі зараз успомніў, што маеш краму і сяброў? – кажа ён і дае таму кухталя. – Хай мяне д’яблы забяруць, калі не падобны ты да жаўнера ці да марака, а зусім не да купца… Восем месяцаў не быў у краме!.. Якія грудзі… які лоб…

Госць таксама смяяўся. Ён абняў Ігнацы і некалькі разоў горача пацалаваў яго ў абедзве шчакі, якія стары крамнік па чарзе падстаўляў яму, сам, аднак, не адказваючы пацалункамі.

– Ну, што ў цябе чуваць, стары? – запытаўся госць. – Схуднеў, збляднеў…

– Наадварот, трохі раздабрэў.

– Пасівеў… Як жа ты?

– Цудоўна. І ў краме справы някепскія, трохі павялічыліся ў нас абароты. У студзені і лютым нагандлявалі мы на дваццаць пяць тысяч рублёў… Стась каханы!.. Восем месяцаў не было яго дома… Драбяза… Можа, сядзеш?

– Вядома, – адказаў госць, уладкоўваючыся на канапе, на якую адразу ж ускочыў Ір і паклаў галаву яму на калені.

Пан Ігнацы падсунуў сабе крэсла.

– Можа з’ясі чаго? У мяне ёсць шынка і трохі ікры.

– Хіба так.

– Можа, вып’еш? У мяне ёсць пляшка някепскага венгерскага, але толькі адзін цэлы кілішак.

– Буду піць са шклянкі, – адказаў госць.

Пан Ігнацы затупаў па пакоі, па чарзе адчыняючы шафу, куфэрак і шуфлядкі.

Дастаў віно і схаваў яго назад, потым паклаў на стол шынку і некалькі булак. Рукі і павекі ў яго дрыжалі, і мінула досыць часу, пакуль ён супакоіўся настолькі, каб сабраць разам папярэдне пералічаныя запасы. Толькі кілішак віна вярнуў яму душэўную раўнавагу, якая моцна было пахіснулася.

Вакульскі тым часам еў.

– Ну, што новага? – сказаў ужо спакайней пан Ігнацы, торгаючы госця ў калена.

– Як я разумею, ты пра палітыку? – перапытаў Вакульскі. – Будзе мір.

– А навошта ўзбройваецца Аўстрыя?

– Узбройваецца за шэсцьдзясят мільёнаў гульдэнаў?.. Хоча захапіць Боснію і Герцагавіну.

Ігнацы вырачыў вочы.

– Аўстрыя хоча захапіць?.. – паўтарыў ён. – Чаму?..

– Чаму? – усміхнуўся Вакульскі. – Таму што Турцыя не можа ёй гэтага забараніць.

– А што ж Англія?

– Англія таксама атрымае кампенсацыю.

– За кошт Турцыі?

– Вядома. Слабейшыя заўсёды расплочваюцца за канфлікты паміж моцнымі.

– А справядлівасць? – выбухнуў Ігнацы.

– Справядлівасць у тым, што моцныя яшчэ больш убіраюцца ў сілу і растуць, а слабыя гінуць. Іначай свет ператварыўся б у інвалідны дом, што, уласна, і было б несправядлівасцю.

Ігнацы пасунуўся разам з крэслам.

– І гэта кажаш ты, Стасю?.. Сур’ёзна, без жартаў?

Вакульскі спакойна паглядзеў на яго.

– Я кажу. Што ж у гэтым дзіўнага? Ці ж не тое самае права стасуецца да мяне, да цябе, да нас усіх?.. Занадта шмат плакаў я па сабе, каб расчульвацца па Турцыі.

Пан Ігнацы апусціў вочы і змоўк. Вакульскі еў.

– Ну, а як твае справы? – запытаў Жэцкі ўжо звычайным тонам.

У Вакульскага бліснулі вочы. Ён паклаў булку і абапёрся на парэнчу канапы.

– Памятаеш, – сказаў ён, – колькі я ўзяў грошай, калі з’язджаў адсюль?

– Трыццаць тысяч рублёў, усю гатоўку.

– А як мяркуеш: колькі я прывёз?

– Пяцьдзя… тысяч сорак… Адгадаў?.. – спытаў Жэцкі, няўпэўнена пазіраючы на яго.

Вакульскі наліў сабе шклянку віна і павольна выпіў.

– Дзвесце пяцьдзясят тысяч рублёў, пры гэтым вялікая частка ў золаце, – адказаў ён цвёрда. – І гэта не ўсё, бо я распарадзіўся купляць каштоўныя паперы, якія пасля заключэння міру прадам, дык буду мець яшчэ трыста тысяч рублёў…

Жэцкі нахіліўся да яго і хацеў было нешта сказаць.

– Не бойся, – працягваў Вакульскі. – Капейчыну гэту я зарабіў сумленна, нават цяжка і вельмі цяжка. Увесь сакрэт у тым, што меў я багатага кампаньёна і задавальняўся ў чатыры, у пяць разоў меншым зыскам, чым іншыя. Дык мой капітал пастаянна рос і быў у няспынным руху. Ну і, – дадаў ён праз хвіліну, – мне, да таго ж, шалёна шанцавала… Як гульцу, якому дзесяць раз запар выпадае той сам нумар у рулетцы. Гульня на вялікія грошы?.. Амаль кожны месяц я рызыкаваў усім, што меў, і кожны дзень – жыццём.