– І толькі дзеля гэтага ты ездзіў туды? – запытаўся Ігнацы.
Вакульскі зірнуў на яго іранічна.
– А ты хацеў, каб я стаў турэцкім Валенродам[49]?..
– Рызыкаваць дзеля маёнтка, калі маеш забяспечаны кавалак хлеба!.. – прамармытаў пан Ігнацы, ківаючы галавою і падымаючы бровы.
Вакульскага перасмыкнула ад гневу, і ён сарваўся з канапы.
– Гэтым забяспечаным хлебам, – казаў ён, сціскаючы кулакі, – я душыўся шэсць гадоў!.. Ці ты ўжо не памятаеш, колькі разоў на дзень нагадвалі мне пра два пакаленні Мінцляў або пра анёльскую дабрыню маёй жонкі? Ці быў хто, апроч цябе, сярод больш ці менш знаёмых мне людзей, хто не абражаў бы мяне словам, рухам ці хоць бы позіркам? Колькі раз казалі пра мяне, і ледзьве не мне самому ў вочы, што я жыву з жончынай ласкі, што ўсё маю дзякуючы працы Мінцляў, і нічога – але ж нічога! – дзякуючы ўласнай энергіі, хоць гэта я адратаваў тую крамку, падвоіў яе даходы…
Мінцлі, адны Мінцлі!.. Сёння няхай параўнаюць мяне з Мінцлямі. Сам, адзін, за паўгода я зарабіў у дзесяць разоў больш, чым два пакаленні Мінцляў за паўстагоддзя. Каб здабыць тое, што я здабыў паміж куляю, нажом ды тыфам, тысяча Мінцляў мусіла пацець у сваіх крамках і каўпаках. Цяпер я ўжо ведаю, колькіх Мінцляў я варты, і Богам клянуся, дзеля такога выніку і другі раз згуляў бы ў гэтую гульню! Лепш буду рызыкаваць банкруцтвам і жыццём, чым рассыпацца ў падзяках перад тымі, хто купляе ў мяне парасоны, або кідацца ў ногі за тое, што нехта мае ласку набываць у маёй краме ватэрклазеты…
– Такі, як і быў заўсёды! – ціха прамовіў Ігнацы.
Вакульскі схамянуўся. Ён узяў Ігнацы за плячо і, зазіраючы яму ў вочы, лагодна спытаў:
– Не гневаешся, стары?
– За што? Хіба я не ведаю, што воўк не будзе пільнаваць авечак… Вядома…
– Што ж у вас чуваць? Апавядзі мне.
– Акурат тое, што я пісаў табе ў рапартах. Справы ідуць добра, тавараў стала больш і яшчэ больш замоўлена. Трэба яшчэ аднаго крамніка.
– Возьмем дваіх, краму пашырым, будзе цудоўная.
– Драбяза!
Вакульскі скасавурыўся на яго і ўсміхнуўся, бо ўбачыў, што да старога вярнуўся добры настрой.
– А што ў горадзе чуваць? У краме, пакуль ты на месцы, усё будзе добра.
– У горадзе...
– Нікога з даўніх пакупнікоў мы не страцілі? – перапыніў яго Вакульскі і хутчэй захадзіў па пакоі.
– Нікога! Новыя з’явіліся.
– А… а…
Вакульскі спыніўся, нібы вагаючыся. Наліў зноў шклянку віна і выпіў яе адным махам.
– А Ленцкі купляе ў нас?..
– Часцей бярэ ў крэдыт.
– Дык бярэ... – тут Вакульскі з палёгкаю ўздыхнуў. – Як у яго справы?
– Здаецца, ён скончаны банкрут, хіба, нарэшце, пойдзе з аўкцыёну сёлета яго камяніца.
Вакульскі схіліўся над канапаю і пачаў бавіцца з Ірам.
– Бач ты… А панна Ленцкая замуж не выйшла?
– Не.
– І не выходзіць?
– Моцна сумняюся. Хто зараз ажэніцца з паннаю, у якой гэткія вымаганні і ніякага пасагу? Састарэе, хоць і прыгожая. Вядома…
Вакульскі ўстаў і пацягнуўся. На ягоным суровым твары з’явіўся дзіўны выраз расчуленасці.
– Стары, мой ты каханы! – сказаў ён і ўзяў Ігнацы за руку, – мой добры стары дружа! Ты нават не здагадваешся, які я шчаслівы, што бачу цябе, ды яшчэ ў гэтым пакоі. Памятаеш, колькі я прабавіў тут вечароў і начэй… як ты карміў мяне… як аддаваў мне лепшае з свайго адзення… Памятаеш?
Жэцкі ўважліва паглядзеў на яго і падумаў, што віно, мусіць, было добрае, што аж так развязала язык Вакульскаму.
Вакульскі сеў на канапу і, абапёршыся галавою аб сцяну, гаварыў, нібы сам сабе:
– Ты не ўяўляеш, што я выцерпеў, здалёк ад усіх, няпэўны, ці ўбачу ўжо каго, так страшэнна самотны. Бо бачыш, найгоршая самотнасць не тая, што вакол чалавека, а пустка ў ім самім, калі не забраў ён з сабою з роднага краю ані цёплага позірку, ані сардэчнага слоўца, ані нават іскрынкі надзеі…
Пан Ігнацы паварушыўся на крэсле з намерам запратэставаць.
– Дазволь табе нагадаць, – сказаў ён, – што напачатку пісаў я лісты вельмі зычлівыя, сапраўды, можа, нават занадта сентыментальныя. Але твае кароткія адказы расчаравалі мяне.
– Ці ж я на цябе наракаю?
– Не можаш наракаць і на іншых працаўнікоў, бо яны не ведаюць цябе, як я.
Вакульскі спахапіўся.
49